Александр Богданович почти 40 лет в профессии и не поменял бы её на другую

19:00 / 22.02.2024


Амаль 40 гадоў аддаў сваёй справе Аляксандр Багдановіч, дырэктар Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрых­тоўкі кадраў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. 

Родам Аляксандр Багдановіч з Вароны. Пасля школы ат­рымаў прафесію тэхніка-механіка, да арміі паспеў папрацаваць у калгасе, адслужыў і ў 1986 годзе ўладкаваўся майстрам у сель­гастэхніку – у навучальны пункт.

– Гэта папярэднік нашага цэнтра. Потым пункт пашы­рылі: утварылі навучальны камбінат… Нас перавялі з Астраўца ў Варняны. Установа некалькі разоў мяняла назвы, але функцыянал заставаўся такім жа: вучыць рабочым прафесіям. Праўда, калі раней гэта было 5-6 спецыяльнасцей, то сёння мы прапаноўваем больш за 20, – расказвае мужчына.

Амаль сем гадоў назад Аляксандр узначаліў цэнтр. Аднак і цяпер ён займаецца не толькі адміністрацыйнай работай, але і выкладае тэхнічныя дысцыпліны. 

– Машыністы кацельнай, слесары, трактарысты, зваршчыкі, вадзіцелі пагрузчыка… – усё мой профіль, – усміхаецца дырэктар. – А што тычыцца кіраўнічых абавязкаў, згадзіўся на гэту пасаду без боязі: ведаў, як кажуць, кухню знутры, да дробязяў – столькі гадоў аддаў установе. Да таго ж калектыў у нас дружны, вопытны – кожны ведае сваю справу. У падначаленых я ўпэўнены, як сам у сабе. 

– Асвойваць рабочыя прафесіі да нас прыязджаюць не толькі з Астравецкага раёна, але і з Ашмянскага, Смаргонскага, Мядзельскага, Пастаўскага, з Глыбокага нават навучэнец быў, – гаворыць Аляксандр. – Па шчырасці скажу, што больш цікавай работы, чым у майстра ў навучальнай арганізацыі, думаю, наўрад ці дзе знойдзеш. Уявіце: за год у мяне бывае да шасці груп, прычым вучу не па адной, а па некалькіх спецыяльнасцях, а гэта разнастайнасць, стасункі з новымі людзьмі. Да пяцісот чалавек у год! Ці ж можа такая работа надакучыць!

Калі чалавек на сваім месцы, тады і работа спорыцца, і пытанні лёгка вырашаюцца, і задавальненне будзе ад таго, што робіш, – перакананы Аляксандр Багдановіч.



Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо