Як нараджаюцца таленты – ведаюць у сям’і Арцемьевых

12:03 / 03.06.2023

519.jpg

Гадоў колькі таму мне на вочы трапіўся відэазапіс, на якім незнаёмы чарнавокі хлопчык эмацыянальна і артыстычна чытаў «Казку пра Астравец» нашай былой супрацоўніцы Ганны Чакур.
Потым на адным з канцэртаў убачыла юных харызматычных вядучых – Арцёма і Дашу Арцем’евых.
Калі шукалі выканаўцу на ролю Паўліка, унука партызана, для спектакля «Свае і чужыя», дырэктар СШ №3 Людміла Сасноўская без ваганняў параіла Арцёма Арцем’ева.
Сёлета на канцэрце, прысвечаным Міжнароднаму дню сям’і, разам з Арцёмам і Дашай на сцэну выйшла іх малодшая сястра Ксенія. 
І я вырашыла, што трэба нарэшце пазнаёміцца з гэтай сям’ёй і даведацца, адкуль бяруцца такія таленавітыя дзеці. Не трэба пасмейвацца – я маю некаторае ўяўленне, як яны з’яўляюцца, але, пагадзіцеся, далёка не ўсе, хто прыходзіць у свет, такія адораныя і паспяховыя, як Арцем’евы.
…І вось мы п’ём чай ва ўтульнай кватэры новых астраўчан і пад залівісты акампанемент яшчэ аднаго члена сям’і – сабачкі Юты – размаўляем «за жыццё». 

Імёны Арцёма і Дашы Арцем’е­вых не сыходзяць са старонак нашай газеты (у Ксеніі, упэўнена, «хвіліна славы» яшчэ наперадзе): яны то разам, то паасобку перыядычна становяцца пераможцамі ці прызёрамі розных конкурсаў і спаборніцтваў – раённых, абласных, рэспубліканскіх. З апошніх перамог – другое месца дуэта брата і сястры ў рэспубліканскім конкурсе канферансье, дзе яны абаранялі гонар Гродзеншчыны, першае месца Дашы ў абласным конкурсе «Масты надзеі».
 Мне здавалася, што Арцем’евы жывуць у Астраўцы вельмі даўно. Аказалася – няпоўныя чатыры гады. 
– Мы пераехалі сюды ў 2019 годзе з Новалукомля Віцебскай вобласці, – гаворыць Святлана Уладзіміраўна.
– Рашэнне гэтае далося не вельмі проста, – дапаўняе жонку Сяргей Юр’евіч. – У Новалукомлі мы пражылі ўсё жыццё, там бацькі, сябры, родзічы. Кватэру пабудавалі… Усё больш-менш усталявалася, і трэба кідаць работу, калектыў, дзе ты ўсіх ведаеш і цябе ўсе ведаюць, і кідацца, як у вір з галавой, у невядомасць. Да таго ж – трое дзяцей, а ў іх таксама школа, калектыў, сябры, гурткі, інтарэсы… Але ў Астраўцы да таго часу працавалі многія сябры і знаёмыя з Новалукомльскай ГРЭС. Прыехаў сюды, паглядзеў – і зразумеў: я хачу тут жыць! Параіліся са Святланай – і прынялі рашэнне: едзем!
Сяргей працуе кіраўніком групы тэхнічнага кант­ролю на Беларускай АЭС – да гэтай вельмі адказнай і важнай пасады ён вырас з простага электраманцёра, якім пачынаў на Новалукомльскай ГРЭС, паралельна вучыўся і рухаўся па кар’ернай лесвіцы.
Святлана не здраджвае набытай у Полацкім педагагічным каледжы прафесіі музычнага кіраўніка. Па гэтай спецыяльнасці яна працавала ў адным з садкоў Новалукомля, і ў Астраўцы з радасцю прынялі вопытнага творчага спецыяліста ў дзіцячы сад №3.  
– За гэтыя чатыры гады мы не стаміліся захапляцца Астраўцом, – прызнаецца Святлана. – Горад год ад году становіцца прыгажэйшым. Калі пераязджалі, дрэўцы каля дома былі тоненькімі дубчыкамі – а сёння ўжо можна пасядзець на лавачцы ў іх ценю. СШ №3 толькі будавалася – а 1 верасня дзеці пайшлі ў новую школу. Дзіцячы садок, куды хадзіла Ксюша і дзе працую я, што называецца, у крокавай даступнасці. Цэнтр творчасці, шматфункцыянальны культурны цэнтр, фізкультурны комплекс з басейнам – усё побач. Адзінае, што крыху напружвае, – недобраўпарадкаваны Кастрычніцкі завулак: страшнавата дзяцей адпускаць у школу мастацтваў па ажыўленай дарозе без тратуара. Спадзяёмся, што да таго часу, калі туды паступіць Ксюша, шлях стане бяспечным. 
– А яшчэ нам не хапала вёскі, прыроды, – дадае Сяргей. – І мы купілі дачу – звычайны домік у вёсцы, дзе праводзім практычна ўсё лета. У нас там цяпліца, пару градак, Святланіны кветкі… І раздолле для дзяцей: басейн, батут, тарзанка, арэлі… Побач лес, куды мы ходзім у грыбы; рэчка, дзе вудзім рыбу. У дзяцінстве мне вельмі не хапала вёскі, усе летнія канікулы я сланяўся як непрыкаяны, у душным горадзе – і рады, што ў дзяцей ёсць магчымасць зведаць усю рамантыку вясковага жыцця.  
Арцем’евы з першых дзён аца­нілі неабмежаваныя магчы­масці, што з’явіліся ў іх на новым месцы жыхарства для развіцця твор­чых здольнасцей дзяцей, – і выка­рыстоўваюць іх па поўнай. 
Сямікласнік (прабачце – ужо васьмікласнік!) Арцём – выдатнік, ён  адзін з лепшых матэматыкаў школы, пераможца абласной алімпіяды на гэтым прадмеце. У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі з Дзмітрыем Ігнацікам натхнёна займаецца робататэхнікай – і таксама займае прызавыя месцы на розных спаборніцтвах. І артыстычныя здольнасці яго хутка ацанілі: Арцём майстар размоў­нага жанру, канферансье, вядучы многіх канцэртаў, драматычны артыст (гледачы спектакля «Свае і чужыя» маглі ацаніць яго талент у поўнай меры). Займаўся вакалам, і небеспаспяхова – але цяпер ад гэтага давялося адмовіцца: у падлетка ламаецца голас. У яго асабістым партфоліа – тоўстай файлавай папцы – ужо няма куды змяшчаць граматы і дыпломы.
Даша ў Новалукомлі займа­лася сучаснымі танцамі. У Аст­раўцы падалася ў вакальную студыю – хоць і харэаграфія ёй вельмі спатрэбілася: трэба бачыць, як артыстычна дзяўчынка «падтанцоўвае» сама сабе на сцэне. 
– Мне здавалася, што ў яе самыя звычайныя здольнасці, – гаворыць мама. – Але пашанцавала з кіраўніком: у цэнтры творчасці Даша займалася з Анастасіяй Ляховіч. Калі ж Насця змяніла месца работы, бачу: вочкі ў маёй дзяўчынкі патухлі… Тады запі­саліся ў школу мастацтваў на эстрадна-вакальнае аддзяленне да Таццяны Канчанін. І дачушка аджыла: зноў новыя песні, канцэрты, паездкі, конкурсы, перамогі, выступленні разам з выкладчыцай. Вочы ззяюць… 
У Дашы ў іх з сястрой дзявочым пакоі свая «сцяна славы»: палічка, застаўленая прызамі, падарункамі, медалямі за перамогі ў розных конкурсах.
У Ксюшы, якая закончыла 2 класы, перамога пакуль толькі ў адным конкурсе: яна ў школе пры­знана лепшым кіраўніком атрада страявой песні. Што ж, ёсць пачатак – будзе і працяг! Дзяўчынка любіць маляваць і мае намер развіваць свае здольнасці ў школе мастацтваў. Бацькі яе, безумоўна ж, падтрымліваюць. Як і творчыя памкненні ўсіх сваіх дзяцей.
Але ўсе, хто знаёмы з «закуліссем» творчага жыцця, ведаюць: за некалькімі хвілінамі «зорнага часу» на сцэне, за прыгожай песняй ці перамогай стаіць вялікая пра­ца. І не толькі выкладчыка і яго тале­навітага вучня, але і ўсёй сям’і.
– Так, – пагаджаюцца Святлана і Сяргей. – Пачнём хоць бы з таго, што ўдзел у конкурсах, як правіла, платны. Для шматдзетных сем’яў, як наша, існуюць льготы – тым не менш. Нават калі дзяцей вязуць на конкурс цэнтралізаваным спосабам і мы не едзем разам з імі – усё роўна трэба раненька падняцца, сабраць, зрабіць прычоску, перагледзець касцюмы, накарміць, адвезці-прывезці… Бывае, толькі сплануеш выхадныя – званок: заўтра дзецям трэба абавязкова быць… І ўсе планы падладжваюцца пад іх: трэба – значыць, трэба.
Акрамя таго, бацькі – першыя і галоўныя рэцэнзенты ўсіх канцэртных нумароў, з якімі выходзяць на сцэну дзеці. Яны не толькі любоўна, але і строга падкажуць, дзе што трэба падправіць, дабавіць, прытушыць… А потым яшчэ адашлюць відэа прагляду бабулі, якая ў курсе ўсіх творчых спраў унукаў (гэта яна, дарэчы, у сваім пенсійным узросце навучыла іх катацца на роліках і каньках) і спецыяльна прыязджае з Новалукомля, каб пабыць на спектаклі ў Арцёма ці на канцэрце ў Дашы.
І ўсё ж галоўнае слова ў сямейным мастацкім савеце за Святланай. Мама сама творчы чалавек, у дзяцінстве займалася ва ўзорным дзіцячым танцавальным калектыве «Светлячок», аб’ездзіла з ім усю Беларусь і многія замежныя краіны. Закончыла музычную школу, прадоўжыла адукацыю ў каледжы. І музычны кіраўнік у дзіцячым садку – гэта і вакаліст, і харэограф, і рэжысёр, і пастаноўшчык, і касцюмер, і дэкаратар, і «дрэсіроўшчык»…
– Затое якая радасць, калі малышы на ранішніках танцуюць і спяваюць без падказкі, пры сустрэчы здалёк махаюць ручкамі і крычаць «Добры дзень!» – прызнаецца ў любові да прафесіі Святлана Уладзіміраўна.
Тым не менш, яна лічыць, што бацькі, як і выкладчыкі, могуць толькі падтрымаць сына ці дачку ў творчых памкненнях, развіць тое, што закладзена прыродай і да чаго ў іх ляжыць душа.
– Ніякія вакальныя дадзеныя не дапамогуць, калі дзіця выходзіць на сцэну, як на плаху, – пераканана Святлана. – Галоўнае, каб ім самім падабалася тое, чым яны займаюцца. А наша задача – заўважыць, да чаго яны імкнуцца, і дапамагчы гэта развіць. І тут ужо не трэба шкадаваць ні грошай, ні часу. 
Дык вось, аказваецца, адкуль бяруцца тале­навітыя дзеці! Яны нараджаюцца, калі да таго, што дала прырода, дадаецца ўвага, клопат, падтрымка бацькоў і настаўнікаў. 
І галоўнае – безумоўная любоў, з якой усё і пачынаецца…

Текст: Нина Рыбик