Ровесники Конституции. Алеся Гриб – о работе, амбициях и велике

17:00 / 15.03.2024




Сёлета спаўняецца 30 гадоў Асноўнаму Закону нашай краіны – Канстытуцыі, першай у гісторыі суверэннай дзяржавы. За гэты час вырасла цэлае пакаленне маладых, актыўных, амбіцыёзных, творчых, смелых і таленавітых людзей. Сёння гэта маладыя людзі, якія змаглі рэалізаваць сябе ў любімай справе, знайшлі хобі па душы. Яны ведаюць, чаго хочуць, як гэтага дасягнуць, і, як сапраўдныя патрыёты, ганарацца сваёй Радзімай…Пра равеснікаў Канстытуцыі чытайце ў нашым матэрыяле.

Пра «раён», амбіцыі і велік

Алеся Грыб, акушэр-гінеколаг, загадчык жаночай кансультацыі паліклінікі Астравецкай ЦРКБ

Ветлівая, адкрытая, з прыгожай і цёп­лай усмешкай гінеколаг астравецкай паліклінікі знойдзе падыход да кожнай пацыенткі – так і павінна быць, упэўнена Алеся. І для ўсіх жанчын гэта важна, бо не толькі пра «болькі» яны гавораць на прыёме: расказваюць праблемы, чакаюць парады або слоў падтрымкі. 

…Жаданне стаць доктарам з’явілася ў Алесі яшчэ ў школе, мабыць, гэта і не дзіва, калі ўлічыць, што клас, у якім яна вучылася, быў з хіміка-біялагічным напрамкам. Бацькі выбар дачкі падтрымалі, хоць сярод родзічаў прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў дзяўчыны не было. 

У 2010 годзе Алеся паступіла ў Гродзенскі медуніверсітэт. «Студэнцтва – самыя цудоўныя гады жыцця! – адзначае доктар. – З аднагрупнікамі мы да гэтай пары сустракаемся, хоць у многіх ужо сем’і і дзеці, а некаторых і пасады стрымліваюць, каб у адзін момант сарвацца на сустрэчу». 

– Чаму выбрала гінекалагічны профіль? Мабыць, самастойнае студэнцкае жыццё дапамагло вызначыцца. Не так гэта проста аказалася пасля школы: ты павінен сам адказваць за дабрабыт, – разважае загадчык кансультацыі. – Вырашыла, што буду жыць па прынцыпе «дапамажы сабе сама» – і выбрала накірунак умоўна «жаночы доктар». Выкладчык універсітэта Юлія Кухарчык убачыла мае намаганні ў вучобе і падтрымала – дзякую ёй як спецыялісту і чалавеку. 

У Астравец Алеся трапіла па размер­каванні. У родную Смаргонь вяртацца не захацела: там не хапала пацыентаў, пасмейваючыся, адзначыла малады спецыяліст. І бацька, які працаваў будаўніком у Астраўцы, прапанаваў дачцэ сюды перабрацца – малады горад, вялікая новая бальніца, даюць жыллё. Алеся згадзілася – і не шкадуе, хоць «сталічную» перспектыву ёй таксама прапанавалі: у Мінску вакантных месцаў было шмат. 

– Работа «на раёне» дае каласальны вопыт, – лічыць акушэр-гінеколаг. – За гэтым і ехала ў Астравец. Пацыентак тут шмат, як і хацела. (Смяецца.)

Невялікі, кампактны горад падабаецца Алесі. Усе бытавыя справы яна вырашае хутка, «асядлаўшы» любімы від транспарту – веласіпед. На ім жа любіць проста пакатацца вечарамі па шырокіх астравецкіх вуліцах. І ўжо падумвае здзейсніць «марш-кідок» на «веліку» да Смаргоні.

– Вялікі горад мяне палохае. А пасля работы люблю пабыць у цішыні, – гаворыць дзяўчына. – У Мінск хапае з’ездзіць адпачыць на дзянёк. Вяртаюся дадому з задавальненнем.

Аднак, прызнаецца Алеся Грыб, амбіцыі і маладосць не-не ды і падштурхоўваюць нешта змяніць, паспрабаваць сябе ў новай справе. Толькі гэта не планы, а хутчэй мімалётныя думкі: кардынальна мяняць жыццё, упэўнена астравецкі гінеколаг, трэба толькі калі ўзвесіш усе «за» і «супраць». У Астраўцы ж пакуль усё «за» тое, каб застацца…

– І Беларусь нашу люблю, – напрыканцы размовы дадае Алеся. – Ганаруся, калі чую ад замежных гасцей, якая яна ў нас прыгожая, чыстая, светлая!


Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович