День информирования посвятили вопросам Союзного государства

12:30 / 03.04.2013
Чарговы дзень інфармавання адбыўся ў раёне ў мінулы чацвер і прысвячаўся тэме “Саюзная дзяржава: стан і перспектывы”.

Інтэграцыя Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі адлічвае свой пачатак з 2 красавіка 1996 года, калі быў падпісаны Дагавор аб супрацоўніцтве Беларусі і Расіі. Праз год, 2 красавіка 1997 года, Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.
Сёння сфарміравана і дзейнічае сістэма органаў Саюзнай дзяржавы: Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Савет Міністраў, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Створаны і працуюць Пагранічны і Мытны камітэты, Камітэт Саюзнай дзяржавы па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання навакольнага асяроддзя.
З 1 студзеня 2010 года дзейнічае Мытны саюз, з 1 студзеня 2012 года – Адзіная эканамічная прастора Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан.
За кошт сродкаў саюзнага бюджэту рэалізуецца 25 мерапрыемстваў у сферы культуры, адукацыі, спорту, інфармацыі і сацыяльнай палітыкі.
У Астравецкім раёне з рознымі прадпрыемствамі Расійскай Федэрацыі працуюць ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, філіял “Белкардон” ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Беларускія шпалеры”, ВФ “Верас”, ТАА “Бел-ЭЛСА”. За 2012 год экспарт тавараў склаў 1028,5 тысяч долараў ЗША, імпарт – 130,3 тысяч долараў ЗША.
Астравецкім райвыканкамам і муніцыпальным аб’яднаннем Сасноваборская гарадская акруга Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі 8 верасня 2012 года падпісана Пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Астраўцом і Сасновым Борам. Заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Астравецкім райвыканкамам і спецыялізаваным фондам расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” горада Санкт-Пецярбург.
У дзень інфармавання наш раён наведала абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе: Л.У. Зайцавай, намесніка начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, І.С. Урбановіча, намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Сустрэча адбылася ў актавай зале праўлення СВК “Гервяты”. На яе былі запрошаны работнікі кааператыва, сельвыканкама, сярэдняй школы, амбулаторыі. З асноўнай тэмай выступіла Л.У. Зайцава, а І.С. Урбановіч расказаў аб стане спраў у сістэме адукацыі Гродзенскай вобласці. На сустрэчы таксама прысутнічаў Т.З. Субаткевіч, намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Астравецкая ЦРБ” па ідэалагічнай рабоце.
У працоўных калектывах дні інфармавання правялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце. Цікава і змястоўна прайшлі яны ў ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, Астравецкім філіяле Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, ДУ “ТЦСАН Астравецкага раёна” і іншых. Наступны дзень інфармавання адбудзецца 18 красавіка 2013 года.


Свае пытанні і прапановы дасылайце ў аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама або па тэл.: 2-15-79, 2-07-59.


---------------------------------
Аляксандр КЛІМЧЭНЯ,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.


Фота з сайта samp-rp.su.