Последний звонок: чем запомнятся школьные годы и какие планы на ближайшее будущее
10:08 / 31.05.2023
Наталля Васілеўская, маці выпускніка, в. Горшавічы:
– У нашай сям’і сёлета ажно тры выпускнікі: два сыны Іван і Мар’ян заканчваюць вну, а Ромка – 11 клас. (Смяецца.) І менавіта з меншага дзіцяці ў нас з мужам пачнецца новы этап жыцця, бо цяпер ужо ўсе птушаняты выпырхнуць з гнязда.
Увесь навучальны год быў напружаным, а вясна яшчэ больш: новаўвядзенні па здачы школьных выпускных экзаменаў заставілі панервавацца, а наперадзе ў сына яшчэ паступленне…
Прыгадалася, як, рыхтуючыся ў 3 класе да ранішніка 8 Сакавіка, Рома адмовіўся спяваць, за што атрымаў у хаце наганяю, а сёлета так прыгожа спяваў на ўрачыстасці; у 5 класе галасілі разам над нямецкай мовай – ніяк сыну не даваліся займеннікі, а сёння яны ад зубоў адскокваюць; у пачатковых класах у рукзаку разам з кнігамі некалі ляжалі машынкі і робаты, а ў старэйшых там можна было знайсці катушку ад вуды – сын заядлы рыбак.
…Так хутка праімчаў час. Стаялі на лінейцы з мужам, глядзелі на ўжо дарослага нашага малога Ромку – і мурашы прабягалі па скуры. Эмоцыі проста перапаўнялі, можна сказаць, разам з ім развітваліся са школай. Наплакалася… (Усміхаецца.)
Кірыл Аўлас, выпускнік 11 класа, аг. Міхалішкі:
– Школа запомніцца сябрамі – мы з аднакласнікамі дружныя. Прыйшоў у Міхалішкаўскую школу ў 9 клас – мяне добра прынялі, было адчуванне, быццам я не навічок, а вучыўся з гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі ўвесь час.
Я быў актывістам – таму атрымаў ліст-рэкамендацыю ў вну ад райкама БРСМ. Застануцца ў памяці ўдзел у конкурсах, валанцёрскіх акцыях, школьных святах… А яшчэ здымкі мясцовага старажытнага абрада хрэсьбінаў, дзе мяне папрасілі сыграць ролю кума, – шмат цікавых традыцый даведаўся.
Калі збіраўся на «Апошні званок», не ўсведамляў, што хутка развітаюся са школай, а калі прычапіў выпускную стужку, прыйшоў на лінейку – тут сэрца і зашчыміла. (Усміхаецца.) Хачу паступіць у БНТУ на факультэт АТФ – вывучаць праектаванне і эксплуатацыю транспартных сродкаў. Цэнтралізаваныя экзамены па мове і фізіцы ўжо здадзены, засталося ЦТ па матэматыцы. Буду спадзявацца, што ўсё атрымаецца.
Віктар Валанцэвіч, выпускнік 9 класа, аг. Гервяты:
– Хоць мы заканчвалі і 9 класаў, а стужкі выпускныя ў нас таксама былі; і стаялі мы асобна, разам з 11-класнікамі; і пажаданні ў наш адрас гучалі. Лічу, што гэта правільна, бо не ўсе ж застануцца ў школе, нехта, як я, здасць экзамены і будзе паступаць – такіх у нашым нашага класе трое.
Я збіраюся падаваць дакументы ў гродзенскі каледж – хачу навучыцца рабіць і рэстаўраваць мэблю, думаю, накірунак запатрабаваны і, калі стану прафесіяналам, буду добра зарабляць. Мне падабаецца працаваць з дрэвам, там, спадзяюся, гэтаму навучуся.
Цяпер задача нумар адзін – як мага лепш здаць экзамены. Іх я не баюся, бо гэта не першыя іспыты ў маім жыцці: калі вучыўся ў музычнай школе, такое было. (Усміхаецца.)
Вольга Юргелянец (на фота ў цэнтры),
класны кіраўнік 9 класа, аг. Рытань:
– У нашай школе ў гэтым годзе юбілейны – 30-ты выпуск, і ён жа апошні: установу рэарганізуюць з базавай у пачатковую. Так што мае дзве дзяўчынкі апошнія выпускніцы. Іх я ведала яшчэ з дзіцячага садка: працавала намеснікам дырэктара і наведвала ў іх заняткі.
Віка Дэнюш прыглянулася мне менавіта з таго часу: яна ўдзельнічала ў конкурсе па асновах бяспекі жыццядзейнасці. І калі для дашкалят аб’явілі конкурс «Я даследчык», я прапанавала ёй заняцца навуковай работай – даследаваць рачнога акуня. Але дзяўчо не згаджалася. Каб зацікавіць яе, падвяла да штучнага вадаёма і паказала «залатую рыбку» – на гэты «кручок» яе інтарэс і падчапіла. (Усміхаецца.) З таго моманту мы з ёй шмат даследчых работ зрабілі і ўзнагарод атрымалі.
Ангеліна Кураш таленавітая рукадзельніца і цудоўны кулінар – адны торцікі і пірожныя чаго каштуюць. У нас была традыцыя (аж да 9 класа) рыхтаваць да ўсіх святаў падарункі сваімі рукамі – у Ангеліны гэта заўсёды на «ваў», прычым кожная дробная дэталь для яе важная.
У 10 клас мае дзяўчаткі пойдуць у Кямелішкі. Мы ездзілі туды знаёміцца са школай, наведвалі заняткі – Ангеліну і Віку там чакаюць з задавальненнем. А я сумую, што трэба развітвацца… Няхай у іх усё складзецца найлепшым чынам!