Поляк освобождал Беларусь: история жизни одного бойца
17:00 / 12.05.2024
Сцяпан Паляк
– Гэта наш зямляк, ён жыў у Малых Свіранах, пахаваны на кемелішкаўскіх могілках, – расказвае загадчык клуба Алёна Якубцэвіч.
На жаль, знайсці родных Паляка не атрымалася, аднак пашчасціла пагутарыць з вяскоўцамі, якія яго ведалі. Знайшліся і архіўныя дакументы – з якіх мы з Алёнай даведаліся пра некаторыя факты мірнай і баявой біяграфіі ветэрана.
Так, Сцяпан Раманавіч нарадзіўся 26 снежня 1912 года ў в. Трацаўшчына, што на Бягомльшчыне, у сялянскай сям’і.
Да вайны атрымаў чатыры класы адукацыі. Адвучыўся на трактарыста ў Бягомльскай машынна-трактарнай станцыі – і працаваў ім да прызыву ў войска. З 1934 па 1936 гады адслужыў у Чырвонай арміі, дзе скончыў Тамбоўскую палкавую школу кавалерыстаў. Дэмабілізаваўся з пасады памочніка камандзіра ўзвода. Вярнуўся ў родную вёску, дзе ўладкаваўся на работу ў калгас «Іскра Сацыялізму» трактарыстам. Пазней адвучыўся ў Чэрыкаве на курсах шафёраў.
Быў удзельнікам вызвалення Заходняй Беларусі з верасня 1939 года па верасень 1940-га – ваяваў у складзе 855-га стралковага палка 100-й стралковай дывізіі… А потым для сяржанта
Паляка пачалася ваенная гісторыя яго жыцця: Вялікая Айчынная, яго прызвалі шафёрам 25 чэрвеня 1941 года.
Неўзабаве – 2 ліпеня 1941-га – Сцяпан Раманавіч трапіў у нямецкі палон, адкуль яму ўдалося ўцячы.
У партызаны Паляк пайшоў у студзені 1943 года. Нашага земляка спярша прызначылі камандзірам аддзялення, а праз паўгода – камандзірам узвода асобнага атрада Суслава.
За час службы ў партызанскім атрадзе Сцяпан Раманавіч атрымаў шмат заахвочванняў ад камандавання – і гэта нядзіўна, бо, мяркуючы па паслужным спісе, Паляк быў адважным байцом і выдатным стратэгам.
Вось як характарызавалі падначаленага камандзір і камісар атрада Суслаў і Мартыненка: «кроме хороших его боевых качеств он обладает хорошими организаторскими способностями.
Любит бойца, дорожит каждым бойцом, за что бойцы уважают его. Когда для него бой выгоден, он принимает, а если не выгоден – то незаметно отходит».
У студзені 1944-га, пасля паспяховага выканання чарговых заданняў па разгроме гарнізона праціўніка і варожых групіровак, старшага сяржанта Паляка прадстаўляюць да ўзнагароджання медалём «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені.
Узнагародны на Паляка С.Р. да ордэна Славы
А ў жніўні таго ж года камандаванне атрада, апісаўшы найбольш важныя баявыя эпізоды з удзелам камандзіра ўзвода, хадайнічае аб узнагароджанні яго ордэнам Славы ІІІ ступені: Сцяпан Раманавіч удзельнік засады на новай базе брыгады Жалязняк у бягомльскіх лясах, разгрому нямецкага гарнізона, бою з батальёнам праціўніка; яго ўзвод нанёс паражэнне варожай групіроўцы ў вёсцы Радзюшы Свірскага раёна (сёння гэта тэрыторыя Астравеччыны. – Заўв. аўт.), знішчыў шмат чыгуначнага палатна на ўчастку Вільня-Лынтупы падчас «рэйкавай вайны»… Ордэн Славы былы партызан атрымае праз чатыры гады: Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР выйдзе 30 снежня 1948 года.Мяркуючы па дакументальных звестках, пасля вызвалення Беларусі Сцяпан Паляк асеў на Свіршчыне Маладзечанскай вобласці. (Пасля расфарміравання раёна частка зямель увайшла ў склад Астравецкага – у тым ліку тая мясцовасць, дзе жыў наш народны мсцівец.)
Кемелишковские ветераны войны (на фото слева направо): 1-й ряд: ГАРАВСКИЙ Пётр Степанович, ПОЛЯК Степан Романович, ЧЕРВИНСКИЙ Антон Иванович, МИНКЕВИЧ Иосиф Вацлавович. 2-й ряд: МАЛЫШ Александр Иванович, ЕМЕЛЬЯН Иосиф Брониславович, ЯНКОЙТЬ Бронислав Адамович, ГЛАВИНСКИЙ Мечислав Константинович, СОЛОВЕЙ Виктор Иосифович.
– Сцяпан Раманавіч працаваў брыгадзірам у саўгасе «Кемелішкі». Я дзеўчанём была, калі ён памёр. Запомнілася яго пахаванне: жалобная працэсія ішла па вуліцы, неслі падушачкі з узнагародамі ветэрана, іграў аркестр… – узгадвае Людміла Валынец.– Я на Астравеччыну прыехаў у 1970-м годзе, Сцяпан Раманавіч ужо тут рабіў. З ім працавалі разам у калгасе, – гаворыць Віктар Кіба. –Ведаю, што ён партызаніў у вайну ён, што ў свой час узначальваў сельсавет… У Сцяпана і Марыі Палякаў было трое дзяцей: дочкі Аляксандра і Ніна і сын Валодзя… Родных тут у Раманавіча не засталося, але яго магіла не закінутая – я даглядаю.
Сцяпан Паляк пражыў 73 гады, не стала былога партызана ў 1985-м.
А памяць пра салдата Вялікай Айчыннай жыве: у фотаздымках, архіўных дакументах, успамінах аднавяскоўцаў. Зберагуць яе і старонкі нашай газеты, каб не забылі нашчадкі Герояў Вялікай Перамогі, якія падарылі нам свабоднае і мірнае жыццё!