Даступнасць асяроддзя для людзей з інваліднасцю абмеркавалі на раённым семінары

13:30 / 13.12.2023


Зрабіць пакупкі ў магазіне, перайсці дарогу і многае іншае… Гэтыя звыклыя штодзённыя дзеянні, над якімі мы нават не задумваемся, часта становяцца сапраўдным квэстам для людзей з інваліднасцю.

Пра аказанне сітуацыйнай дапамогі такім грамадзянам і стварэнне даступнага асяроддзя ва ўстановах і арганізацыях Астравеччыны гаварылі на раённым семінары.

– У межах дзяржпраграмы рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па абсталяванні аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, жыллёвага фонду, вуліц, вакзалаў пандусамі, пад’ёмнікамі, поручнямі, тактыльнымі і візуальнымі ўказальнікамі, моўнымі інфарматарамі і іншымі элементамі. Пытанні даступнага асяроддзя для інвалідаў знайшлі шырокае адлюстраванне ў законе аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі, які сёлета ўступіў у сілу. Важна зразумець, што мы не дапамагаем людзям з інваліднасцю, калі штосьці робім за іх. Яны сёння хочуць быць паўнавартаснымі членамі грамадства, самастойна прыйсці на пошту, у банк ці паліклініку і без дапамогі атрымаць патрэбную паслугу. Нам трэба думаць, як кожнаму зрабіць сваю ўстанову даступнай для ўсіх катэгорый грамадзян, – звярнулася да прысутных дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Куцько.

Трэнінг “Адкрый сваё сэрца насцеж” псіхолаг ТЦСАН Вольга Ляховіч распачала з прытчы пра жанчыну і чалавека без рукі. Яна яму дала не міласціну, а магчымасць зарабіць. І праз некалькі гадоў не пазнала былога госця, які прыехаў на дарагой машыне сказаць ёй дзякуй…

З дапамогай простых на першы погляд практыкаванняў спецыяліст прапанавала некаторым удзельнікам семінара адчуць сябе на месцы чалавека з інваліднасцю. Першая група спрабавала жэстамі і мімікай растрлумачыць сэнс просьбы (нямыя). Другая малявала дом, але гледзячы не на аркуш, а на ўласнае адлюстраванне ў люстэрку (расстройства аўтыстычнага спектра). Трэцяя і чацвёртая – зрабіць некалькі крокаў са звязанымі нагамі і заплюшчанымі вачыма (парушэнні апорна-рухальнага апарату і зроку). Многія пасля прызнаваліся, што зрабіць гэта было няпроста.


Намеснік дырэктара ТЦСАН Аксана Свірская падрабязна спынілася на правілах забеспячэння даступнага асяроддзя для інвалідаў, спасылаючыся на законы. Таксама яна абмалявала сітуацыю ў горадзе і паказала здымкі з парушэннямі, выяўленымі падчас маніторынгу. Напрыклад, перад прыступкамі такцільная плітка не адпавядала патрэбным памерам; моўны інфарматар быў размешчаны не вертыкальна над ручкай дзвярэй і не падключаны да бесперабойнай падачы электрычнасці і іншае.

Таксама Аксана Свірская нагадала, што ўлічваецца пры ацэнцы ўзроўню даступнасці асяроддзя, – гэта тактыльныя падлогавыя індыкатары, абсталяваныя санітарна-гігіенічныя памяшканні, кнопка выкліку, электрычная пад’ёмная платформа, універсальныя таблічкі на ўваходзе ў аб’ект і ўнутры яго, моўныя інфарматары, пандусы і неперарыўныя поручні, тактыльная папярэджваючая і накіроўваючая тратуарная плітка, кантрасная маркіроўка празрыстых дзвярэй і іншае.

Пра алгарытм аказання сітуацыйнай дапамогі інвалідам розных катэгорый даступна і падрабязна расказала загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Дзіяна Кісель.

Цікавым, інфарматыўным, напоўненым шматлікімі прыкладамі з жыцця было выступленне старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Ірыны Новікавай.


Насамрэч у грамадстве існуе шмат стэрэатыпаў наконт невідушчых людзей. Аказваецца, цёмныя акуляры носяць адзінкі; тростачку бяруць у рукі толькі вельмі адаптаваныя; у Беларусі няма ніводнага сабакі-павадыра.

– Прынцыпам работы сваёй і нашай арганізацыі лічу выслоўе: нічога для нас без нас, – адзначыла Ірына Новікава. – Часта мне кажуць: да нас невідушчыя не ходзяць. Гэта можа сведчыць пра тое, што арганізацыя недаступная для такіх людзей. Важна стварыць не толькі даступнае фізічнае асяроддзе, але і інфармацыйнае.

Напрыканцы семінара Святлана Куцько нагадала, што спецыялісты іх цэнтра гатовы пракансультаваць і даць парады, што трэба зрабіць, каб установа лічылася даступнай для людзей з інваліднасцю.

– Хутка запрацуе аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, куды будуць унесены ўсе аб’екты з падрабязным апісаннем элементаў даступнасці. У чалавека з інваліднасцю з’явіцца магчымасць з дапамогай інтэрнэту даведацца ўсё неабходнае пра тую ці іншую ўстанову ці арганізацыю. На сайце нашага цэнтра ёсць укладка “Карта даступнасці”, дзе будзе прадубліравана інфармацыя, – падкрэсліла дырэктар ТЦСАН. –Жыццё непрадказальнае. Сёння чалавек бачыць, а заўтра можа аслепнуць. Сёння ён ідзе самастойна, а заўтра перасоўваецца на інваліднай калясцы. І гэтым чалавекам можа стаць кожны з нас, нашых блізкіх ці знаёмых. Таму важна стварыць даступнае асяроддзе для людзей з інваліднасцю.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич