Пайшла з жыцця вязень канцлагера, ветэран педагагічнай працы, неверагоднай душы чалавек Таццяна Нікіфараўна Волкава

18:30 / 22.03.2024


Сумам, роспаччу і непрыхаваным болем у маёй душы адгукнулася вестка пра тое, што з намі больш няма Таццяны Нікіфараўны Волкавай. Чалавека з такім светлым і неабдымна вялікім сэрцам, любові якога хапала для кожнага. Педагога, які ўзрасціў і вывучыў не адно пакаленне варнянскіх дзяцей. Жанчыны, маленства якой забрала вайна і якая ў адзін моман стала сіратой, але лепш за маці разумела і гадавала выхаванцаў дзіцячага дому… Думаю, тое ж адчуваюць многія жыхары Астравеччыны і не толькі…

Таццяна Нікіфараўна была з той катэгорыі людзей, для якіх характэрна прыроджаная інтэлігентнасць, што апрыёры аспрэчвае здраду,  няшчырасць… Жанчына для кожнага аднавяскоўца, як і для школьнікаў, якія былі частымі гасцямі яе ўтульнай кватэры, знаходзіла патрэбнае менавіта для гэтага чалавека слова, параду; яна ніколі не шкадавала ўсмешак і свайго часу для іншых. Я ніколі не бачыла Таццяну Нікіфараўну ў дрэнным настроі – яна свяцілася ледзьве ўлоўнай энергетыкай бязмежнай дабрыні, душэўнай адкрытасці, сапраўднай спагады.

Ніколі не забуду сваё першае інтэрв’ю з Таццянай Нікіфараўнай. Амаль на 70 гадоў вайна разлучыла яе з радзімай. Толькі праз сем дзесяцігоддзяў жанчына знайшла ў сабе сілы наведаць родную вёску Міхайлаўскае Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, дзе яе дзяцінства скончылася, не паспеўшы пачацца. Непрымальная ні ў якіх праявах для людской існасці вайна, разлучыла Танечку з блізкімі – дзяўчынка гадавалася ў дзіцячым доме. Толькі ў дарослым жыцці адбылася іх сустрэча з роднай сястрой Валяй…

Памятаю, падчас нашай размовы Таццяна Нікіфараўна дзялілася, як адшуквала пахаванні блізкіх; як сустрэлася з малодшай сястрой сяброўкі дзяцінства; як па грушы пазнала месца, дзе стаяла іх хата; як галасіла ўголас і цалавала зямлю на месцы, дзе быў кацэнтрацыйны лагер “Азарычы”… Спакойна слухаць чужы боль было немагчымым – плакалі абедзьве…

Падчас другога нашага інтэрв’ю Таццяна Нікіфараўна сказала залатыя словы: Беларусь ніколі не была багатай краінай, але хлеб мы заўсёды елі свой. Дзеткі, даражыце тым, што вашы дзяды і прадзеды здабывалі, ахвяруючы здароўем і нават жыццём.

На кволыя плечы Таццяны Нікіфараўны Волкавай выпала столькі, колькі не адужала б вынесці некалькі чалавек. А яна змагла і, нягледзячы на сіроцкае дзяцінства, лагер смерці, жыццё ў дзіцячым доме, заўсёды і з усімі заставалася Чалавекам з вялікай літары. Яе бязмежна любілі і малышы ў дзіцячым садку, якія шырока раскінуўшы рукі беглі насустрач са шматгалосым “Нікіфараўна-а-а”; і дзеткі ў пачатковай школе, для якіх яна была не толькі класным кіраўніком, але і другой мамай; і сіроты дзіцячага дома. І для ўласных дзяцей жанчына заўсёды была прыкладам…

Упэўнена, што ў памяці кожнага з нас Таццяна Нікіфараўна застанецца такой жа, як і была пры жыцці: спагадлівай, добрай, інтэлігентнай, жыццялюбівай. А мы ніколі не забудзем яе наказ…

_________________________________________________________________________________________________________________________

Ад імя аднавяскоўцаў і калектыва рэдакцыі Алена ГАНУЛІЧ.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: из архива АП