Выставка букварей народов мира

16:30 / 28.12.2012

Адной з найбольш цікавых падзей культурнага жыцця стала выстава буквароў народаў свету, якая дэманстравалася ў дзіцячым філіяле бібліятэкі імя Карскага ў Гродне.


Павандраваўшы па музеях, школах, бібліятэках, клубах Латвіі, Грэцыі, Расіі выстава “зазірнула” і ў Беларусь.
Уражвае дыяпазон выставы, на якой прадстаўлены ўсе кантыненты, звыш 200 краін са сваімі азбукамі, букварамі, чытанкамі, пісанкамі. А калі ўявіць, што ў такіх краінах, як Індыя, Расія жывуць звыш 150 народаў і народнасцей, і амаль кожны мае сваю азбуку, буквар, то налічваецца 1020 моў, змешчаных у 8310 букварах і азбуках.
Магчымасці пазнаёміцца з гэтай унікальнай выставай мы абавязаны латышскаму педагогу, філолагу, калекцыянеру, журналісту, перакладчыку, уладальніку ордэна Трох зорак ІІІ ступені за заслугі ў галіне культуры, срэбнага медаля Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі 1987 г. Юрысу Цыбулісу.
Нашу краіну на выставе прадстаўлялі чатыры сучасныя кнігі: тры буквары Анатоля Клышкі: адзін – на беларускай мове і два – на рускай мове, і чытанка: “Беларусь – наша Радзіма”. Пачатак ХХ стагоддзя прысутнічае ў асобніку беларускага лемантара для дзяцей О. Бароўскай “Васількі”. Дарэчы, на месца ў экспазіцыі выставы могуць прэтэндаваць кнігі беларускіх аўтараў пачатку мінулага і сённяшняга стагоддзяў.
Папоўніць калекцыю сучасных буквароў Ю. Цыбульса магла б толькі што надрукаваная ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” чытанка “Азбукоўнік і лічылка”, укладзеная філолагам, вядучым спецыялістам выдавецтва “Мастацкая літаратура” Зосяй Іванаўнай Куставой і аформленая мастаком Уладзімірам Пашчасцевым, якая прэзентуецца, як “доўгачаканае і ўнікальнае, апрабаванае дашкольнымі ўстановамі краіны” – яе, дарэчы, можна знайсці ў бібліятэках раёна.
Над чытанкай працавалі больш за 70 сучасных літаратараў, якія пішуць для дзяцей. У ёй з дапамогай аўтарскага тэксту адбываецца знаёмства з кожнай літарай і кожнай лічбай. Кніга знаёміць дзяцей з прыкладамі вуснай народнай творчасці і вучыць этыкету. Тут сабрана шмат казак, і менавіта тых, якія вучаць дзяцей дабрыні.
Зося Іванаўна асабліва падкрэслівае, што “Азбукоўнік і лічылка” маюць на мэце выгадаваць не толькі ўсебакова развітага чалавека, але найперш – беларуса. Што, заўважу, вельмі важна ў наш час глабальнага моўнага нігілізму. “Азбукоўнік і лічылка” – гэта плод дынастыі педагогаў, выхавацеляў чатырох пакаленняў. Таму адчуваецца повязь часоў, увасобленая ў творчае адлюстраванне мудрасці, досведу сямейнай народнай педагогікі.
Калекцыю беларускіх буквароў эпохі пачатку ХХ стагоддзя маглі б дапоўніць кнігі педагога, перакладчыка, царкоўна-асветніцкага дзеяча беларускага школьніцтва Сяргея Канстанцінавіча Паўловіча, якія і сёння не маюць аналагаў. Да іх ліку адносіцца “Першая навука закона Божага”, якая мае падзагаловак “Пасобнік для беларускай школы і сям’і” і ўключае дадатковы раздзел “Беларуска-славянкі буквар” з тэкстамі для хатняга чытання і практыкаваннямі.
Але самым арыгінальным лічыцца буквар “Першыя зярняткі”, надрукаваны кірыліцай у 1936 г. у Вільні, і лацініцай – у 1937 г. пад назвай “Zasienki”. Актуальнасць і каштоўнасць такой педагагічнай літаратуры ў тым, каб з маладых гадоў засвойваць асновы хрысціянскай культуры, каб у будучым будаваць сваё жыццё на глебе высокіх хрысціянскіх якасцей. Кнігі Паўловіча і сёння з улікам сучаснага правапісу не маюць аналагаў і маглі б выкарыстоўвацца ў якасці падручнікаў не толькі ў беларускіх нядзельных школах, але і ў сярэдніх навучальных установах рэспублікі.
Наш зямляк Сцяпан Вікенцьевіч Казлоўскі мог бы прапанаваць Юрысу Цыбульсу з уласнай бібліятэкі “Русско-эвенский разговорник” Любові Яўгенаўны Бальшовай, 1986 г.; “Зборник эвенских песен” Марыі Мікалаеўны Амаміч, 1970 г.; “Сравнительный словарь тунгусо-манчжурских языков”, у двух тамах 1975 г. і 1977 г..
Дарэчы, Сцяпан Вікенцьевіч пазнаў на паліцы экспазіцыі “Букварь” В.І. Цынцыус для падрыхтоўчага класа эвенскай школы – гэтая кніга таксама ёсць у ягонай хатняй бібліятэцы.
Знаходзячыся ў экспедыцыі на Далёкім Усходзе, С.В. Казлоўскі збіраў народны эвенскі фальклор. І эвенскую мову тады ж спасціг ва ўсіх дыялектах, качуючы разам з аленяводамі па тундры і тайзе.
Сцяпан Вікенцьевіч ганарыцца, што спрычыніўся складанню сучаснага буквара эвенаў.
Унікальнасць і каштоўнасць калекцыі Ю. Цыбульса ў тым, што на выставе ёсць буквары ўжо зніклых моў або тых, што знаходзяцца на мяжы знікнення разам з іх носьбітамі – народамі, як моўна-духоўнымі этнакультурнымі адзінкамі-чальцамі сям’і народаў планеты.
Сцяпан Вікенцьевіч з сумам гаворыць, што ўжо ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя некачуючыя эвены, якія перасяліліся ў гарады, моцна асіміляваліся. Ягоныя словы пацвярджае статыстыка: паводле апошняга перапісу насельніцтва, эвенамі сябе назвалі каля 22 тысяч чалавек. 52,5% з іх свабодна валодаюць рускай мовай; роднай лічаць яе 27%. Эвенскай лічаць роднай 44%, але толькі 27% гавораць на ёй штодня (7 тысяч чалавек).
Здавалася б, якая нам справа да эвенскай мовы? Але амаль аналагічная сітуацыя з беларускай. Параўнайце: беларусамі падчас перапісу сябе назвалі ў 2009 годзе 83,7% насельніцтва Беларусі; беларускую мову лічаць роднай 60%; гавораць па-беларуску дома 26%; гавораць пастаянна 6%. Свабодна валодаюць рускай мовай 52% насельніцтва нашай краіны, 74% карыстаюцца ёю пастаянна.
І, як ні сумна гэта прызнаваць, існуе рэальная небяспека ў недалёкай будучыні ўбачыць беларускі буквар на падобнай выставе ў статусе “знікшых моў”. І нават магчыма, што беларускі буквар можа апынуцца ў гэтай “намінацыі” раней, чым эвенскі.


---------------------------------
Святлана БУЛАНАВА.


Фота з сайта pskovlib.ru.