Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджана настаўнік Падольскай школы Тамара Качкан

18:00 / 07.03.2024


Добрая навіна: настаўнік беларускай мовы і літаратуры Падольскай сярэдняй школы Тамара Качкан узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Уражаннямі і эмоцыямі, а таксама думкамі пра сваю прафесію і вучняў Тамара Іосіфаўна дзеліцца з чытачамі «Астравецкай праўды».

– Нагрудны знак «Выдатнік адукацыі» з адпаведным дыпломам мне і яшчэ васьмі настаўнікам краіны ўручылі на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі, дзе падводзілі вынікі работы за мінулы год і вызначалі планы на сёлетні. Я ўпершыню прысутнічала на такой сур’ёзнай нарадзе і была вельмі ўражана жывой рабочай атмасферай, адкрытасцю, з якой абмяркоўваліся пытанні далейшага развіцця адукацыі ў краіне.

Што тычыцца самой узнагароды, то для мяне яна стала нечаканасцю. Я працую ў невялікай сельскай школцы, патэнцыял у нас і ў настаўнікаў вялікіх школ, гімназій, дзе заўсёды ёсць выбар – каго рыхтаваць да алімпіяды, а каго – на навуковую канферэнцыю, – непараўнальны з тым, калі ў класе – пяць вучняў. Тым не менш, і нам удаецца нешта зрабіць… Не буду крывіць душой: прыемна, калі тваю працу заўважаюць і адбываецца прызнанне заслуг. Гэта радуе і матывуе. 

 Мяне часам пытаюць: ці не надакучыла працаваць у школе, ці не стамілася, не перагарэла? Вядома, як і ў кожнага, у мяне бываюць моманты, калі здаецца: усё, больш не магу і не хачу, я зрабіла ўсё, што магла… А потым: сустрэнешся з апантаным калегам ці запросяць на семінар, ці пачытаеш што цікавае – і зноў вырастаюць крылы. Калі пачынае згасаць твой уласны агеньчык, вельмі важна, каб нехта падзяліўся вугельчыкам ад свайго душэўнага кастра – і тады полымя разгараецца зноў. У гэтым сэнсе для мяне месца сілы і натхнення – наш клуб «Крыштальны журавель», членам якога я стала пасля ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года» ў 2014 го­дзе. Стасункі з таленавітымі калегамі – гэта велізарная падпітка, якая дае стымул для далейшай працы.

Прыемна ўсведамляць, што і я час ад часу дзялюся з калегамі сваімі «вугельчыкамі»: праводжу семінары, вебінары, супрацоўнічаю з Гродзенскім інстытутам развіцця адукацыі, праводжу аўтарскія курсы. Вось і нядаўна праводзіла вебінар з настаўнікамі Брэста па сучасным ўроку. Дзяліцца вопытам трэба. Я і сама з задавальненнем наведваю ўрокі настаўнікаў, у якіх ёсць чаму па­ву­чыцца, – гэта дапамагае практычна і псіхалагічна. 

Хоць галоўнае, вядома ж, – работа з дзецьмі. І не дзеля іх і сваіх дыпломаў, перамог і ўзнагарод. Я прыйшла да высновы, што не ўсе вучні могуць быць выдатнікамі. Кожны павінен вучыцца ў меру сваіх сіл. Галоўнае – каб дзеці не ішлі ў школу як на прадпрыемства сферы паслуг ці як на катаргу. Трэба, каб школа стала іх духоўным домам. Атрымаць веды – гэта, вядома, важна і патрэбна, але выхаваць добрага чалавека – намнога важней, чым навучыць вызначаць граматычную аснову сказа. Я ганаруся кожным сваім вучнем, якому дапамагла па-іншаму паглядзець на гэты свет, які нешта ад мяне ўзяў: стаў крышачку лепшым, дабрэйшым, больш удумлівым. І няважна, колькі дыпломаў ён прывёз з алімпіяд і які ў яго сярэдні бал. Гэта, на маю думку, і ёсць галоўная ўзнагарода для настаўніка.

Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива героини