Под зеленым полумесяцем, шестиконечной звездой и белорусским васильком живёт и развивается Ивье

15:30 / 11.12.2012

Традыцыйныя журналісцкія семінары, якія праводзяцца пад эгідай абласнога ідэалагічнага ўпраўлення, цікавыя і карысныя тым, што дазваляюць, акрамя чыста прафесійнай вучобы, якую звычайна праводзяць выкладчыкі Гродзенскага ўніверсітэта, пабачыць і даведацца нешта новае ў суседзяў – нават там, дзе, здавалася б, нічога новага ўбачыць і даведацца немагчыма.
Апошні такі семінар стаў для рэдактараў раённых газет вобласці адкрыццём даўно вядомага Іўя.


Скажу шчыра: для мяне гэты горад, які з’яўляецца своеасаблівым мостам паміж нашым “паўночным кустом” і цэнтральнай часткай Гродзеншчыны, нягледзячы на тое, што свой “гарадскі” статус ён набыў з добры дзясятак гадоў таму, заўсёды асацыіраваўся з занядбаным – хай прабачаць мяне калегі і суседзі – мястэчкам, своеасаблівай “цяплічнай сталіцай” вобласці, дзе заўсёды можна было купіць самыя раннія і смачныя радыску, агуркі, памідоры. Інтарэс выклікала хіба што адзіная ў Беларусі па-за межамі Мінска дзеючая мусульманская мячэць – усё ж побач з традыцыйнымі хрысціянскімі канфесіямі пабачыць зусім іншую рэлігію, даведацца пра яе асаблівасці, традыцыі народа, які жыве, побач, але па сваіх законах – гэта заўсёды цікава.
Але, як паказаў семінар кіраўнікоў СМІ вобласці, цікавага ў Іўі – далёка не адна толькі мячэць.
Хоць і яе мы, безумоўна ж, наведалі. Пачціва, як і належыць, разуўшыся ў калідоры, прайшлі ўнутр невялікага драўлянага будынка, пафарбаванага ў зялёны колер, з паўмесяцам на высокім мінарэце.. Увогуле ў мусульман жанчыны павінны ўваходзіць у храм праз асобны ўваход, і маліцца на сваёй палавіне, аддзеленай ад мужчынскай – але нам, як турыстам, было дазволена хадзіць па абедзвюх частках храма і нават фатаграфаваць, ды яшчэ задаваць свае цікаўныя пытанні – і атрымліваць на іх падрабязныя адказы…
Але, як аказалася, не мячэццю адзінай цікавае сёння Іўе. Увогуле трэба адзначыць, што за апошнія гады горад змяніўся непазнавальна: ён ператварыўся ў сімпатычны, акуратны, самабытны гарадок са сваім адметным тварам. Вельмі ўпрыгожыў яго памятны знак, устаноўлены на цэнтральнай плошчы, які сімвалізуе дружбу і мірнае існаванне ўсіх рэлігійных плыняў і канфесій, што жывуць і працуюць на гэтай зямлі: католікаў, праваслаўных, іудзеяў, мусульман.
Падчас семінара гаспадары пастараліся прадэманстраваць, што ўсё і на самой справе так. Мы наведалі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе ксёндз-дэкан Ян Гавецкі расказаў, што робіцца ў храме і за яго межамі, каб ратаваць душы людзей ад зла, ад смерці фізічнай і духоўнай. У праваслаўнай царкве Святога Пакутніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага – першай падобнай у нашай краіне – яе настаяцель і благачынны Іўеўскай акругі, Вячаслаў Пашкевіч у некалькіх хвілінах размовы не толькі распавёў пра свой храм і прыход, але і “зачапіў” журналістаў мудрымі, глыбокімі заўвагамі і разважаннямі. У храме, дарэчы сказаць, знаходзіцца не толькі абраз з мошчамі Святога пакутніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага, але і ікона Маці Божай Казанскай – адна з шасцідзесяці, што былі асвечаны ў гонар 60-годдзя Вялікай Перамогі і перад тым, як разысціся па розных храмах і прыходах былога Савецкага Саюза, пабывалі ў космасе.
Тая ж тэма адзінства розных нацыянальнасцей і культур, што жывуць на іўеўскай зямлі, стала асноўнай і ў экспазіцыі Іўеўскага музея нацыянальных культур, які быў адкрыты ў горадзе два гады назад. Парадаваўшыся за суседзяў, што яны ўрэшце змаглі зрабіць тое, што ніяк не ўдаецца ажыццявіць у Астраўцы, усё ж мушу прызнаць, што напаўненне музея наколькі цікавае, настолькі і нераўнамернае. Да прыкладу, жыццё беларусаў – тытульнай нацыі, у Іўеўскім музеі прадстаўлена беднавата…
Затое вельмі багата і цікава тут прадстаўлена мусульманства. У экспазіцыі змешчана вялікая калекцыя каранаў, кетабаў – кніг па гісторыі краю, напісаных арабскіх шрыфтам на беларуска-польскім дыялекце, хамаілаў – кніг для хатняй малітвы, дзе яшчэ змяшчаюцца каментарыі і тлумачэнні малітваў, а таксама падаюцца рэцэпты для лячэння хвароб. Гэтыя выданні, сярод іх – шмат рэдкіх і старажытных, нават рукапісных экзэмпляраў, у большасці сваёй – з калекцыі муфція, які перадаў іх у экспазіцыю музея. Цікавасць уяўляе арыгінальнае адзенне муфція, крыху меншую – больш прыгожыя і яркія, але стылізаваныя, распрацаваныя дызайнерамі па іх гусце і разуменні святочныя ўборы мусульман.
Таксама ў музеі прадстаўлены даволі рэдкія і цікавыя, хоць і не такія шматлікія экспанаты, што расказваюць аб жыцці іўеўскіх яўрэяў – практычна ўсе гэтыя артэфакты прывезены з Ізраіля, дзе зараз жывуць цудам ацалелыя падчас фашысцкага генацыду прадстаўнікі іўеўскай яўрэйскай дыяспары і іх нашчадкі. Яны да гэтага часу захоўваюць успаміны аб сваёй пакутнай радзіме і імкнуцца, каб тут таксама захоўвалася памяць аб разумных, працавітых і прадпрымальных яўрэях, якія да вайны складалі значную частку насельніцтва Іўя. І каб памяць гэтая захоўвалася не толькі ў пабудаваных у асаблівым стылі яўрэйскіх дамах, сінагогах і іншых збудаваннях, у якіх зараз жывуць іншыя людзі і размяшчаюцца іншыя ўстановы – дзякуй богу, што яны захаваліся да гэтага часу і даюць уяўленне аб сапраўдным даваенным Іўі, але і ў музеі. Застаецца толькі ў чарговы раз уздыхнуць са шкадаваннем, што ў Астраўцы да гэтага часу не толькі няма свайго музея, але знікаюць ці трацяць сваю адметнасць рэдкія даваенныя збудаванні – так, да прыкладу, адзін з трох каменных дамоў, што існавалі ў нас да вайны, так званы каменны дом Коўзана, трапіўшы ва ўладанне прыватніка, нядаўна набыў безаблічна-сайдзінгавы выгляд – і стаў, “як усе”…
Наведванне Лелюкінскай сярэдняй школы, якая была адкрыта ў гэтым навучальным годзе, пакінула незабыўныя ўражанні – яе без перабольшвання можна назваць школай будучыні: для навучання, адпачынку, выхавання і ўсебаковага развіцця дзяцей тут створаны ўсе ўмовы.
“На дэсерт” удзельнікам семінара было прапанавана знаёмства з паляўнічай гаспадаркай Іўеўскага лясгаса. І нягледзячы на тое, што адбывалася яно вечарам, пры месяцавым “асвятленні”, і некаторыя аб’екты комплексу яшчэ знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва, яна пакінула цудоўнае ўражанне і ў чарговы раз пераканала, што леснікі, бадай што, вельмі творчыя людзі. Думаецца, адпачыць у такой гаспадарцы ў любую пару года з радасцю пагодзяцца не толькі паляўнічыя – абы грошай хапіла…
На ўсіх удзельнікаў семінара – нават такіх, як я, ранейшых скептыкаў – абноўленая Іўеўшчына зрабіла вялікае ўражанне. І ў чарговы раз пацвердзіла, што не варта заставацца ў палоне распаўсюджаных стэрэатыпаў і лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць.


Ніна РЫБІК, фота аўтара.