В Островце прошел семинар работников лесного хозяйства

10:30 / 12.10.2012

На мінулым тыдні ДЛГУ “Астравецкі лясгас” прымаў гасцей з усёй вобласці. На яго базе прайшоў абласны семінар па тэме “Развіццё экалагічнага турызму. Арганізацыя ўзаемадзеяння з органамі мясцовага ўпраўлення, работа са зваротамі грамадзян”. У гэты ж час тут адбылася выязная абласная калегія, прысвечаная вынікам выканання арганізацыямі галіны паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень-жнівень 2012 года, а таксама стану аховы працы.


Прыезд і рэгістрацыя ўдзельнікаў семінара і калегіі праходзілі ў Доме паляўнічага, што знаходзіцца ў Задворніках. Было бачна, што многія з прысутных на Астравеччыне не ўпершыню – і тым не менш большасць з іх з захапленнем аглядвалі прыгожыя, патанаючыя ў чырвона-жоўта-зялёнай лістоце краявіды.
На семінар прыехалі прадстаўнікі ўсіх лясгасаў Гродзенскай вобласці і Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб”яднання. Паглядзець на асноўныя метады работы Астравецкага лясгаса і пераняць вопыт прыехалі 80 чалавек. Неўзабаве гукі паляўнічага рога аб’явілі аб пачатку мерапрыемства. Генеральны дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання У.Д. Семянюк пазнаёміў усіх з праграмай і выказаў спадзяванне на плённую і карысную працу як на семінары, так і на калегіі. Пасля госці падзяліліся на дзве групы: удзельнікі калегіі адправіліся на пасяджэнне ў кінаканцэртную залу “Астравец”, а семінар распачаўся непасрэдна ля Дома паляўнічага. І першы аб’ект агульнай увагі – дэндрапарк, які размясціўся побач.
– Хачу звярнуць увагу прысутных на тое, як прадумана і з разлікам пасаджаны гэты дэндрапарк, – заўважыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання А.Ч. Бумбуль. – Людзі прыедуць на экскурсію або на адпачынак у Дом паляўнічага – і абавязкова ўбачаць гэтую прыгажосць. Такім чынам дэндрапарк не застанецца незаўважаным дзесьці ў закуточку.
Пасля гэтага ўдзельнікі семінара адправіліся на тэрыторыю вальераў, дзе ўжо не першы год жывуць ласі, лані, дзікія кабаны, плямістыя і высакародныя алені, за якімі даглядаюць работнікі лясгаса. “Нашы гадаванцы” – з пяшчотай і клопатам называюць яны жыхароў вальераў.
Як на навакольнае асяроддзе і галоўнае багацце Беларусі – лясныя масівы – паўплывае першая беларуская атамная электрастанцыя, якая будуецца ў нашым раёне, ці не пагражае яна экалогіі – і наогул, якія меры бяспекі будуць прынятыя – на гэтыя і іншыя пытанні ўдзельнікі семінара атрымалі кампетэнтныя і разгорнутыя адказы падчас экскурсіі ў Інфармацыйны цэнтр АЭС, якую правёў кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Э.І. Свірыд.
Пабываць на Астравеччыне і не заехаць у Гервяты, не пабачыць касцёл Святой Тройцы – гэта, напэўна, тое самае, што прыехаць у Парыж і не пабыць ля Эйфелевай вежы. Таму наступным прыпынкам для гасцей былі менавіта Гервяты, а дакладней – касцёл. Ксёндз Леанід Нясцюк сустрэў гасцей з вялікімі садовымі нажніцамі – у гэты час ён праводзіў агляд у яшчэ адной з асаблівасцей касцёла – дэндрапарку, які размяшчаецца вакол. Менавіта са знаёмства з ім і распачынае ксёндз сваю экскурсію. Розных відаў дрэвы і кустарнікі, травы і кветкі знайшлі тут сваё месца – усё разам стварыла непаўторную прыгажосць, на якую можна любавацца бясконца. “Вось бы нам такое ў лясніцтва!”, – чую чыйсьці захоплены голас.
Наведванне касцёла было не менш захапляючым – спакой і велічнасць храма, непаўторная прыгажосць і ўзрушваючыя, экспрэсіўныя і заспакойваючыя адначасова гукі аргана, якія выклікалі то заспакоенасць, то мароз па скуры і прымушалі задумацца аб вечным, а таксама некалькі песень у выкананні Андрэя Міхневіча – усё гэта не пакінула раўнадушным ніводнага з удзельнікаў семінара. Таму на развітанне ўсе шчыра дзякавалі ксяндзу Леаніду Несцюку за цікавую і карысную экскурсію.
Пазнавальным аказалася і наведванне ўдзельнікамі семінара пляцоўкі будаўніцтва АЭС. Адна справа – чуць пра праведзеныя работы, вырытыя метры катлавана і зусім іншае – пабачыць усё на ўласныя вочы і сфатаграфавацца ля каменя, дзе зусім нядаўна Прэзідэнт краіны залажыў капсулу з пасланнем нашчадкам.
Пасля насычанай пазнавальнай праграмы, надышла чарга і галоўнага пункта праграмы семінара – знаёмства і агляду некаторых лясніцтваў раёна. Першым было Міхалішкаўскае, на парозе якога гасцей сустрэў ляснічы Я.С. Волкаў, які коратка расказаў пра сваю гаспадарку, асноўныя метады работы і дасягненні. Тут жа, у актавай зале лясніцтва, адбылося і пасяджэнне, на якім аб арганізацыі ўзаемадзеяння з органамі мясцовага ўпраўлення і рабоце са зваротамі грамадзян расказаў намеснік дырэктара ДЛГУ “Астравецкі лясгас” – П.З. Крупеньчык.
– Праблемы, безумоўна, ёсць, – адзначыў напрыканцы выступлення Пётр Зянонавіч. – Але мы стараемся знаходзіць патрэбныя падыходы, шукаем выйсце нават з бязвыхадных сітуацый і робім усё для таго, каб людзі былі забяспечаны ўсім неабходным і былі задаволены.
Затым ад спраў штодзённых удзельнікі семінара перайшлі да ўрачыстых. У гэтым годзе на тэрыторыі Астравецкага лясгаса два лясніцтвы атрымалі новыя канторы. На іх урачыстае адкрыццё і адправіліся ўдзельнікі семінара, да якіх, дарэчы, далучыліся і прадстаўнікі выязной калегіі.
Новы адміністрацыйны будынак Падольскага лясніцтва сустрэў пахам свежай фарбы, утульнымі кабінетамі з новай мэбляй і ўрачыстай атмасферай. Менавіта ў такой святочнай абстаноўцы Генеральны дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання У.Д. Семянюк разам з дырэктарам ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Р.М. Долгім перарэзалі чырвоную стужку – і тым самым задалі пачатак новым плённым справам гэтага лясніцтва. Затым новае месца працы лясной гаспадаркі асвяціў ксёндз Раман з Кямелішак. Было сказана нямала шчырых слоў і пажаданняў маладому ляснічаму Ю.В. Касцюкевічу. Яго калегі з усёй вобласці прыехалі не з пустымі рукамі, і іх віншаванні былі падмацаваны важкімі падарункамі.
У новую кантору перабраліся і работнікі Спондаўскага лясніцтва. Шыкоўны двухпавярховы будынак, ля якога пышна цвітуць і радуюць вока вясёлыя россыпы аксамітак і вабіць-запрашае адпачыць драўляная альтанка – усё гэта адразу ж адкрылася позіркам удзельнікаў семінара. Больш падрабязную экскурсію па сваёй новай гаспадарцы правёў нястомны і энергічны ляснічы Спондаўскага лясніцтва В.Р. Лукашэвіч.
Напрыканцы падарожжа ўдзельнікі семінара завіталі на дрэваапрацоўчы цэх лясгаса, дзе кожны дзень адбываецца своеасаблівы цуд: звычайнае дрэва пераўтвараецца ў патрэбныя для народнай гаспадаркі піламатэрыялы.
На гэтым праграма абласнога семінара і выязной калегіі закончылася. Іх удзельнікі нямала пабачылі і ўзялі штосьці для сябе на заметку. Засталося толькі даць адзнаку праведзеным мерапрыемствам. У выніку на заключным пасяджэнні была адзначана добрая работа ДЛГУ “Астравецкі лясгас” і высокі ўзровень праведзенага семінара.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ,

фота аўтара.