Лазовыя кошыкі Віктара Вайцюля

15:29 / 14.03.2024


Кожны нараджаецца са сваім талентам. Здараецца, што  ён адкрываецца яшчэ ў дзяцінстве і потым ідзе з чалавекам па жыцці: песні, вершы, музыка, рукадзелле… Незалежна ад таго, стаў прафесіяй і крыніцай заробку ці на ўсё жыццё застаўся захапленнем, справай для душы.

 А нехта і не падазрае, што нешта такое ў ім спее… А потым здараецца, што р-раз – і прачнуўся майстар лазапляцення ў звычайным рытанскім мужчыне пенсійнага ўзросту.

 – Усё жыццё быў чалавек як чалавек і раптам стаў залатым! – не можа надзівіцца жонка Віктара Вайцюля Святлана.
Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Неяк у Віктара Іванавіча, які ўсё жыццё працаваў на трактары, не на жарт прыхапіла спіну. Давялося забыцца і пра любімую рыбалку, і пра іншыя мужчынскія захапленні.  А што рабіць? Не сядзець жа склаўшы рукі?

 – Стаў «лапаціць» інтэрнэт, – расказвае мужчына. – Там цяпер што хочаш знайсці можна. Але мяне нешта пацягнула на лазапляценне… Наш, вясковы, прыродны матэрыял. А якія цудоўныя рэчы з яго робяць! Дый такія-сякія ўменні меў: кошыкі для бульбы плёў і раней. 
Настаўнікам у новай справе таксама стаў інтэрнэт: відэаўрокі пакрокава расказвалі, што і як рабіць.
Але адна справа – глядзець, як лоўка атрымліваецца ў відэа­настаўнікаў. І зусім іншая – паспрабаваць паўтарыць тыя ўрокі. Мужчына прызнаецца, што спачатку не атрымлівалася. Дарэчы, самы першы крыху крываваты «блін» – уласнаручна сплеценую хлебніцу – у сям’і захоўваюць на памяць аб тым, з чаго ўсё пачыналася.

 Але няўдалыя спробы не прымусілі ўсё кінуць і пашукаць у тым жа ўсёабдымным інтэрнэце іншы занятак для душы. Не, Віктар Іванавіч зноў і зноў рэзаў і варыў лазу, шкурыў тонкія дубчыкі, мачыў, плёў, злаваўся, кідаў, браўся зноў… І ўрэшце стала атрымлівацца так, як хочацца, на што не сорамна самому паглядзець, людзям паказаць ці нават падарыць.
Справа гэтая, дарэчы, не такая лёгкая, як можа падацца. Спачатку лазу трэба нарыхтаваць – цяпер для гэтага, па словах Вайцюля, самы сезон. Толькі, са смуткам зазначае мужчына, не так проста знайсці добрую сыравіну, даводзілася ажно ў Свір за прыгожай і гнуткай лазой ехаць.
Потым лазовыя пруткі вараць у кіпені гадзіны дзве. Затым здымаюць кару. Можна, вядома, сплесці і з неабскураных галінак, але рэчы будуць не такімі прыгожымі і далікатнымі.

 Пасля можна пачынаць плесці. Але тонкія голечкі хутка сохнуць і, каб не ламаліся, іх зноў і зноў трэба мачыць у вадзе…

 …Слухала я расповед Віктара Вайцюля пра лазапляценне, нібы казку пра лёгкі хлеб, – і ў чарговы раз упэўнівалася, што любая справа, калі хочаш стаць у ёй майстрам, патрабуе цярпення, стараннасці і часу.

 А Віктара Іванавіча цяпер і сапраўды можна назваць майстрам: мноства яго кошыкаў, кошычкаў, вазачак, цукерачніц разышліся па сябрах і знаёмых. З падарункамі ў Вайцюлёў праблем няма: усім яго вырабы падабаюцца, усе рады атрымаць карысную, прыгожую і патрэбную ў гаспадарцы рэч. Праўда, інтэрнэт, які навучыў плесці лазу, так і не навучыў мужчыну прадаваць свае вырабы: на ўсё трэба мець талент… 
Але гэта яго не засмучае – радуе, што вырабы яго падабаюцца людзям, нясуць іншым святло і цяпло яго рук.

Текст: Нина Рыбик