Славілі у песнях Перамогу і Беларусь

18:45 / 09.05.2024


Вялікую частку праграмы святкавання Дня Перамогі ў Астраўцы занялі канцэрты.

Пра тое што яны прыйшліся даспадобы гледачам, сведчылі не толькі поўнасцю занятыя лаўкі летняга амфітэатра, але і тое, што шмат людзей назіралі за выступленнямі стоячы. Кожны з гасцей свята – дзіцё, падлетак, дарослы, пажылы – знайшоў рэпертуар сябе па густу. Тым больш што гучалі тут і песні, якія аднолькава дарагія кожнаму пакаленню, бо яны пра цяжкую вайну і Вялікую Перамогу, пра квітнеючую Беларусь.

Творчыя калектывы ўстаноў культуры раёна падрыхтавалі тэатралізаваную пастаноўку, якую суправаджалі вакальныя і танцавальныя нумары. Разам з артыстамі гледачы «прайшлі» шлях ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны да Перамогі, суперажываючы героям прадстаўлення і, магчыма, успамінаючы расповеды сваіх бацькоў-дзядуляў-бабуляў пра цяжкія гады ліхалецця.



Памяць пра вялікі подзвіг продкаў надзейна захоўваецца сучасным пакаленнем. Унукі і праўнукі абаронцаў Айчыны выступілі з патрыятычнымі,  шчымліва-эмацыянальнымі і сучаснымі нумарамі. Асабліва кранальна глядзелася сцэна пра дзяцей вайны – думаецца, самы стрыманы чалавек з цяжкасцю стрымліваў слёзы. А як пранікнёна гучалі дзіцячыя галасы ў песні-закліку «Дети Земли», просячы міру, што, пэўна, у кожнага дарослага ў думках трымалася толькі адно: мы павінны зрабіць, каб так і было.

На змену творчым нумарам прадстаўнікоў устаноў адукацыі прыйшлі выступленні ўсімі любімых народных ансамбляў народнай песні «Кемяліна» і «Світанак». Гледачы для іх не жалелі ні далоняў, ні голасу, каб аддзячыць за душэўныя і цудоўныя песні апладысментамі і крыкамі «Брава!».

Увазе гледачоў таксама прапанавалі і артыстаў-гасцей. Так, вечарам астраўчан чакаюць рэтра-вумэн трыа «Розовые розы», народны вакальны ансамбль «Белы Птах», кавер-гурт Cosa Nostra. У 22.00 запрашаюць на дыскатэку, якая працягнецца да апоўначы. #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ 




Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова