Радня - па крыві ці па духу?
17:00 / 10.03.2023
Прыкладна столькі ж ведае і ён пра мяне. Добра, што ёсць «сувязны» – сястра, якая жыве з ім у адным горадзе. Нас жа жыццё раскідала па розных абласцях. Разумею, што гэта слабае апраўданне: краіна ж адна! Я ўжо маўчу пра тых стрыечных братоў і сёстраў, якія атабарыліся ў Расіі і пра якіх увогуле нічога не ведаю. А гэта ж блізкая радня, другое калена!
Усвядоміўшы, што мы ўсё больш аддаляемся, можна было б пасыпаць галаву попелам і кінуцца калашмаціць старыя тэлефонныя даведнікі і лапаціць прасторы інтэрнэту ў пошуках страчанага. Магчыма, гэта дазволіла б знайсці некага з блізкай ці далёкай радні – пры ўмове, што яны захацелі б «знайсціся»....
Але ж мая сітуацыя – не выключэнне, яна становіцца правілам для многіх, ды што там – для большасці.
Мы жывём у час парадоксаў: выпускаем больш хуткасныя транспартныя сродкі – і ўсюды спазняемся; вынаходзім новыя гаджэты і прыборы, якія дапамагаюць эканоміць час і аблягчаць працу, – і нічога не паспяваем; распрацоўваем сродкі сувязі, якія дазваляюць практычна бясплатна стасавацца з людзьмі, што знаходзяцца за сотні і тысячы кіламетраў, – і не знаходзім часу, каб пагаварыць з імі; плацім вялікія грошы, каб аднавіць радаслоўную і знайсці ў архівах звесткі пра продкаў, якія жылі некалькі стагоддзяў таму, – і не жадаем нічога ведаць пра стрыечных ці нават родных з суседняга горада.
…Неяк спытала ў паспяховага маладога чалавека, ці часта яны гавораць «па душах» з братам-блізнюком, з якім разам раслі, вучыліся, адкрывалі і развівалі фірму, што называецца, хлеба акрайчык – і той дзялілі напал. «Не, – адказаў ён. – Нас аб’ядноўвае толькі сумесны бізнес». І не трэба думаць, што таму маладому чалавеку «залаты цялец» засціў вочы: ён разумны, з душой, прыстойны. Тым не менш, лічыць такое становішча спраў нармальным: у брата ёсць свае блізкія па духу людзі, у яго – свае.
…Заўсёды па-добраму зайздросціла на вялікія і дружныя сем’і, дзе на вяселлі, юбілеі, радзіны-хрысціны ці, крый Божа, на пахаванні збіраюцца шматлікія дзядзькі-цёткі, стрыечныя, траюрадныя і сёмая вада на кісялі. І ўсе – радня, і нават памятаюць, якой вадой на якім кісялі хто каму даводзіцца. На жаль, цяпер так здараецца ўсё радзей. І справа не ў жаданні сэканоміць на пышным вяселлі («Яны, мо, праз год развядуцца, а даўгі да пенсіі давядзецца аддаваць») ці юбілеі («Сабраліся сваёй сям’ёй – няма чаго грошы на вецер выкідваць»). У гэтых аргументах, магчыма, можна знайсці рацыянальнае зерне… Але ж я не пра грошы – пра іншае. Пра тое, што мы часта і не ведаем, ці ўсё добра ў стрыечнага брата, мо, яму патрэбна дапамога ці падтрымка. І як назвала сына («А можа, дачку? Забыўся, хто нарадзіўся…») пляменніца.
Апошнім часам усё больш імкліва паміраюць не толькі вёскі, але і сем’і, род: нас паглынаюць гарады, работа, клопаты, часцей за ўсё пустыя, мітусня… І страчваецца нешта вельмі важнае, фундаментальнае, магчыма, самае галоўнае.
Як вы думаеце, чаму так адбываецца? Чаму родныя становяцца чужымі, а чужыя, але блізкія па духу людзі робяцца роднымі?
Па праўдзе кажучы, я не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне. Але вельмі баліць, што многіх са сваёй радні я ведаю ў лепшым выпадку па імені. А дзеці і не асабліва імкнуцца ведаць! Не таму, што яны дрэнныя, – яны такія як усе…
А што думаеце з гэтай нагоды вы? Пакідайце свае меркаванні ў каментарыях у групах «АП» у сацыяльных сетках – абмяркуем.
Фота з інтэрнэту.