Што знайшлі археолагі ля рэчкі Кавалёўка?

14:32 / 19.05.2010

Калі Зоя Анатольеўна Харытановіч, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, назвала раскопкі ля рэчкі Кавалёўка выратаваннем, я спачатку прыняў гэта за вобразны выраз. Дарэмна. Аказваецца, ёсць у археалогіі такі від даследавання, які так і называецца – выратавальныя раскопкі. Да іх прыбягаюць, адклаўшы падчас больш важныя сравы, дзеля таго, каб выратаваць археалагічны помнік ад далейшага разбурэння. Невялікі мыс ля астравецкай рачулкі, дзе восенню навукоўцы знайшлі прыкметы старажытнага селішча, якраз і напаткае такі незайздросны лёс. Неўзабаве побач з ім з’явіцца новы мікрараён. А акурат па самому селішчу пройдзе пешаходны мосцік. Каб мінуўшчына не была страчана назаўсёды, сюды тэрмінова і прыехалі гісторыкі.


Яшчэ падчас размовы з Вадзімам Леанідавічам Лакізам, начальнікам аддзела археалогіі названага вышэй інстытута, я шчыра захапіўся ўменнем археолагаў вось так, з нічога, на пустым месцы, адшукаць нешта надзвычай цікавае і каштоўнае. Хадзілі, ездзілі мы па гэтаму мосціку неаднойчы, садзілі агароды – і ведаць не ведалі, што зусім побач знаходзіцца старажытнае селішча. Таму, прыехаўшы на месца раскопак, адразу і задаў Зоі Анатольеўне хвалюючае мяне пытанне…
— А як вы выявілі гэта месца? Не пальцам жа ў неба, дакладней, у зямлю тыцнулі?
— А вы паглядзіце навокал, -- хітравата ўсміхнулася мая субяседніца, -- прыгажосць вакол якая!
Я кінуў абыякавы погляд у бок Астраўца: труба нержавеющая кацельні, безаблічныя пяціпавярхоўкі, прыватны сектар… Вось яшчэ – прыгажосць! І толькі потым звярнуў увагу на тое, што было літаральна ля самых ног, – шырокая пойма рэчкі, старажытнае рэчышча, тэрасы, якія спускаюцца да самага краю Кавалёўкі. Няўжо стагоддзі назад рэчка была такой магутнай, што здолела зрабіць усю гэту працу?
— Нашы продкі не былі дурнямі, – працягвае між тым Зоя Анатольеўна. – Выбіралі для жыцця месцы не толькі зручныя, натуральна ўмацаваныя, але і прыгожыя! Таму гэта месца восенню нам падалося вельмі перспектыўным. Тады тут раслі ялінкі, травы ўжо амаль не было, і мы, проста пахадзіўшы, тут знайшлі безліч матэрыялу: рэшткі керамікі, пячной кафлі. А выкарыстаўшы металадэтэктар, адшукалі і некалькі манет. Цяпер жа вярнуліся сюды, каб правесці больш грунтоўнае археалагічнае вывучэнне.
— І з чаго пачалася ваша праца?
— Першым чынам абазначылі месца раскопу – прыкладна сто квадратных метраў, затым разбілі яго на квадраты – два на два метры – і пачалі раскопкі культурнага слою пластамі па 20 сантыметраў.
Увогуле, трэба прызнаць, раскопкі – справа не з лёгкіх. Яно і зразумела: пры ўсёй асалодзе ад прадчування сутыкнення з мінуўшчынай, адкрыцця нечага новага гэта, па сутнасці, банальнае і малапрывабнае капанне. Руцінная работа. Фізічна цяжкая і зусім нецікавая. Ды яшчэ на сонцы, на ветры, які ганяе хмары пылу. Не жаночая, карацей, справа. Аднак займаюцца гэтай работай менавіта жанчыны – мая субяседніца, якая на некалькі хвілін дзеля размовы адклала ўбок рыдлёўку, Марыя Іванаўна Ткачова – таксама супрацоўніца Інстытута гісторыі, і добраахвотны “валанцёр” з астравецкага боку – Вольга Тадэвушаўна Лябецкая, настаўніца і кіраўнік музея гімназіі № 1. Побач з імі “дакранаюцца да мінулага” школьнікі з гімназіі і СШ №1.
— Прымусілі? – задаю ім правакацыйнае пытанне.
— Не! – ледзь не хорам адказваюць мне юныя археолагі. Яны прыходзяць сюды штодзень пасля ўрокаў, каб дапамагчы навукоўцам і самім бліжэй спазнаць гісторыю роднага горада.
Дарэчы, на раскопках дзейнічае і няхітрая сістэма “матэрыяльнага” стымулявання. Кожны дзень за кожную нават самую дробную знаходку дзецям ўручаецца прыз – шакаладка. Зрэшты, і без яе кожны, хто тут працуе, да сваіх абавязкаў адносіцца вельмі сур’ёзна. Час ад часу да кіраўніка падбягае нехта з рабят і з надзеяй у вачах дэманструе чарговы артэфакт, узняты з зямных недраў. У асноўным гэта рэшткі керамікі. На некаторых бачны фабрычныя клеймы яшчэ царскіх часоў.
— Згодна са старажытнымі картамі на гэтым месцы яшчэ ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя існаваў хутар Трацінішкі, – тлумачыць Зоя Анатольеўна. – Таму культурны слой гэтага месца нельга назваць некранутым. Ён неаднойчы пераворваўся. Пазней тут саджалі агароды. Таму і трапляюцца знаходкі, якія можна аднесці да розных эпох — ад ХVІІ стагоддзя і да ХХ. А сёння мы знайшлі крэмневую пласцінку, якую вырабілі людзі яшчэ ў эпоху каменнага веку. Калі далейшымі каменнымі знаходкамі наша здагадка аб існаванні на гэтым месцы пасялення каменнага веку пацвердзіцца – будзем вельмі рады. Пакуль на тэрыторыі Астравеччыны вядома толькі адно мезалітычнае пасяленне (сярэднекаменнага веку – Э.С.), адкрытае Міхасём Чарняўскім.
Што тычыцца самай маленькай знаходкі, то першынство тут за невялікім жалезным ключыкам велічынёй усяго ў некалькі міліметраў. Нават цяжка ўявіць, для якога замочка яго можна было выкарыстоўваць. Няйначай, жыў тут некалі і свой Ляўша! А можа, прыгожая дзяўчына зачыняла гэтым ключыкам свой медальён? Толькі вось што ў ім было – назаўсёды застанецца тайнай.
І гэты ключык, і ўсе іншыя знаходкі археолагаў з часам зоймуць сваё месца ў Астравецкім краязнаўчым музеі. Такі парадак, такое правіла. Дзякуючы археолагам папоўніўся не адзін краязнаўчы музей Беларусі.
— Кожны горад, раён павінен мець уласны краязнаўчы музей. Гэта – прэстыжна, ганарова. Гэта прыкмета павагі да ўласнай гісторыі. Тым больш, што наперадзе раскопкі старажытнага паселішча – гарадзішча ля вёскі Гуры. Восенню мы зрабілі там шурфаванне і на плошчы метр на два знайшлі больш за тры сотні знаходак! Гэта вельмі многа. Гэты археалагічны помнік унікальны. Па-першае, захаваўся амаль у першазданным выглядзе, амаль не падвергся ўздзеянню чалавека ў пазнейшыя перыяды. А па-другое, знаходзіцца побач з дарогай і таму, пры разумным падыходзе да справы, можа стаць выдатнай інтэрактыўнай кропкай турыстычнага маршруту, дзе ў наведвальнікаў з’явіцца магчымасць не толькі нешта ўбачыць, а і ўявіць сябе на месцы старажытных людзей, паспрабаваць узняцца на горку, зразумець, чаго тое каштавала людзям у сярэдневяковай вайсковай амуніцыі са шчытом і мячом у руках… І не трэба будзе пасля такога “штурму” тлумачыць, чаму ў сівую даўніну сяліліся на такіх узвышаных месцах!
Зараз у спецыялістаў Інстытута гісторыі аналітычны этап даследавання. Усе знаходкі неабходна элементарна пачысціць і памыць, навукова апрацаваць і зрабіць высновы. З яе мы даведаемся аб часе, у якім існавала селішча, спосабах вытворчасці, занятках людзей, якія тут жылі… Праўда, і на самім раскопе работы яшчэ да канца не завершаны. Перад ад’ездам навукоўцы натыкнуліся на нешта кшталту склепа. А значыць, кропку ў гэтым даследаванні пакуль ставіць рана. Будзем чакаць новых знаходак і новых адкрыццяў!
Адзінае, чаго хацелася б пажадаць – дык гэта больш актыўнага ўдзелу ў археалагічных раскопках астраўчан – школьнікаў, моладзі, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый… Колькі б ні дзякавалі археолагі гаспадарам за аказаную дапамогу, шчыра кажучы, рук на раскопе не хапае. Час абмежаваны, а паспець трэба многае.
Пакуль жа за ўсіх землякоў археалагічны “воз” цягне толькі 8 “Б” клас гімназіі ды некалькі вучняў СШ № 1. Падтрымка, што і казаць, добрая і патрэбная, але яўна недастатковая.


Эдуард ІВАНАЎ.