Работа в Островце: нет проблем?

12:42 / 27.05.2023

Пачытаўшы ў газеце аб’явы з рубрыкі “Патрабуецца” і прагледзеўшы вакансіі, якія размяшчаюць астравецкія арганізацыі ў інтэрнэце, зрабіла для сябе выснову: беспрацоўным у нашым горадзе не будзеш – калі не маеш такога жадання. І пацікавілася ў астраўчан: ці лёгка знайсці работу ў Астраўцы?

3.jpg

Сяргей Кандратовіч, афіцыянт:

– Маладому чалавеку дакладна проста. Прычыны кшталту “малая зарплата” – гэта не пра тых, каму сапраўды патрэбна работа: калі табе трэба – знойдзеш, прычым не будзеш перабіраць “пасады”. Тут адзін крытэрый: трэба быць працалюбівым – раз і разумець, для чаго ты шукаеш, – два. І разважанні “мне такое не па душы” будуць проста адгаворкамі – у выпадку калі табе сапраўды патрэбна работа.

Я не прывык сядзець і чакаць, што на мяне “нешта зваліцца”. У студэнцтве падпрацоўваў афіцыянтам. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся ў родны горад і праз 3 дні зразумеў: патрэбна работа. Даведаўся, што ў “Піцы Тэмпа” набіраюць людзей, і пайшоў на субяседаванне, адстажыраваўся – працую. У гэтым годзе скончыў універсітэт – чакае, як гаворыцца, адпрацоўка, але работу афіцыянтам пакідаць не збіраюся – буду спалучаць.

1.jpg

Ірына Журэйка, метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны:

– Лічу, што ў нашым горадзе рэальна знайсці работу, галоўнае ведаць, чаго ты хочаш, і імкнуцца гэта шукаць.

Мяркуйце самі: па дыпломе я юрыст, працавала пэўны час па гэтай спецыяльнасці, потым судовым выканаўцам, а тады пайшла ў дэкрэт… У сферу, дзе цяпер працую, прыйшла, можна сказаць, выпадкова: шукала работу бліжэй дадому. Склала рэзюмэ і пайшла па арганізацыях пытаць пра вакансіі. Так апынулася ў цэнтры.

А яшчэ ў мяне ёсць хобі-падпрацоўка: аформілася рамеснікам – і займаюся мылаварэннем. Праўда, даход гэта сезонны: заказы ў асноўным на святы прыпадаюць, але мяне такі расклад устройвае.

2.jpg

Аляксандр Багдановіч, станочнік:

– Ды не праблема! Можна па аб’явах, можна ў знаёмых распытаць, можа, дзе што чулі, альбо ў арганізацыях пацікавіцца, ці ёсць месцы, – варыянтаў шмат, было б жаданне працаваць. Ведаю дакладна, што ўладкавацца на часова цяжэй – у гэтым плане наймальнік хоча стабільнасці. Нават калі бярэ навічка, ён гатовы яго вучыць, каб мець у будучым спецыяліста.

Калі гаварыць пра заробак, то за 300-400 рублёў – увогуле не пытанне. Ну а каб атрымліваць больш, то ўжо будзе патрэбен і вопыт, і стаж у пэўнай прафесіі, і “корачкі” якія трэба мець – гэта зразумела. Прыйшоўшы “нулявым”, спачатку пакажы наймальніку, што ты да нечага здольны, што ты можаш добра працаваць, а не са скачка, маўляў, дайце добрую зарплату. (Усміхаецца.)

Хочаш больш грошай – ідзі на падробак. Як для мужчыны, лічу, дакладна дадатковы занятак знойдзецца, калі не ленавацца.

4.jpg

Людміла Кардзіс, інспектар па кадрах:

– Каб гадоў з 15 таму ў мяне спыталі, ці лёгка знайсці работу ў Астраўцы, адказала б, што няпроста. Памятаю, як, скончыўшы каледж (у мяне эканамічная адукацыя), шукала, дзе працаўладкавацца – хоць па спецыяльнасці, хоць не па спецыяльнасці. І гэта была праблема. Прычым разглядала варыянты Смаргонь-Астравец-Ашмяны. А ў дадзены момант, упэўнена, што хто шукае – той знаходзіць. Тут галоўнае жаданне. І прафесію іншую асвоіць можна, прычым у сённяшні мабільны час гэта зрабіць нашмат прасцей – праз тыя ж курсы.

Скажу пра сябе. Адслужыўшы 11 гадоў у пагранічных органах, вырашыла змяніць від дзейнасці. Праглядала аб’явы, вакансіі на сайтах устаноў, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны, пытала ў знаёмых… І знайшла – “сарафаннае радыё” спрацавала. (Смяецца.) Узяла неабходныя дакументы, характарыстыку і пайшла на субяседаванне да дырэктара. Месца было, праўда, не па маёй спецыяльнасці. Але кіраўнік прапанавала: давайце паспрабуем. Я згадзілася. Спачатку была аператам ЭВМ, цяпер інспектар па кадрах. Працую 2-гі год, з усім разабралася, навучылася, работа падабаецца, калектыў цудоўны, зарплата задавальняе.

Текст:
Фото: Рита Дремо