Учителей, воспитателей и других работников образования Островетчины собрал бал

16:53 / 03.10.2022
1132

У апошнія гады традыцыяй святкавання Дня настаўніка ў нашым раёне стаў нязвыклы фармат – сёлета гэта быў баль, які адбыўся ў Мальскім доме культуры. І суадносны дрэс-код: дамы ў вячэрніх сукенках, мужчыны ў строгіх касцюмах альбо смокінгах.

Гасцям прапаноўвалі прызнацца ў любові сістэме адукацыі раёна і запісаць свае пажаданні ў спецыяльнай кнізе, а таксама папазіраваць перад камерай у фотазонах.

– Любое свята – гэта ў першую чаргу віншаванне, і мы не будзем мяняць гэтай традыцыі, – зазначылі напачатку цырымоніі ўзнагароджання вядучыя і запрасілі на сцэну дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктара Свілу.

– Дазволю сабе перафразіраваць Максіма Горкага, сказаўшы, што ўсім лепшым ува мне я абавязаны настаўніку, – звярнуўся да віноўнікаў урачыстасці Віктар Збігневіч. – Таму вельмі хачу, каб усе вы былі шчаслівымі, здаровымі, каб над вамі было сонечнае неба – гэтыя пажаданні як ніколі актуальныя і важныя ў цяперашні час. І я ўпэўнены, што ніхто з астравецкіх педагогаў не страціць лепшых сваіх якасцей і арыенціраў на дабрыню, сумленнасць, прыстойнасць – усяго таго, што з’яўляецца неад’емнай часткай вас.

Віншавальную эстафету ў дэпутата перанялі начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, начальнікі РАУС і РАНС Дзмітрый Місюк і Віталь Рыбак, лідары раённых грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “Белая Русь”, Наталля Баніцэвіч і Ірына Раткевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Кутовіч, першы сакратар райкама БРСМ Вольга Максімава.

За Падзякамі, ганаровымі граматамі і дыпломамі на сцэну падымаліся дырэктары, іх намеснікі, настаўнікі-прадметнікі, дэфектолагі, педагогі дадатковай адукацыі, выхавацелі, музычныя кіраўнікі, памочнікі выхавацеляў, повары, спецыялісты аддзела адукацыі і метадычнага кабінета – усе тыя, хто дапамагаюць дзецям пазнаваць навакольны свет, а таксама ствараюць камфорт і ўтульнасць для выхаванцаў.

А пасля цырымоніі ўзнагароджання галоўных герояў свята запрасілі на сапраўдны баль – і закружыліся пары ў вальсе.

З першых вуснаў

Генадзь Бычко:

– Канфуцый у свой час даваў параду: калі ў вас планы на 100 гадоў наперад – вучыце дзяцей. Дзеці – самае каштоўнае, што ў нас ёсць, і мы іх давяраем менавіта педагогам, якія не проста даюць веды, а выхоўваюць грамадзян і патрыётаў.

У сістэме адукацыі Астравеччыны працуюць больш за 600 педагогаў. Дзякуючы таленавітым настаўнікам, у нас ёсць стыпендыяты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі, прэміі А. Дубко, пераможцы алімпіяд, міжнародных канферэнцый, турніраў, розных творчых конкурсаў – і гэта далёка не ўвесь пералік.

Аксана Землякова:

– Ветэранам педагагічнай працы жадаю, каб вучні ўспаміналі вас добрым словам; маладым спецыялістам – каб заставаліся такімі ж крэатыўнымі; педагогам – каб ваша настаўніцкая работа была як у першы раз, каб вашы вучні здзіўлялі вас, як быццам першы набраны клас… І вялікі дзякуй гасцям, што знайшлі час, каб прыехаць, павіншаваць, пабыць на ўрачыстасці.

Таццяна Санюкевіч:

– У сістэме адукацыі я даўно, пачынала ў Дайлідскай школе – вельмі цёплыя ўспаміны засталіся і пра калектыў, які стаў для мяне родным, і пра дзяцей, якіх вучыла. Цяпер працую музычным кіраўніком у астравецкім ДЦРД №1. Сваю прафесію вельмі люблю і ў другой сябе не ўяўляю. З малышамі працаваць вельмі прыемна – і адказна. Дзеці любяць музыку, я люблю іх – і таму ў нас поўнае ўзаемаразуменне.

Рада, што маю работу заўважаюць, – было вельмі прыемна атрымаць ганаровую грамату напярэдадні прафесійнага свята!





Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений