Марына Івашка з КСУП “Гервяты” пабывала на пасяджэнні прафсаюзнага маладзёжнага савета
У аграрным сектары краіны і вобласці працуе шмат таленавітай і перспектыўнай моладзі. Падтрымку і дапамогу ў вырашэнні многіх пытанняў, ажыццяўленні ініцыятыў заўсёды аказвае прафсаюз. Марына Івашка з КСУП “Гервяты” паўдзельнічала ў пасяджэнні маладзёжнага савета Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Злёт маладых аграрыяў пад старшынством Рамуальда Юроўскага прайшоў на базе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ў форме адкрытага дыялогу, дзе абмеркавалі не толькі прафсаюзнае жыццё іх прадпрыемстваў, але і ажыццяўленне розных праектаў, у тым ліку рэалізацыю конкурса “PROFлідар года”. Акрамя гэтага, абралі старшыню маладзёжнага савета і яго намесніка, прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці ў рэспубліканскі савет і распрацавалі перспектыўны план работы на бягучы год.
– Спадабаўся і фармат правядзення пасяджэння, і яго змест. Радуе, што ў аграпрамысловым комплексе працуе ініцыятыўная, актыўная, дзейсная моладзь, якую падтрымліваюць старэйшыя калегі. У прыватнасці Рамуальд Юроўскі выказаў меркаванне, што за намі – будучыня. І гэта сапраўды так, – расказала старшыня прафкама КСУП “Гервяты”. – Напрыклад, у нашым сельгаспрадпрыемстве ва ўзросце да 31 года працуе 74 чалавекі, у тым ліку 14 маладых спецыялістаў, з якіх 8 – з тэрмінам работы да 2 гадоў. Лічу, што для іх падтрымкі ў КСУПе робіцца шмат. Акрамя пад’ёмных, яны штомесячна атрымліваюць даплаты. Ім выдзяляецца жыллё і матэрыяльная дапамога на розныя гаспадарча-бытавыя патрэбы, у тым ліку набыццё мэблі. Гэта спрыяе замацаванню кадраў у КСУП “Гервяты”.