Юбілей Казіміра Сваяка ў Камаях

14:21 / 21.05.2010
12719

“Трэцяга жніўня прыехаў на свой вікарыят у Камаі. Беларусь шчырая. Навет разгаварыцца іначай трудна. Касьцёл падобны да нейкай крэпасьці з сярэдніх вякоў. Пробашч чалавек залаты. …Наагул здаецца, што тут дрэнна ня будзе. Працы ёсць. Адна бяда: ня маю, дзе сваіх кніжкаў падзець. Трохі цесна. Але іначай быць ня можа. Трэба прывыкнуць…”
Гэты запіс у сваім дзённіку Казімір Сваяк зрабіў 5 жніўня 1915 года – праз два дні пасля прыезду на першае месца сваёй святарскай службы ў Камайскі касцёл Яна Хрысціцеля.
Лепш і сказаць цяжка, сапраўды. І касцёл – як сярэднявечная крэпасць, і Беларусь – шчырая, глыбокая, сапраўдная, і людзі асаблівыя – з той рэдкай для беларусаў пароды, што паважаюць сваё і не саромеюцца сваёй беларускасці.





– Вось тут, на гэтым месцы, роўна 95 гадоў таму стаяў малады вікарый Канстанцін Стэповіч, – такімі словамі распачаў імшу, прысвечаную 120-й гадавіне святара і паэта Казіміра Сваяка, сённяшні пробашч Камайскага касцёла ксёндз Яцэк Хутман. – Маліўся разам з парафіянамі. І да іх звычайных жыццёвых просьбаў дадаваў сваю запаветную: каб Беларус адважыўся размаўляць з Богам на роднай мове.
Гарачую малітву ксяндза Стэповіча Бог пачуў – прынамсі, у Камайскім касцёле набажэнства адбываецца па-беларуску: чытаецца Евангелле, адмаўляюцца малітвы, спяваюцца псалмы і песні. Як, пэўна, радуецца душа святара-паэта, бачачы, што яго праца дала плён! Няхай сабе не ў родным Клюшчанскім касцёле, да якога яго думкі, дзе б ён ні быў, ляцелі імклівымі ластаўкамі, пра лёс якога ён трызніў нават на смяротным ложку – галоўнае, што яго надзея наогул прарасла, закаласілася, дае ўраджай. Што людзі ўпэўніліся: Бог выслухоўвае іх малітвы і па-беларуску.
Кожнаму народу Гасподзь, як бясцэнны дарунак, даў мову – каб любілі яе і паважалі. Каб на ёй прызнаваліся ў каханні, складалі вершы, спявалі, маліліся… І адрачыся ад мовы – абразіць Бога. Паставіць пад сумненне створанае Ім.
Камайцы не адракліся. І цяжка сказаць, чыёй тут заслугі больш – ксяндза Хутмана ці саміх парафіян. Зрэшты, гэта няважна – галоўнае, што мова ў парафіі квітнее. І таму, напэўна, імша ў гэтым касцёле іскрыцца асаблівай – да салёнага камяка ў горле – шчырасцю.






Перад самым пачаткам службы пробашч аб’явіў, што ўдзел у ёй прымае дэлегацыя з Астравеччыны на чале з Віктарам Збігневічам Свілам. А пасля “спаўнення ахвяры” папярэдзіў, што далей адбудзецца імправізаваная канферэнцыя.
І вось тут для нас наступіў момант ісціны. Справа ў тым, што нядаўна падобныя канферэнцыі прайшлі ў касцёлах Астравеччыны, і ў кожным з іх (за выключэннем тых, дзе канферэнцыя адбывалася да імшы або ў яе сярэдзіне) асноўная маса людзей тут жа пакідала храм – спяшаліся на аўтобус, у магазін, па нейкіх сваіх справах… Мы ўспрымалі гэта нармальна – у касцёле заставаліся тыя, каму цікава. А зацікаўленым хочацца расказваць…
Пасля аб’яўлення пачатку канферэнцыі Камайскі касцёл пакінула адна жанчына, і то толькі таму, што ў яе на руках было дзіця. Усе астатнія засталіся і слухалі нашы словы ў абсалютнай цішыні. З той увагай і суперажываннем, якія адчуваеш, нават не гледзячы на прысутных. Уступнае слова сказала загадчыца Спондаўскай бібліятэкі Іаланта Валуевіч. Далей аўтарка гэтага артыкула расказала аб ушанаванні памяці Казіміра Сваяка ў дзень яго нараджэння на могілках Роса, краязнаўца Алесь Яўгенавіч Юркойць прачытаў некалькі вершаў святара-паэта і вытрымкі з яго дзённіка “Дзея маёй мысьлі…”. Людміла Іванаўна Кухарэвіч, самадзейны паэт і кампазітар, праспявала некалькі ўласных песень на словы Янкі Быліны і Казіміра Сваяка (раманс “Не чаруй”). З заключным словам выступіў Віктар Збігневіч Свіла. Ён падзякаваў і пробашчу касцёла, і яго парафіянам за неабыякавасць і павагу, з якой яны ставяцца да Канстанціна Стэповіча, за шчырасць сумеснай малітвы, расказаў аб тым, якая работа па ўшанаванню памяці святара-паэта праводзіцца ў нашым раёне, запрасіў прысутных на святкаванне 120-ай гадавіны з дня нараджэння Казіміра Сваяка, якое адбудзецца ў верасні.
…А потым загучаў звон. Яго густыя глыбокія гукі магутнай хваляй паплылі над квітнеючымі камайскімі садамі, і вясёлае яркае сонца насуперак самым змрочным прагнозам метэаролагаў упала на зямлю мірыядамі маленькіх сонейкаў-дзьмухаўцоў – усё ў гонар Сваяка, святара, паэта, філосафа, палымянага патрыёта – цудоўнага светлага чалавека, якога нарадзіла НАША зямля! І ад гэтай думкі на душы стала яшчэ радасней…
Падчас абеду, на які і нас, і іншых гасцей, і частку парафіян запрасіў пробашч, размова ішла зноў жа пра Сваяка. А распачалі яе дзве настаўніцы з Нарачы. Адна з іх, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Ірына Шнітоўская, расказала, што аднойчы ёй трапіўся верш Казіміра Сваяка “Не чаруй” і так спадабаўся, што настаўніца вырашыла пазнаёміцца з біяграфіяй невядомага ёй аўтара. Вынікам гэтага інтарэсу сталі дзве манаграфіі пра Казіміра Сваяка і сур’ёзнае захапленне яго творчасцю.
Пасмялела, захапіўшыся агульнай гутаркай, і Святлана Міхайлаўна Буланава, супрацоўніца Кямелішкаўскага лясніцтва і актыўная прапагандыстка роднай мовы (ад выступлення ў касцёле яна адмовілася наадрэз) – расказала пра сваю работу на ніве прапаганды беларускай мовы, падзялілася ўражаннямі ад творчасці Казіміра Сваяка.
Потым ксёндз Яцэк павёў нас ў местачковы парк – параіцца, у якім месцы лепш паставіць стэлу ў гонар слынных асоб, якія нарадзіліся або працавалі ў Камаях. На ёй будзе напісана і імя Казіміра Сваяка…

Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений