Мотовандроўкі астраўчан: па дарогах Карэліччыны

09:13 / 21.08.2022
Гэта своеасаблівы стыль жыцця, калі ты, не паспела вясенняе сонейка раза­гнаць нізкія зімовыя хмаркі, пачынаеш «вастрыць лыжы» і марыць пра неабсяжныя далячыні.

Вандраваць можна пешшу, на машыне ці аўтаспынам, збіраць у скарбонку ўспамінаў эмоцыі ад далёкіх паездак ці мясцовых турыс­тычных паходаў. 

А месцаў, пра якія мы не ведаем і нават не чулі, у Беларусі шмат.

Вандруйце разам з намі ў новым праекце «Мотавандроўкі»  – і самастойна. А сваімі знаходкамі і эмоцыямі дзяліцеся ў сацыяльных сетках у групах «раёнкі».

Ну што ж, апусцілі забрала моташлема – і наперад!

Не менш за велічныя замкі прыцягваюць турыстаў архітэктура і духоўная насычанасць храмаў – да якой рэлігіі або часу ўзвядзення яны не адносіліся б. І не абавязкова дзеючыя, але і рэшткі – сярод іх жыватворнай цішыні і векавога спакою дыхаецца свабодна і думаецца лёгка. 

У чарговы раз я адчула гэта на Карэліччыне.

Дзе пануе дух святой Варвары

У аграгарадку Райца, нібы запрашаючы не толькі думкамі, але і фізічна – як кажуць у народзе, нагамі – дайсці да самага неба, каб адчуць яднанне з нечым невядомым, прыцягвае вока і душу царква Святой Варвары.

Храм вабіць незвычайным выглядам – адзіны ў Беларусі пабудаваны ў гатычным замкавым стылі. Уваходную вежу «накрывае» не звыклы шпіль або купал, а парапет у выглядзе каменных зубчыкаў, упрыгожаны ляпнінай.

Да царквы вядзе доўгая крутая лесвіца, кожны крок па якой, здаецца, набліжае да часоў вытанчаных дам і кавалераў у элегантных кафтанах. 

На ўваходзе беласнежная арка з вастраватым «шпілем» адным «плячом» прытулілася да невялічкай плябаніі, якая, пакуль храм патрабаваў рамонту, была малельным домам.

Кажуць, на вежы царквы знаходзіўся гадзіннік і 5 званоў, якія былі страчаны ў Першую сусветную вайну. Дарэчы, гадзіннік, няхай сабе і неарыгінальны, на вежы з’явіўся зноў. Як і званы – бачна, новыя, яны часова размешчаны непадалёк храма. Верыцца, хутка яны таксама зоймуць сваё, прадугледжанае гісторыяй месца…  

На вежы ў даваенныя часы была статуя, якую сёння замяніў вялікі белы крыж, з-за памераў узведзены ля сцен храма. Па адной версіі гэта была статуя Дзевы Марыі, па другой – святой Варвары. 

Спачатку храм быў каталіцкім, у праваслаўны яго перарабілі ў 1863 годзе, калі род каталікоў Раецкіх страціў сваю значнасць і не мог больш уплываць на мясцовых жыхароў-праваслаўных. 

У Другую сусветную вайну ў будынак трапіў снарад, з часам храм разрабавалі і спалілі. Уцалела толькі галоўная вежа.

Можна сказаць, пановай царква была пабудавана ў 2003-м. І ўжо колькі дзесяцігоддзяў святая Варвара з невялічкага «акенца», здаецца, дорыць цяпло тым, хто знаходзіць сюды дарогу

У той дзень храм у Райцах падаўся мне месцам, якое адлюстроўвае, што людзі розныя толькі на першы погляд. Бо ўсе мы, да якога б веравызнання ні адносіліся, як бы ні называліся і ў якія б часы ні жылі, аднолькавыя – у памкненнях верыць, любіць, кахаць, здзяйсняць мары і добрыя справы.

У руінах Бярозаўца

Калі сяброўка агучыла чарговую кропку мотамаршруту  – руіны Троіцкай царквы ў вёсцы Бярозавец – я пасмяялася: што можна знайсці ў сценах, якія даўно забылі галасы прыхаджан? Памылялася…

Так, ад калісьці прыгожага будынка засталіся рэшткі сцен з чырвонай цэглы і вялізных камянёў. 

Пабудаваны ў 1863 годзе храм спачатку быў драўляным, у 1900-м на грошы мясцовага бюджэту яго перабудавалі ў каменны. Праіснавала царква нядоўга: у Першую сусветную вайну была зруйнавана – і больш не адбудоўвалася.

Усё яшчэ велічны будынак прыцягвае ўвагу. Заходзіш праз шы­рокія арачныя вароты – і заміраеш сярод цішы, якая нібы выглядвае скрозь рашоткі вялікіх вокнаў, хаваецца ў ценю закуткоў і мяккім дыване зялёнага моху на сценах, у цёплым пясочку пад нагамі… І разумееш, што ўвесь накоплены табой негатыў і мітусня лёгкімі парывамі ветрыку выносяцца праз адкрыты «калодзеж» былога даху ў неба…

Тут хочацца проста маўчаць і думаць, успамінаць і ўсве­дамляць тое, на што раней не хапала часу або не было жадання. Вось табе і руіны… 

Мясцовыя жыхары прыглядаюць за Троіцкай царквой, якая ўнесена ў многія турыстычныя маршруты. Вакол чыста, абкошана, не мазоляць вока надпісы, якія так любяць пакідаць «дзікія» турысты. А ў правай частцы ўстаноўлены металічны крыж з іконкай.




У тэму: заезд у Мураванку

Аматарам культавых мар­шру­таў па Беларусі не магу не расказаць пра яшчэ адно месца, дзе можна не толькі пра гісторыю краю даведацца, але і душой адпачыць. Давядзецца для гэтага заехаць у Шчучынскі раён.

Царква-крэпасць Ражаства Багародзіцы знаходзіцца ў вёсцы Мураванцы і лічыцца адной з жамчужын нашай краіны.

Калі храм пабудаваны, невядома, аднак дакладна яму больш за 500 гадоў. 

Падчас шматлікіх войнаў свя­тыню штурмавалі, не раз аб­стрэльвалі – але сцены шырынёй у 2 метры і вышынёй у 12 вытрымалі.

Высокая, квадратная, з чатырма вежамі па баках, царква ўражвае як звонку, так і знутры. Ваеннай моцай і нязломнасцю дыхае кожная цаглінка, упэўненасцю ў сваіх сілах засцерагчы і аберагчы нібы прапітаны бетонныя сцены, афарбаваныя ўжо ў сучасны перыяд у белы колер – колер чысціні і веры.

Інтэр’ер уражвае нават не алтаром і іконамі, а размаляванай столлю: рукатворныя, лёгкія аркі спляліся ў вялікі ахоўны дыван, глядзіш на які – і перапаўняешся спакоем і верай…




Текст:
Фото: Ольга Хотянович