“Стаім босыя каля кабінета дырэктара, і я разумею, што гэта – лёс”
11:00 / 18.02.2023
Расказвае Генадзь Паўлавіч:
– Упершыню мы ўбачылі адзін аднаго на вяселлі. Я, на той час студэнт пятага курса, жаніў суседа, Алена аддавала замуж родзічку. Сустрэліся, пазнаёміліся – не ведаю, як у яе, а ў мяне іскра праскочыла. І разышліся: пачаўся верасень, заняткі ў мяне і ў яе.
Закончыўшы ўніверсітэт, я прыехаў па размеркаванні настаўнікам біялогіі ў Карэліцкую школу. Перад пачаткам новага навучальнага года толькі пафарбавалі падлогу і мяне прымусілі разуцца на ўваходзе. Іду да кабінета дырэктара з туфлямі ў руках – а з другога боку падыходзіць тая самая дзяўчына, якую ўбачыў на вяселлі, таксама босая. І ў душы нешта шчоўкнула: напэўна, гэта лёс…
Потым была школьная спартакіяда – вучні супраць настаўнікаў, у якой мы, абое маладыя і гарачыя, удзельнічалі. Пасля пачалі сустракацца і ў красавіку 1993 года згулялі вяселле.
Часам думаю: што было б, калі б, як у той песні, іншай вуліцай прайшоў, яе не стрэў і не знайшоў? Не хочацца нават уяўляць… Па вялікім рахунку, адзін з самых вялікіх падарункаў, які мне зрабіла жыццё, – мая Алена Мікалаеўна. Яна не проста жонка, гаспадыня, маці маіх дзяцей, а паплечніца. Не скажу, што мы на ўсё ў жыцці глядзім аднолькава – напэўна, так не бывае. Але сваім жаночым розумам, інтуіцыяй яна ўспрымае рэчы па-іншаму, чым я, мужчына, – і яе парады бываюць вельмі слушнымі. Хоць часам жончыны заўвагі здаюцца няправільнымі ці нават крыўднымі, але калі адкінеш амбіцыі і прааналізуеш, то разумееш, што ёсць у іх рацыянальнае зерне. Як гаварыў герой аднаго вядомага фільма, жанчыну не падманеш, яна сэрцам адчувае. Спадзяюся, што і мае мужчынскія, рацыянальныя парады для яе небескарысныя.
Мы выхавалі дваіх сыноў. Хлопцы ажаніліся і падарылі нам дзвюх дачок, з нявесткамі ў нас цудоўныя адносіны. У выбар дзяцей мы не ўмешваліся, бо даўно вядома: што б ні параіў – застанешся вінаваты. Ды і адкуль бацькі могуць ведаць, што лепш, а што горш? Галоўнае ж, каб у іх саміх «шчоўкнула», а прыгажосць, паходжанне, матэрыяльная забяспечанасць – гэта другаснае… Малодшы з будучай жонкай разам вучыліся, жылі ў адным інтэрнаце. Старэйшы, як сёння часта бывае, знайшоў свой лёс у інтэрнэце, хоць жылі адзін у Смаргоні, другая – у Ашмянах. Цяпер яны побач з намі. Гэта адна з маіх мараў: каб усе былі «ў крокавай даступнасці», каб можна было падзяліцца радасцю і спадзявацца на падтрымку, калі нешта здарыцца. У нас ужо ёсць цудоўная ўнучка Лізачка, чакаем яшчэ адно прыбаўленне ў сям’і.
Ні галавы, ні шыі ў нашай сям’і няма – усё вырашаем разам, на сямейным савеце. Як гаварыў Уінстан Чэрчыль, дэмакратыя – горшая з форм праўлення, але нічога лепшага пакуль не прыдумалі.
Канешне, пакрыўлю душой, калі скажу, што 30 гадоў сумеснага жыцця былі бясхмарнымі. Непаразуменні, вядома ж, здараліся – як і ў кожнай сям’і. Але, як гаварыў адзін мой сябар, мы не для таго жаніліся, каб потым разыходзіцца. Калі надышлі нейкія дурыкі – пайдзі ў поле, знайдзі адзінокую бярозку і раскажы ёй пра свае беды. Не, біць дрэўца не трэба, яно ні ў чым не вінаватае. Увогуле, мой жыццёвы вопыт сведчыць: калі ўзнікла праблема, няважна, у адносінах з мужам ці жонкай, у паводзінах дзяцей – пашукай прычыну ў сабе, яна абавязкова знойдзецца. А на іншых, нават на тую ж бярозку, перакладваць віну не варта. Мы ўсе ў адказе... Не, не за тых, каго прыручылі, – ніхто нікога не прыручаў, а за тых, хто побач: за сваю другую палавінку, за дзяцей, унукаў, за мікраклімат і гарманічныя адносіны ў сям’і. І не варта рызыкаваць самым каштоўным дзеля таго, каб самасцвердзіцца.