Сябе паказалі, на іншых паглядзелі
Ансамбль народнай песні «Вілія»
Штогод у сакавіку ў горадзе Іўі праходзіць абласны фестываль творчасці ветэранаў. Яму папярэднічаюць карпатлівая праца над рэпертуарам, рэгулярныя рэпетыцыі, на якіх адточваецца выканаўчае майстэрства салістаў, дуэтаў, трыа, вакальных гуртоў і калектыва ў цэлым.
Вось і народны хор ветэранаў працы Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці распачаў падрыхтоўку да сёлетняга фестывалю адразу пасля мінулагодняга: пашырыў праграму, разнастаіў яе песнямі патрыятычнай тэматыкі, творамі з народнай скарбніцы. Да таго ж выступаў з канцэртамі ў горадзе і раёне. Паступова ў калектыву выпрацоўваўся свой мастацкі почырк, асабліва ў рабоце з народнай песняй. З глыбінь часу дастаюцца і гучаць у новай апрацоўцы ўжо падзабытыя кампазіцыі. Дзякуючы старанням кіраўніка хору Васіля Карпяца ў рэпертуары з’явіліся аўтарскія творы.
Народны хор ветэранаў працы. Саліруе Васіль Карпец.
На фестывалях і конкурсах прынята паказваць лепшае. Выступленне хор пачаў з песні «Жураўлі» на словы Расула Гамзатава і музыку Яна Фрэнкеля. Яе немагчыма слухаць абыякава, душа адгукаецца ўмомант, на вачах слухачоў адразу праступаюць слёзы... Весела, задзірыста прагучалі народныя «Ой ляцелі гусі з броду» і «Ой за гаем, гаем» (апошняя – у выкананні вакальнага гурта), задушэўна – «Дробны дожджык». Дзве першыя адзначыліся цудоўным сола Ірыны Уладзіміраўны Тумко. А песня Васіля Антонавіча «Дарожанька-дарога» літаральна танула ў апладысментах...
Асобна варта сказаць пра акампанемент. Сучаснейшы японскі лічбавы акардэон «Роланд», набыты сектарам культуры, гучаў як невялікі музычны ансамбль. Дакладней, акампаніятар выступіў як чалавек-аркестр.
На такіх фестывалях звычайна ніхто не застаецца без узнагарод, хаця пераможцы не вызначаюцца. Ды як тут вызначыш лепшага? Кожны быў на вышыні, са сваёй адмецінкай, у кожнага можна было пераняць штосьці карыснае. Астраўчане вярнуліся дадому з дыпломам – за актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці, патрыятычнае выхаванне моладзі, годнае выканаўчае майстэрства – і каштоўным падарункам.
А яшчэ арганізатары фестывалю ўвялі добрую традыцыю адзначаць старэйшых прадстаўнікоў хароў, якія пераступілі 85-гадовы жыццёвы рубеж. Падарункі атрымалі Наталля Пятроўна Зубенка і Яніна Іванаўна Харашэй.
На фестывалі паспяхова дэбютаваў ансамбль народнай песні «Вілія» Міхалішкаўскага сельскага клуба.
Таіса СЯМЁНАВА