З чего началось увлечение Татьяны Андрушойть топиаром

19:00 / 07.03.2024


Начальнік лесагадавальніка Таццяна Андрушойць з тых людзей, якім цяжка ўседзець на месцы нават хвіліну. Раз на год у яе нараджаюцца вышываныя ніткамі і бісерам карціны; сплеценыя з ратангу круглабокія кашпо чакаюць свайго часу, каб вясной заняць пачэснае месца ў двары на пару са стракатымі пеларгоніямі… Але найбольшае задавальненне жанчыне прыносіць фігурная стрыжка дрэў і кустоў, хоць тапіарам яна захапляецца адносна нядаўна…

– Хоць і дамаўляліся ў святочным інтэрв’ю ні слова пра работу, але менавіта дзякуючы ёй і пачалося маё захапленне. Я займаюся доглядам дрэў і кустоў, іх стрыжкай, у тым ліку санітарнай. Крыху менш за два гады назад пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку на тэрыторыі лесагадавальніка разбіла невялікую клумбу з ружаў. Потым задумала стварыць альпінарый ці ракарый, але пазней спынілася на тапіарным садзе. Дарэчы, з лацінскай мовы гэта слова перакладаецца як «садоўнік ландшафтнага арнаменту». Хоць да гэтага статусу мне яшчэ далёка. Як казаў адзін казачны герой: я не чараўніца, я толькі вучуся, – з усмешкай зазначыла суразмоўца. 

 Таццяна, як і любая жанчына, любіць прыгажосць, праў­да, некрыклівую і натуральную, ва ўсіх яе праявах: у прыродзе, людзях, рэчах… Аднойчы ўбачаныя ў інтэр­нэце «фігурныя» расліны глыбока запалі ёй у душу.

 – Многія майстры гэтай справы вядуць уласныя каналы ў розных сацыяльных сетках, дзе дзеляцца сакрэтамі майстэрства. Праглядаючы пакрокавыя відэа ператварэння той жа лахматай туі ў «прыгладжаную» прыгажуню, думала, што працэс стрыжкі дрэў дастаткова лёгкі, але насамрэч не ўсё так проста, – працягвае гераіня. – На дастаткова ўнушальную прэмію, якую атрымала за перамогу па плаванні ў галіновых абласных спаборніцтвах, набыла свой першы кустарэз. Грошы ж не з сямейнага бюджэту! (Усміхаецца.) Над першым дрэўцам працавала доўга і марудна, але ў выніку атрымалася нядрэнна. У тапіарыі істотную ролю іграе пастаянная практыка. Як кажуць, трэба набіць руку. Таксама павінны быць багатае ўяўленне і добры вокамер. З першага позірку на дрэўца прыкмячаю, што і дзе трэба падрэзаць. А вось рабіць на вока спіралевідныя стрыжкі пакуль не бяруся.
Аказваецца, на стварэнне самай простай фігуркі патрэбен не адзін год!

 – Перад стрыжкай трэба дакладна ўяўляць вынік, які хочаш бачыць. Будучыя сілуэт і форму трэба закладваць і фарміраваць год за годам, выдаляючы лішнія галінкі. Лічу, што практычна любую культуру можна падстрыгчы і сфарміраваць, як хочацца. Але найлепш «вымалёўваць» патрэбны сілуэт дрэўцам і кустоўю з дробнымі лістамі і іголкамі, – дзеліцца сакрэтамі тапіарнага майстэрства жанчына. – Душы няма спакою, душа імкнецца да прыгажосці – гэта дакладна пра мяне… Мае любімыя мужчыны, муж і сыны, добра ведаюць маю асаблівасць: то я сяджу ў задуменні з іголкай і пяль­цамі, то важуся з ратангам і вядром, а то кустарэзам «малюю» сілуэт падрослым туям…



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич