Астраўчане расказалі, што ім найбольш запомнілася са школьнага жыцця
Перад былымі выпускнікамі ў першую суботу лютага школы расчынілі свае дзверы. Вечар сустрэчы даў цудоўную магчымасць убачыцца з аднакласнікамі і настаўнікамі, прыгадаць цікавыя ўрокі і вясёлыя перапынкі. Жыхароў Астравеччыны карэспандэнт “раёнкі” папрасіў расказаць, што ім найбольш запомнілася са школьнай пары.
Лілія Танковіч, у дэкрэтным адпачынку:
– Сёлета спаўняецца 15 гадоў, як я скончыла школу. Вучылася ў Варнянскай сярэдняй і ў СШ №1 Астраўца, праўда, у гарадской толькі 2,5 гады. Лічу гэты досвед карысным: сяброў стала ўдвая больш! (Усміхаецца.) Атрыманыя веды пацвердзіў залаты медаль.
Са школай звязана маё дзяцінства, для мяне яна – другі дом. Мама ўсё свядомае жыццё працуе намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы. Усе летнія канікулы я праводзіла з ёй у школе, дзе пад маім наглядам праходзіў рамонт. Таму пах фарбы “Эмаль” – самая яркая асацыяцыя з дзяцінствам. Перад іншымі дзецьмі ў мяне быў вялікі бонус: я магла спакойна зайсці ў любы кабінет, заняць месца настаўніка ў пустым класе і вызваць да дошкі ўяўных вучняў… Але педагогам я не стала: знайшла сваё прызванне ў медыцыне.
Анастасія Ядзевіч, загадчык Гервяцкага дома культуры:
– Школьныя гады мне запомніліся многімі падзеямі. Не праходзіла ні дня, каб мы нечым не займаліся: арганізоўвалі святы, праводзілі конкурсы, ездзілі на экскурсіі. Але найчасцей ўзгадваю спаборніцтвы па баскетболе – мы неаднойчы станавіліся раённымі пераможцамі дзякуючы настаўніку фізічнай культуры Анатолю Мечыслававічу Кавалеўскаму. Таксама ўдзячна класнаму кіраўніку Наталлі Францаўне Крувялене за разуменне, парады і цярпенне.
Святлана Лукша, намеснік дырэктара Падольскай СШ:
– Усё маё жыццё звязана з гэтай навучальнай установай: з 1-га класа да сённяшняга дня, за выключэннем чатырох гадоў вучобы ў Лідскім педвучылішчы. Школа – гэта і першае каханне, якое перарасло ў сям’ю. Самыя чароўныя моманты адбываліся на занятках па ткацтве з настаўніцай-майстрыхай Тарэсай Зянонаўнай Качкан. Бязмежна ўдзячна ёй за перададзены жыццёвы вопыт. Запомніўся выпускны баль: на мне была пашытая мамай белая сукенка ў чырвоныя гарохі, я марыла стаць настаўніцай і адчувала сябе тады самай шчаслівай у свеце! Сваіх настаўнікаў добрым словам узгадваю і цяпер – яны былі добрымі, чулымі, справядлівымі, разумнымі, прыгожымі.
Андрэй Іваноў, праграміст (без фота):
– Самым складаным для мяне было рана прачнуцца. Я – стопрацэтная сава, такі, дарэчы, і цяпер. У класе 8-ым, калі ў нашай школе з’явіліся першыя камп’ютары, падсеў на інфарматыку. Тады зразумеў, што хачу стаць праграмістам. Са школьнага жыцця найбольш запомнілася, напэўна, сустрэча світання: усё вядомае заставалася ў мінулым, а што чакала наперадзе – мы не ведалі.
Ангеліна Мікліс, рэдактар радыёпраграмы “Гарадок”:
– Не верыцца, што мінула роўна 10 гадоў пасля заканчэння школы. Мне складана ўспомніць нешта цікавае – я была прыкладнай вучаніцай: не сваволіла на ўроках, выконвала дамашнія заданні. Падабалася, калі нас адпраўлялі на бульбакапанне ў гаспадаркі раёна, хоць дома рабіць гэта не любіла. Што яшчэ запомнілася? Тое, што да гэтага часу не ведаю матэматыкі. (Усміхаецца.) Хоць Аляксандра Іосіфаўна Мацкевіч – цудоўны і таленавіты педагог. У сёмым класе ў нас з’явілася фізіка. За першую чвэрць Анатоль Іванавіч Бацюлеў мне паставіў 4 па 10-бальнай сістэме. Усю дарогу дадому я праплакала: куртка была мокрая ад слёз. У далейшым адзнаку выправіла, нават рабіла “соў” – заданні павышанага ўзроўня.
P.S. Якая падзея са школьнай пары самая важная і памятная для вас? Дзяліце ў каментарыях да артыкула ў суполках АП у сацыяльных сетках.