Адраджаецца даўнейшая традыцыя

15:42 / 13.07.2010
10575

У лепшых даўнейшых традыцыях святкаваліся сёлета імяніны астравецкага праваслаўнага храма ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла. Хаця свята прыпала на рабочы дзень, на ўрачыстае богаслужэнне сабралася многа вернікаў не толькі з нашага раёна – прыбыла яшчэ група паломнікаў з Ліды.


Літургію адслужылі благачынны Астравецкага раёна іерэй Георгій Савіцкі і настаяцель царквы ў імя прарока Іллі вёскі Альхоўка іерэй Вячаслаў Шасцітка. Вернікі абышлі Крыжовым ходам з абразамі, харугвамі, песнапеннямі і чытаннем Евангелля вакол храма, памаліліся ля магілы першага яго настаяцеля – нядаўна памёршага протаіерэя Паўла Варановіча.
Святочны настрой астраўчан раздзялілі воіны-пагранічнікі – проста на газоне побач з храмам паставілі брызентавы шацёр і разгарнулі палявую кухню. Пасля богаслужэння па даўняй добрай традыцыі адбылася сумесная трапеза, якую блаславілі бацюшкі. Салдацкая каша з тушонкай аказалася духмянай і сытнай! Не засталіся ў баку і самі прыхаджане – адна гаспадыня прыгатавала бутэрброды, другая напякла вельмі смачных піражкоў, трэцяя паклапацілася аб салодкіх пачастунках...
А галоўнае, такая вось сяброўская бяседа памагла прыхаджанам адчуць сябе адной вялікай сям’ёй, згуртаванай у храме Божым, з Госпадам у сэрцы.

Таіса СЯМЁНАВА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений