Настаўнік гісторыі, класны кіраўнік, прафсаюзны лідар і камісар студатрада – гэта ўсё пра равесніцу Канстытуцыі Аліну Сянюць

20:00 / 15.03.2024


Сёлета спаўняецца 30 гадоў Асноўнаму Закону нашай краіны – Канстытуцыі, першай у гісторыі суверэннай дзяржавы. За гэты час вырасла цэлае пакаленне маладых, актыўных, амбіцыёзных, творчых, смелых і таленавітых людзей. Сёння гэта маладыя людзі, якія змаглі рэалізаваць сябе ў любімай справе, знайшлі хобі па душы. Яны ведаюць, чаго хочуць, як гэтага дасягнуць, і, як сапраўдныя патрыёты, ганарацца сваёй Радзімай…Пра равеснікаў Канстытуцыі чытайце ў нашым матэрыяле.

Педагог-гісторык Аліна Сянюць, настаўнік Варнянскай сярэдняй школы Аліна Сянюць прафесію выбрала выпадкова, але педагогіка аказалася яе прызваннем. Гісторык лічыць, што вясковыя дзеці самыя лепшыя ў свеце, а сваю школу нізавошта не прамяняе на гарадскую.

 – Настаўнікам вырашыла стаць у старэйшых кла­сах. Са сваякоў і знаёмых у гэтай галіне нікога няма. Пэўны ўплыў на мой прафесійны выбар аказалі настаўнікі Чэхскай базавай школы і Гервяцкай сярэдняй. Прыгадаю класнага кіраўніка Тамару Іванаўну Урбановіч – гэта Прафесіянал з вялікай літары. Хоць гісторыкі ў нас пастаянна мяняліся, тым не менш выбрала менавіта гэты накірунак. Па мэтавым накіраванні паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Пра студэнцтва засталіся самыя станоўчыя ўспаміны, – расказала Аліна Сянюць.  
Многім у юнацтве ўласцівы максімалізм, маўляў, калі жыць – дык толькі ў сталіцы, калі працаваць – дык у самай лепшай гімназіі. Аліны гэта не тычыцца. Дзяўчына рэальна глядзела на рэчы і ведала, што хоча менавіта ў вясковую школу.

 – Вялікі горад ніколі не падабаўся. Усцешылася, калі даведалася, што еду ў Варняны. Дзясяты год пайшоў як тут выкладаю гісторыю Беларусі і сусветную, грамадазнаўства. А яшчэ я класны кіраўнік у 9 «Б» класе. Мае юнакі і дзяўчаты самыя лепшыя ў свеце! Яны добрыя, дысцыплінаваныя, адказныя. Нават калі я ў камандзіроўцы, мы пастаянна на сувязі. За гэты час на пальцах магу палічыць, колькі разоў выклікала бацькоў у школу, – усміхаецца педагог. – Тут я адчула, што на сваім месцы. Разуменне гістарычных падзей дапамагае мне растлумачыць дзецям многія рэчы, а значыць і паўплываць на іх духоўнае развіццё і станаўленне.

 На летніх канікулах Аліна Віктараўна камісар экалагічнага студатрада «Надзея» імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Юрыя Міхайлавіча Александровіча. 


– У нашай школе дзейні­чаюць два студатрады. Адзін на базе мясцовага лясніцтва, другі – КСУП «Варняны». На­шы школь­нікі папаўняюць іх шэрагі з вялікім жаданнем. Не прыгадаю выпадку, каб хтосьці сказаў, што нешта не падабаецца ці не будзе працаваць. 
Пра дапамогу лесаводам у праполцы пасадак і пра баўленне вольнага часу вар­нян­скія школьнікі і педа­гогі летась пачалі здымаць і манці­раваць невялікія відэа. 

 – Гэта ініцыятыва дзяцей, якую мы адразу падтрымалі з камандзірам атрада Кацярынай Сульжыцкай. Першы ролік хутка набраў звыш тысячы праглядаў і шмат «падабаек». Яго ў сваіх акаўн­тах у сацыяльных сетках раз­мясцілі райкам і абкам БРСМ. Так пра нас вестка даляцела да «Лясной газеты», на старонках якой выйшаў рэпартаж пра доб­рыя справы варнянскіх школьнікаў, – працягвае педагог. – Удзячны кіраўніцтву і спецыялістам лясгаса і Варнянскага лясніцтва, якія заўсёды ішлі нам насустрач і забяспечылі вучняў галаўнымі ўборамі, спецыяльнымі камізэлькамі і пальчаткамі. Дзеці самі прыдумвалі канцэпцыю відэа і на некалькі дзён наперад размяркоўвалі фронт работ. Шмат часу на гэта, аказваецца, не трэба! Да лета застаецца яшчэ некалькі месяцаў, а жадаючых працаваць у студатрадзе значна больш, чым месцаў. Радуе, што нашы вучні такія працавітыя, энергічныя і крэатыўныя. 
Мінулай восенню эка­лагічны студатрад «Надзея» заняў 3 месца ў абласным злёце студэнцкіх атрадаў для непаўналетніх «Наш час». А літаральна з месяц назад Аліна Сянюць стала старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Варнянскай школы. 

 – Прыемна, што калектыў аказаў мне такі давер, – прызнаецца педагог. – Гэта новы для мяне накірунак. Буду старацца не падвесці калег. 
Але бадай што найбольшае задавальненне настаўнік атрымлівае, калі бачыць у вачах вучняў цікавасць да гісторыі Беларусі. 

 – Каб быць патрыётам, шмат не трэба. З упэўненасцю магу сказаць, што большасць нашых вучняў сапраўдныя беларусы. Яны з задавальненнем удзельнічаюць у патрыятычных акцыях, мерапрыемствах і ініцыятывах. Яны шчыра любяць сваю маленькую радзіму. Яны заўсёды павітаюцца з аднавяскоўцамі, для іх не праблема – навесці парадак ля брацкай магілы, – лічыць педагог. – Некаторыя вучні апошні год у школе. Жадаю ім выбраць правільны шлях і знайсці сябе ў прафесіі. З уласнага досведу магу сказаць, што калі займаешся любімай справай, жыццё ў радасць! 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: из архива героини