Островецкую кукурузу надо подсушить

20:45 / 06.11.2012

Каралева, яна і ў сіласнай яме – каралева. Маю на ўвазе кукурузу, якая ў структуры кармоў, нарыхтоўваемых для грамадскага статка, з года ў год трымае пальму першынства – з’яўляецца асноўнай кормастваральнай адзінкай. Вось і сёлета ў агульнай масе так званых грубых кармоў, назапашаных на зімне-стойлавы перыяд, на долю кукурузнага сіласу прыпадае амаль 60 працэнтаў іх агульнай колькасці. Прычым гэтая самая “доля” асабліва пажыўная.


Пры выбары сартоў “каралевы” аграномы раёна сталі арыентавацца выключна на сарты ранніх тэрмінаў даспявання, што дазваляе кукурузе і ў нашых халаднаватых для яе шыротах даспельваць зерневыя пачаткі. Вегетацыйная маса, здробненая разам з зернем, у сіласнай яме ператвараецца ў корм з павышаным утрыманнем бялку і крухмалу. Сёлета такога корму нарыхтавана амаль 120 тысяч тон.
Але не сіласам адзіным… У апошнія гады ў  раёне шырыцца практыка абмалоту кукурузных пачаткаў. Вось і сёлета з агульнай плошчы кукурузы, якая была пасеяна на 4175 гектарах, 400 гектараў было запланавана ўбраць на зерне.
Па стану на 1 лістапада абмалочана 319 гектараў, з якіх сабрана 2937 тон зерня. Сярэднераённая ўраджайнасць склала 97 цэнтнераў з гектара (трэці паказчык у вобласці). У СВК “Гервяты” кукуруза дае на круг па 110 цэнтнераў, у СВК “Варняны” – па 106.
–Спецыфіка ўборкі кукурузы – у высокай вільготнасці яе зерня, – тлумачыць загадчыца сектара раслінаводства Алеся Іванаўна Вялічка. – Сёння прыборы для вымярэння вільгаці паказваюць 36-37 працэнтаў.





Для збожжа гэта нерэальная вышыня, а для кукурузы – блізкая да аптымальнай. Хоць сушыльшчыкам прыходзіцца шмат папрацаваць, каб давесці зерне да кандыцыйнай вільготнасці. Затое дадатковыя тры тысячы тон зерня! З улікам кукурузнага намалоту сёлетні валавы збор зерня перавысіць 80-тысячны рубеж – упершыню за гады існавання раёна.
Пасля дасушкі і ачысткі зерне кукурузы становіцца адным з кампанентаў для прыгатавання камбікармоў для грамадскага статка. Пэўная частка намалоту ў цэльным выглядзе трапляе ў кармушкі маленькіх цялят і не толькі насычвае малечу, але і дапамагае правільна сфарміраваць яе страўнік.