Просьбы Дзеду Марозу – тады і цяпер

14:00 / 24.01.2024


Памятаю, недзе ў сярэдзіне 90-х гадоў па маёй просьбе настаўніца папрасіла вучняў чацвёртага класа напісаць сачыненне «Калі б я быў чараўніком…»  Пра дзіцячыя жаданні я потым расказвала чытачам на старонках «Астравецкай праўды». Справа была напя­рэдадні Новага года, балем правілі дэфіцыт, інфляцыя і беднасць, і ў большасці сачыненняў дзеці марылі пра цукеркі: хто – пра цэлы мех, хто – пра гру­завік. Вянцом жаданняў, памятаю, быў вагон шакаладу! 

…А нядаўна каля рэзідэнцыі Дзеда Мароза, што дзейнічае ў МФК, сустрэла хлопчыка гадоў сямі-васьмі з матуляй. Людзі незнаёмыя, але вочкі ў дзіцяці шчырыя, прыязныя.

– А ты ўжо напісаў пісьмо Дзеду Марозу? – пацікавілася ў малога.

– Не, – адмоўна пакруціў той галавой.

– Што, пісаць не ўмееш? – дзіўлюся: хлопчык, па маім меркаванні, ужо павінен хадзіць у школу.

– Ды не, тут іншае, – уступае ў размову мама. – Не ведае, што папрасіць. Усё ёсць…

…Наколькі ведаю, такая праблема – што падарыць дзіцяці – актуальная для многіх сем’яў, таму родзічы, а часта і бацькі «не мудрствуют лукаво» і абмяжоўваюцца грашыма. Знаёмая дзяўчынка ў свой час назбірала даволі ўнушальную суму і бацькі час ад часу пры патрэбе пазычалі ў дачкі сотню-другую – доб­ра хоць, што не пад працэнты.

Як некалі спяваў Барыс Грабеншчыкоў, «их дети сходят с ума от того, что им нечего больше хотеть…»

Хутка, падобна, Дзед Мароз стане беспра­цоўным…



Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета