Напярэдадні Дня Перамогі астраўчане ўшанавалі памяць загінулых у Гудагаі і Дайноўцы

15:00 / 08.05.2024


З Астраўца ў Гудагай на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама Іванан Карнілам рушыла аўтакалона з прадстаўнікамі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і тых, хто проста не мог у гэты дзень не аддаць даніну памяці ахвярам вайны… У паветры над аўтамабілямі луналі, як сімвал незалежнасці і свабоды нашай краіны, беларускія сцягі. 

У Гудагаі ля брацкай магілы ганаровую варту неслі пагранічнікі, піянеры, вучні ваенна-патрыятычнага класа і мясцовыя жыхары.

Мітынг распачаўся з гімна  Рэспублікі Беларусь. Гледзячы на дзяцей, якія гучна і дружна вымаўлялі “мы беларусы, мірныя людзі”, злавіла сябе на думцы, што ў нас падрастаюць сапраўдныя патрыёты…


– Дзень Перамогі наш народ будзе адзначаць заўсёды. Гэта не проста дата ў календары, а знакавы дзень, які будзе аб’ядноўваць не адно пакаленне беларусаў, – звярнуўся да прысутных Іван Карніла. – Гэта свята натхняе нас на новыя дасягненні і дапамагае, прераадольваючы цяжкасці, упэўнена крочыць наперад. У гэтым годзе мы адзначаем 80-гадовы юбілей вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Упэўнены, што ў сэрцы кожнага гэта знакавая падзея знайшла водгук. Сімвалічна сказаў наш Прэзідэнт, што Беларусь – гэта суцэльны помнік тым падзеям. Дарагія землякі, ад усёй душы віншую вас з Днём Перамогі! Няхай вайна ніколі не дакранецца да нашых лёсаў і нашай зямлі.


Пасля хвіліны маўчання да абеліска лёг не адзін дзясятак жывых кветак.

Нездарма кажуць, што вайна не скончыцца тады, пакуль не будзе пахаваны апошні салдат ці мірная ахвяра. Яскравым пацвярджэннем таго, што беларусы памятаюць пра генацыд і робяць усё магчымае, каб аднавіць дагэтуль невядомыя факты, з’яўляецца брацкая магіла непадалёк ад вёскі Дайноўкі, дзе пахаваны расстраляныя ў 1941 годзе мірныя жыхары цыганскай нацыянальнасці. Некалькі гадоў таму дзякуючы раённай пракуратуры, пошукаваму батальёну і праведзеным раскопкам і судова-медыцынскай экспертызе ўстанавілі, што менавіта тут загінулі ад фашысцкіх куль ні ў чым не вінаватыя людзі. У 2023 годзе адбылося перазахаванне астанкаў.




– Генацыд – гэта адна з самых жорскіх палітык фашыстаў. Ні адна нацыя не мае права лічыць сябе лепшай за іншых. У Беларусі, у тым ліку на Астравеччыне, фашысты жорстка забівалі мірнае насельніцтва толькі за тое, што яно было іншай нацыянальнасці, – сказаў старшыня Гудагайскага сельскага Савета Уладзімір Барысевіч. – Тут, дзе мы з вамі зараз знаходзімся, стаяў цыганскі табар. Карацелі выгналі ўсіх мужчын і падлеткаў у поле і прымусілі капаць роў, пасля чаго – іх рассталялі… Пра трагедыі тых гадоў варта памятаць заўсёды.

…Чырвоныя галоўкі гваздзік, як сімвал пралітай у далёкім 41-м крыві непадалёк Дайноўкі, трапяткія агеньчыкі лампадак – напамін, што мы ніколі не забудзем трагедыю, якую наша краіна і яе жыхары перажылі падчас вайны. #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич