Адпачынак выхаванцаў Нядзельнай школы
У прыходзе храма святых апосталаў Пятра і Паўла г. Астраўца стала традыцыяй кожнае лета арганізоўваць адпачынак выхаванцаў Нядзельнай школы ў праваслаўным палатачным летніку. Звычайна да іх далучаецца адна або некалькі шматдзетных сем’яў з Мінска.
І сёлета напачатку жніўня дружная кампанія дзяцей і дарослых на тры дні «засяліла» маляўнічы бераг рэчкі Страчы. Яны жылі ва ўтульных зручных палатках, купаліся, хадзілі на рыбалку, плавалі на байдарцы. Кожны дзень пачынаўся і заканчваўся малітвай разам з айцом Георгіем Савіцкім.
А яшчэ насельнікі летніка прымалі высокага госця – правячага архіерэя епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя. Сустракалі Праасвяшчэннейшага песнямі і вершамі, а затым ля вогнішча расказвалі пра лагер і пра сябе. На развітанне Уладыка Парфірый пажадаў, каб адпачынак прынёс карысць душы і целу, каб дзеці і выхавацелі атрымалі духоўную благадаць і незабыўныя ўражанні.
Таіса СЯМЁНАВА,
Фота протаіерэя Георгія САВІЦКАГА.