Пашыраецца экспазіцыя рытанскага музея

16:33 / 18.08.2022
Наша газета ўжо расказвала пра цікавую і багатую экспазіцыю старадаўніх рэчаў, якую сабраў у Рытанскім доме культуры яго дырэктар Аляксандр Юргелянец. Аляксандр Мечыслававіч, заха­піўшыся гэтай справай, працягвае папаўняць музей новымі экспанатамі. Мясцовыя жыхары яму актыўна дапамагаюць. Даве­даўшыся, што Алік – так часцей называюць аднавяскоўцы Юргелянца – збірае даўнейшыя прылады працы і прадметы вясковага побыту, у Дом культуры нясуць хто што: ліхтарык савецкіх часоў ці ваенную біклагу, вайлакі ці маслабойку, сявеньку ці граблі… 

А нядаўна падарылі драўляны воз, зроблены без адзінага цвіка! Толькі ў пакоі, адведзеным для музейнай экспазіцыі, месца было мала, ды і не вельмі спалучаліся калёсы і іншыя «вулічныя» прылады працы з калаўротам ды калыскай. Але ж у фае Дома культуры ёсць яшчэ адно крыло – там «пасяліліся» воз, вілы, косы і іншыя сялянскія прылады працы. 

Знайшлося ў музейнай экспазіцыі месца і для музычных інст­рументаў. Наведвальнікі, пачуўшы хрыплаваты голас Высоцкага, які суправаджае характэрнае патрэскванне, не адразу разумеюць, што іграе прайгравальнік – прывітанне з 80-х! Дарэчы, і пласцінак – тых самых вінілавых кружэлак, якія зноў увайшлі ў моду, – у Рытанскім музеі цэлая калекцыя! Высоцкі, Ратару, «Лейся, песня», «Самацветы»… І ўсе рабочыя: слухаць – не пераслухаць.
 Школьнікі, пагранічнікі з бліжэйшых застаў, якія час ад часу завітваюць у Дом культуры на мерапрыемствы, з цікавасцю разглядваюць экспанаты – і пераносяцца ў мінулае: бачаць, чым касілі, аралі, жалі – здабывалі хлеб надзённы іх бацькі і дзяды; уяўляюць, як яны адпачывалі. Дарэчы, усе экспанаты ў рытанскім музеі – рабочыя, іх можна не толькі пакратаць, але і паспрабаваць у справе. Калі на конкурс касцоў, які праводзіўся тут падчас рытанскага фэс­ту, адзін з удзельнікаў прыйшоў без прылады працы, Юргелянец «узброіў» яго музейнай касой, цалкам прыгоднай для справы.

– Мне хутка кросны прывязуць. Сапраўдныя! – падзяліўся радаснай навіной Аляксандр Мечыслававіч.

 Што ж, цудоўна: значыць, экспазіцыя рытанскага музея будзе папаўняцца і пашырацца. 



Текст: Нина Рыбик