У чаканні Божага Нараджэння....

17:35 / 10.12.2010
9573

Адвэнт – гэта радасны пост. Час чакання самага вялікага на свеце цуду – нараджэння Божага Дзіцяці, якое ў сваіх маленькіх далоньках прынесла чалавецтву касмічных памераў Надзею. Хрыстос нарадзіўся, і бяссільным стала спрадвечнае “вока за вока, зуб за зуб” – яму на змену прыйшла неверагодная, немагчымая, незразумелая з нашага абывацельскага пункту гледжання Любоў да кожнага без выключэння чалавека, нават да закаранелага грэшніка, ад якога грамадства з пагардай даўно адвярнулася. Да кожнага, хто “…па вобразу і падабенству…”.


Дык хіба ж варта апранацца ў чорнае? На гэта яшчэ прыйдзе свой час. Грахамі і бязвер’ем прыб’ём Божага Сына да ганебнага Крыжа, а потым апамятаемся – і пакаленне за пакаленнем зноў і зноў будзем пасыпаць уласныя галовы попелам раскаяння. Грашыць і пасыпацца. У надзеі атрымаць дараванне. І імя гэтай Надзеі – Езус.
Сэнс жа адвэнту ў чаканні. У актыўнай падрыхтоўцы да сустрэчы.
Калі ў сям’і чакаюць дзіця, да яго з’яўлення на свет рыхтуюцца загадзя: наводзяць парадак у доме, купляюць пялюшкі і распашонкі, назапашваюць прысмакі, каб пачаставаць тых, хто прыйдзе наведаць малога. Канешне, да радаснага нецярпення прымешваецца і трывога (хоць бы ўсё прайшло нармальна!), але радасці несуразмерна больш.
Сям’я, якая падчас адвэнту чакае нараджэння Немаўляці, – усё чалавецтва. Кожны чалавек імкнецца ў гэтыя дні навесці парадак не толькі ў доме – у самым сабе: сваіх думках, учынках, словах. Назапасіць добрыя справы. Ачысціць душу – найлепш ля спавядніцы.  Памаліцца, каб Божае Дзіця нарадзілася ў кожным з нас. Далучыць да ззяння Віфлеемскай зоркі маленькае святло сваёй свечкі.
Менавіта ў гэтым сэнс раратаў – у далучэнні агеньчыка свайго сэрца, сям’і, дома да агульнага полымя, да агульнай малітвы, да веры – адной на ўсіх. А яшчэ ў пераадоленні саміх сябе, уласнай ляноты.
Напэўна, Божаму Немаўляці лягчэй прыходзіць на свет, калі дарогу Яму асвятляюць мільёны раратніх знічак.


Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений