Ни дня без рядочка… Чем увлекается островчанка Нина Магадя

11:00 / 09.03.2024


Вось так, крыху перафразіраваўшы вядомы выраз пра дзейнасць журналістаў, можна апісаць захапленне вахцёра Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Ніны Магадзі. Толькі замест ручкі ў яе руках пруткі ці кручок і радкі свае жанчына не піша, а вяжа.

Сурвэткі, абрусы, дзіцячыя пледы, цацкі… А ўжо пра адзенне і казаць няма чаго: камізэлькі, кофты, кардыганы – на любы ўзрост, фасон і густ. Дарэчы, як накідваюцца на пруткі вочкі і вяжацца самы просты ўзор, 10-гадовай Ніне паказаў яе дзядзька.

– Цяпер ужо і не памятаю, чаму, – кажа жанчына. – Хутчэй за ўсё ў той момант у мамы не было часу, вось я і прычапілася да дзядзькі Станіслава. (Усміхаецца.) А мама і бабуля добрыя майстрыхі былі – усё ўмелі. Мама, колькі жыла, яшчэ і на кроснах ткала. У мяне і зараз захоўваецца некалькі яе рушнікоў з вязанымі каруначкамі па баках.

Калі дзяўчынка асвоіла пруткі, маці навучыла яе ствараць прыгажосць кручком. Але, як прызнаецца астраўчанка, гэтым спосабам рукадзелля пачала сур’ёзна займацца толькі гадоў 15 назад.

– Спачатку больш пада­баліся пруткі, – працягвае субяседніца. – Што толькі ні вязала. Вядома, як малая была, дробязь усякую, а ўжо з гадоў 20-ці і на большае замахвалася. Першую сур’ёзную рэч памятаю і цяпер – гэта была блакітная маечка. А да яе крымпленавая спаднічка, да якой знізу прымацавала вязаныя карункі. Такі касцюм атрымаўся – любата!


На прутках даводзіцца ўвесь выраб трымаць на вісу – а гэта добрая нагрузка на рукі, вяжучы кручком, аб’ёмныя рэчы не ствараюць такога цяжару. 

– Ды і проста падабаецца, – тлумачыць Ніна Магадзя. – Тым больш цяпер ёсць бяздонная крыніца для творчасці: зазірнеш у інтэрнэт – чаго толькі там няма! І ўсё такое прыгожае, што рукі самі за кручком ці пруткамі цягнуцца. Ніводнага фільма без вязання не гляджу. А як нядзеля ці свята якое, не магу вечара дачакацца, каб хоць некалькі радкоў прагнаць. Гэта своеасаблівая рэлаксацыя: адпачываю, супакойваюся і проста атрымліваю зада­вальненне ад любімай справы.

Узнікае слушнае пытанне: што жанчына робіць з вырабамі? 

– У асноўным раздорваю, – адказвае астраўчанка. – Нядаўна пля­менніца папрасіла кофту шырокую – будзе ёй такая. А другой на наваселле падрыхтавала вялікі абрус. Літва, Расія, Англія – родныя і сяб­ры ў розных краінах жывуць, і ва ўсіх ёсць мой звязаны падарунак.

Ніна Магадзя нават звязала боцікі для сцэнічнага касцюма юнай астравецкай артысткі Дар’і Ар­цем’е­вай. Дарэчы, гэта быў першы вопыт такога плану. 

– Спыталі, ці змагу, – расказвае жанчына. – Адказала, што паспрабую – і за 3 дні боцікі былі гатовыя. Вязанне – мая аддушына. І асабліва прыемна, калі яно прыносіць лю­дзям радасць.  



Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич