Амаль паўстагоддзя чытае і выпісвае “раёнку” Марыя Александровіч з Варнян

10:00 / 05.05.2024


Без малога паўстагод­дзя разам – амаль столькі сябруе з раённай газетай жыхарка аграгарадка Варняны Марыя Александровіч. 

– «Астравецкую праўду» пачала выпісваць у 1976 годзе, калі выйшла замуж. Ніводнага разу не здрадзіла гэтай традыцыі, – з усмешкай расказвае адданая чытачка. 

Марыя Іванаўна ўсё жыц­цё адпрацавала ў школьнай біблія­тэцы Варнянскай СШ. Хто б ні завітаў да яе ў кніжнае сховішча, жанчына засёды раіла і прапаноўвала палістаць «раёнку». Больш таго, калі іншыя газеты, адслужыўшы ў бібліятэцы патрэбны тэрмін,  ішлі на спісанне, то раённая газета беражліва захоўвалася ў архіве.  У любы час ім можна было скарыстацца для падрыхтоўкі работ для навуковых канферэнцый ці конкурсаў. 

Перад інфармацыйнай гадзінай Марыя Іванаўна часта выручала школьнікаў, якія забылі дома палістаць газету. Спагадлівая біблія­тэкар падказвала, пра што з жыцця раёна можна расказаць на ўроку. 

– У 2009 годзе пайшла на заслужаны адпачынак, але яшчэ працавала на любімай рабоце, – прызнаецца жанчына. – Рэспубліканскую прэсу чытаю, але найбольш люблю «раёнку».

Наша чытачка прызнаецца, што яе цікавіць усё, што надрукавана ў «Астравецкай праўдзе». З апошняга – хто прадстаўляў Астравеччыну на Усебеларускім народным сходзе і ўзначаліў раён. Любіць жанчына і літаратурную старонку, праект «Альфа і амега школьнага жыцця», падабаюцца ёй рэпартажы і замалёўкі пра працаўнікоў сельскай гаспадаркі і іншай галіны. Але найбольш – аповеды пра лёсы людскія. 

– З затоеным дыханнем два разы на тыдзень дастаю з паштовай скрыні свежую газету. Асабліва падабаецца яе першая старонка: кампактна, а галоўнае – прыгожа на ёй змешчаны самыя актуальныя навіны з фатаграфіямі. Цудоўны дызайн! – лічыць чытачка. – Я і муж чытаем «Астравецкую праўду» з першай да апошняй старонкі – і гэта без перабольшвання.

Не раз раённая газета расказвала пра блізкіх Марыі Іванаўны. Так, у мінулым годзе мы пісалі пра залатую медалістку Аліну Калтан, якая набрала сто балаў па англійскай мове і была запрошана на рэспубліканскае свята «Апошні званок». На старонках «раёнкі» з’яўляюцца артыкулы старэйшай дачкі жанчыны Таццяны Калтан.

– Карыстаючыся магчымасцю, усіх супрацоўнікаў рэдакцыі віншую з прафесійным святам! Вы робіце няпростую, але такую патрэбную справу. Пабольш цікавых тэм і адданых чытачоў! – пажадала жанчына. 



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич