Выстава ваеннай тэхнікі, салдацкая каша, выступленне кіналагічнай службы сабралі астраўчан на пляцоўцы ля “Імпульса”
Разабраць і сабраць аўтамат, адчуць сябе сапраўдным выратавальнікам, пагладзіць чатырохлапага гадаванца кінолага, даведацца, якая тэхніка ёсць на ўзбраенні нашых ваенных, – гэта і многае іншае можна было зрабіць 9 Мая на аўтамабільнай стаянцы насупраць спартыўна-аздараўленчага комплексу “Імпульс”.
Ужо стала добрай традыцыяй, што падчас святкавання Дня Перамогі размешчаныя на тэрыторыі нашага раёна ваенныя часці і сілавыя структуры ладзяць выставы тэхнікі, а таксама запрашаюць усіх ахвочых пакаштаваць палявую кашу і юшку.
Для дзяцей астравецкія выратавальнікі арганізавалі адразу некалькі тэматычных зон. У адной можна было “патэлефанаваць” у службу МНС, прымерыць каску і даведацца пра асноўныя правілы паводзін дома, на вуліцы і на вадаёме.
У другой лакацыі хлопчыкам і дзяўчынкам прапаноўвалі адчуць сябе “ўладаром гары”. Трэба было ўзяць вышыню і не страціць раўнавагу, зразумела, што ахвочых з дапамогай спецыяльнага абсталявання страхавалі прафесіяналы. Некаторыя настолькі высока ўзбіраліся (у тым ліку і дзяўчынкі!), што падумалася: расце добрая змена нашым пажарным.
Шматлюдна было і на пляцоўцы з ваеннай зброяй. Утварылася цэлая чарга жадаючых сабраць і разабраць аўтамат, пасядзець за рулём ваеннай тэхнікі ці “асядлаць” сапраўдны БТР. Калі яшчэ надасца такая нагода!
Нікога раўнадушным не пакінула паказальнае выступленне кіналагічнай службы вайсковай часці 7434. Больш таго, пакорлівых і паслухмяных сабак можна было пагладзіць.
На працягу ўсяго дня пляцоўка ля “Імпульса” не пуставала ні хвіліны. #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ