Як варнянскія прыхаджане будавалі і абуладкоўвалі сваю царкву

12:35 / 04.05.2024


Храмы, як і вуліцы з папулярнай некалі песні Юрыя Антонава, бываюць розныя. Ёсць саборы, дзе дух захоплівае ад велічы і прыгажосці. Ёсць старажытныя, гісторыя якіх вылічваецца стагоддзямі і дзе намоленасць адчуваецца проста фізічна: варта пераступіць іх парог, як самі сабой пачынаюць ліцца слёзы – «не потому, что сердцу больно, а потому, что есть оно». Ёсць багатыя сучасныя навадзелы, якія спаборнічаюць коштам убранства, а іх спонсары – сумамі ахвяраванняў.

А ёсць маленькія вясковыя цэркаўкі, часта абуладкаваныя ў прыстасаваных памяшканнях, дзе на службу збіраецца з дзясятак-другі прыхаджан. Нічым яны не вылучаюцца, акрамя своеасаблівай хатняй утульнасці, ды тым, што тут усе ўсіх ведаюць і ўсе разам – ці на службе, ці на суботніку, ці ў паўсядзённым жыцці.

Напачатку я па блаславенні настаяцеля храма айца Мікалая Уцякалкі ў велікодным нумары газеты хацела расказаць пра сям’ю Мікалая і Галіны Каленічэнкаў, якія ў прыходскім актыве з першага дня яго ўтварэння. 

Але Галіна Уладзіміраўна не ўхваліла маю ідэю: 

– Што пра нас пісаць? Мы такія, як усе. Лепш раскажыце пра наш прыход, пра царкву. Калі хочаце пагутарыць, то прыязджайце, мы ўсе цяпер тут, да Вялікадня храм рыхтуем... 
І дажджлівым красавіцкім днём я пераступіла парог варнянскага храма свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага
…Работа кіпела: нехта мыў падлогу і вокны, нехта чысціў падсвечнікі…

– Тут наш актыў, – знаёміць мяне з прыхаджанамі Галіна Ула­дзіміраўна. – Казначэй Лідзія Лакевіч, адзіная наша харыстка Святлана Еўтушэнка, старэйшая прыхаджанка, якая, тым не менш, не прапускае ніводнай службы і ніводнай супольнай справы Галіна Калтан. А яшчэ Людміла Саленік, Раіса Уласевіч, Жанна Лоўкіс, Ірына Келіна, Аляксандр Мармыш… 
Ну і, вядома ж, завадатары ўсіх спраў царкоўны стараста Мікалай Каленічэнка і яго жонка Галіна.

– Практычна ўсе праваслаўныя ў Варнянах прыезджыя, – расказвае Галіна Уладзіміраўна. – Хто з Ашмяншчыны, хто з Мя­дзельшчыны, мы з мужам – з Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Як правіла, прыехалі сюды некалі на работу па размеркаванні пасля заканчэння розных навучальных устаноў, ды так і засталіся на ўсё жыццё… Раслі і выхоўваліся ў савецкія часы, як і большасць, без царквы. У нашай вёсцы Савічы ў вайну ў царкве немцы лю­дзей спалілі – і больш яна не аднавілася. На Астравеччыне, куды прыехалі працаваць, ніводнага праваслаўнага храма не было. Раз у год, перад Вялікаднём, жонка тагачаснага начальніка Сельгасхіміі Паўла Захарэвіча «выбівала» ў мужа аўтобус – і варнянскія праваслаўныя ехалі ў Смаргонь свяціць кулічы і яйкі. Тым наш удзел у царкоўным жыцці і абмяжоўваўся.

Калі напачатку 90-х гадоў у Астраўцы ўтварыўся першы ў раёне праваслаўны прыход і людзям аддалі маленькі драўляны домік па вуліцы Ленінскай, варнянскія вернікі сталі часцей бываць на богаслужэннях, і не толькі святочных. 

Да слова, у тым невялікім домі­ку светлай памяці айцец Па­вел Варановіч і павянчаў адна­­вяскоўцаў і амаль што адна­клас­нікаў – муж на год старэйшы – Мі­ка­лая і Галіну Каленічэнкаў – пасля 25 гадоў сумеснага жыцця.

А потым у варнянцаў узнікла спа­чатку мара, потым ідэя, якая пераўтварылася ў планы: займець свой храм. Распачынала няпростую работу па арганізацыі і рэгістрацыі прыходу ў 2010 годзе  ветэран педагагічнай працы Людміла Кухарэвіч.

Яна наведвала сем’і права­слаў­ных аднавяскоўцаў – такіх у Варнянах было каля пяцідзесяці сем'яў, збірала подпісы, рыхтавала патрэбную дакументацыю…  Яе ж абралі першым царкоўным старастам. Пазней, калі стала зразумела, які фронт работ, пераважна будаўнічых, наперадзе, прыхаджане вырашылі, што старастам павінен быць мужчына – і абралі на гэтую не столькі ганаровую, колькі клопатную пасаду Мікалая Каленічэнку. Гэты нялёгкі воз абавязкаў цягне Мікалай Мі­хайлавіч да гэтага часу. 

 Прыходу перадалі будынак былой варнянскай аптэкі. І на Ражаство 7 студзеня 2011 года айцец Вячаслаў Шасцітка, настая­цель храма Святога прарока Іліі ў Альхоўцы, да якога прыпісалі і варнянскую царкву, правёў тут першае богаслужэнне.

 Храм асвяцілі ў гонар свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Фран­цыскага. Напачатку імя мала каму вядомага святога выклікала неразуменне і пэўную разгуб­ленасць у вернікаў. Пакуль не даведаліся, хто такі свяціцель Іаан Шанхайскі і Сан-Францыскі і чым ён праславіўся.

 – Храмаў, асвечаных у гонар Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага, толькі два ў Беларусі: у Варнянах і ў Мінску, – з гонарам расказвае Галіна Уладзіміраўна. – Гэты святы, можна сказаць, наш сучаснік: ён жыў у мінулым стагоддзі і памёр у 1964 годзе. Праславіўся многімі добрымі справамі, сапраўднымі цудамі, і мошчы яго пасля смерці засталіся нятленнымі. Гэта сведчыць, што сапраўдныя святыя жылі не толькі шмат стагоддзяў назад, у біблейскія часы, – ёсць яны і сярод нас. Дзякуючы старанням айца Вячаслава мы маем у сваім храме вялікую каштоўнасць
– ікону з мошчамі свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага.

…Будынак былой аптэкі прыхаджанам перадалі. Райвыканкам выдзеліў пэўную суму на яго абуладкаванне. Трэба было пераўтвараць прыстасаваную будыніну ў храм. А гэта вельмі няпроста! Асабліва калі ўлічыць, што зрабіць усё неабходна было нешматлікім, немаладым і не вельмі багатым прыхаджанам. 
Першае, што патрабавалася, – прыбудаваць да царквы алтар: ён павінен знаходзіцца на новым, не ўжываным раней месцы.

 – Камяні вазілі, блокі цягалі, раствор замешвалі – усё рабілі, – успамінае супольную працу прыхаджан Галіна Уладзіміраўна. – І адкуль толькі сілы браліся? Няйначай сам Бог дапамагаў… Дый мы маладзейшыя былі. Усе дапамагалі: і тыя, хто ходзіць у царкву, і хто тут бывае толькі па вялікай патрэбе ці ўвогуле не бывае. Але ніхто ў нашай просьбе не адмовіў. 

Трэба было перарабіць і па-новаму накрыць дах, абшыць царкву вагонкай – на гэтую справу фінансамі дапамаглі «атамшчыкі», яшчэ і на замену вокнаў засталося. 
Затым выкінулі печкі. Абшылі і пафарбавалі сцены ўнутры храма. Зрабілі невялікі купал – цяпер нізкая столь не «давіць» падчас службы, а малітвы, здаецца, сягаюць проста ў неба. Абуладкавалі падсобныя памяшканні колішняй аптэкі, пераўтварыўшы іх у клас для нядзельнай школкі, трапезную, куханьку… Пры пасрэдніцтве благачыннага айца Георгія Савіцкага заказалі ў Вольгі Марцішкі, якая пісала іконы і для астравецкай царквы, сапраўдны кананічны іканастас. Амаль усе абразы ў ім імянныя: прыхаджане збіраліся па дзве-тры сям’і і аплачвалі «сваю» ікону. Благачынны дапамог абзавесціся царкоўным начыннем.

А планаў у прыхаджан яшчэ шмат: добраўпарадкаваць тэрыторыю каля царквы, зрабіць ацяп­ленне, каб было тут прыгожа і ўтульна. 
Дапамагалі пераўтвараць дамок у храм многія мецэнаты. Але і прыхаджане не заставаліся ў баку.

 – З кожнай пенсіі ахвяруем на храм хто колькі можа, – расказвае Галіна Уладзіміраўна. – Ніхто нікога не прымушае, гэта абавязак душы. Здараецца, што ў некага ў гэтым месяцы не атрымліваецца выкраіць грошы на ахвяру –  іншым разам дасць. Гэта наш храм, наш другі, агульны, дом, і ўсё мы тут робім разам. Некалі айцец Вячаслаў гаварыў: «Бацюшка – салдат, куды яму загадаюць, туды ён і паедзе. А храм – ваш. Усё, што вы тут зробіце, вам жа і застанецца».
Яно і на самой справе так. За невялікі час існавання царквы Іаана Шанхайскага і Сан-Фран­цыскага тут змянілася чатыры настаяцелі – кожнага прыхаджане ўспамінаюць добрым словам.

 – Айцец Вячаслаў Шасцітка – гэта святар ад Бога, нават не зразумела, як малады чалавек можа быць такім мудрым, – успамінае Галіна Каленічэнка. – Ён і цяпер нас не забываецца, часта прыязджае на прастольнае свята. Айцец Ігар Пятроўскі – добры, вельмі нас любіў, а прыхаджане любілі слухаць яго мудрыя прытчы. Закончыцца служба, а мы не разыходзімся, чакаем, калі айцец Ігар нешта цікавае раскажа. Айцец Леанід Чарняеў быў строгім, вучыў нас, як правільна паводзіць сябе ў царкве. Але пры тым шмат чаго ахвяраваў для храма: глядзіш, то адна патрэбная рэч з’явіцца, то другая. І нічога не забраў, калі пакідаў нас. Сам прасфоры пёк, жыў у трапезнай пры храме… Цяпер у нас айцец Мікалай Уцякалка – малады, граматны. Мы ўсіх іх любім, яны нашы павадыры па дарозе да Бога.

Калі хто памятае колішнюю варнянскую аптэку ці бываў у царкве царквы Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага неўзабаве пасля таго, як будынак перадалі прыходу, і пабывае тут цяпер, той не пазнае ні былую будыніну, ні атмасферу ў ёй. Так, гэта невялікі, прыстасаваны, не вельмі шматлюдны – але храм. 

І яго зрабілі такім яго прыха­джане.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик