Мальские повара - лучшие повара образовательных учреждений Островецкого района

10:00 / 25.06.2013
Памятаеце дзядзьку кухара з “Новай зямлі” Якуба Коласа? Падобнага на днях шукалі і ў Астравецкім раёне. Конкурс прафесійнага майстэрства сярод школьных повараў “Лепшы па прафесіі” правёў аддзел адукацыі райвыканкама.

Конкурс праходзіў у некалькі этапаў. На першым неабходна было прадэманстраваць тэарэтычныя веды. Тэарэтычны тур не толькі праверыў уменне повара хутка і правільна зрабіць разлікі па тэхналагічнай карце, але і прадэманстраваў веды повараў пры рашэнні тэставых заданняў.
Другі этап быў практычным – прыгатаванне ежы і яе дэманстрацыя перад журы. На трэцім правяралася хуткасць і творчасць – удзельнікі конкурсу складвалі сурвэткі – самымі рознымі спосабамі, з выкарыстаннем дэкаратыўных элементаў і за вызначаны час.
На жаль, паўдзельнічаць у конкурсе вырашылі толькі тры повары – Аксана Янульчык з гімназіі №1, Ларыса Дрэма з Мальскага дзіцячага садка-базавай школы і Соф’я Валай з Варнянскага НПК.
Вынікі конкурсу ацэньвала кампетэнтнае журы, узначаліла якое намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Наталля Баніцэвіч, у склад яго ўвайшлі таксама галоўны спецыяліст па харчаванні і аздараўленні Інеса Міхновіч, старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Ярмоліч, галоўны спецыяліста па кадрах Ядвіга Петрык і тэхнолаг Наталля Малочка.
Падчас тэсціравання повары раёна павінны былі адказаць на 15 складаных пытанняў. Лепшымі на гэтым этапе сталі кухары Мальскага дзіцячага сада-базавай школы.
Прыгатаванне ежы стала самым працяглым раздзелам конкурсу. Тым больш, што ўдзельніцам давялося не толькі гатаваць ежу, але і адказваць на пытанні членаў журы, якія сачылі за правільнасцю выкарыстання кухоннага абсталявання, апрацоўкай прадуктаў, за захаваннем тэхнікі бяспекі і тэхналогіяй прыгатавання ежы. Вялікая ўвага ўдзялялася асабістай гігіене і знешняму выгляду канкурсантаў. На гэтым этапе ўсе ўдзельнікі атрымалі высокія балы за свае старанні і непаўторнасць пры выбары рэцэптаў прыгатаваных блюд.
Заключная частка конкурсу была самай цікавай і напружанай. Сервіроўка стала з дэманстрацыяй страў не заняла шмат часу – затое якую творчасць праявілі ўдзельнікі мерапрыемства пры складанні сурвэтак!
Роўных не было повару Мальскага дзіцячага сада-базавай школы Ларысе Дрэма і яе памочніцы Вользе Памецька. Гэтаму спрыяла і выбраная тэма – яны прыгатавалі стравы беларускай кухні і запрасілі членаў журы да “Рыгораўны”. Прыгатаваныя нацыянальныя стравы яны выносілі ў беларускім народным адзенні. Мачанка з блінамі і бярозавы квас на стале, засланым беларускімі рушнікамі, засервіраваным гліняным посудам і дэкаратыўнымі ўпрыгажэнні, глядзеліся цудоўна.
Ларыса Дрэма і Вольга Памецька сталі пераможцамі конкурсу і былі названы лепшымі поварамі сярод устаноў адукацыі раёна. Яны ўзнагароджаны дыпломамі І ступені і памятнымі падарункамі ад раённага прафкама аддзела адукацыі
Другое месца заняла повар гімназіі №1 Аксана Янульчык, трэцяе месца – у Соф’і Валай з Варнянскага НПК. Яны таксама атрымалі граматы і памятныя падарункі.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота з сайта zdorovieinfo.ru.