О выбранных профессиях рассказали выпускники школ Островетчины

16:00 / 17.08.2022
1130

Што за прафесію выбралі, ці спраўдзіліся мары, куды паступілі і якія былі адчуванні, калі даведаліся пра залічэнне, – пра гэта карэспандэнт пацікавіўся ў выпускнікоў Астравеччыны.

Людміла Дзісько, скончыла 11 класаў Падольскага НПК:

– Буду вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы. Вагалася паміж такой жа ўстановай у Мінску і Гроднам, але спынілася на апошнім варыянце, бо там забяспечваюць інтэрнатам.

Выбрала трайную спецыяльнасць: прадавец-кансультант-касір. Праўда, спярша думала пра іншы профіль, але вырашыла, што ён будзе больш як хобі, таму пераарыентавалася. (Усміхаецца.) Конкурс праходзіў па бале атэстата. Хвалявалася, пакуль чакала вынікаў, а потым мне патэлефанавалі з каледжа і паведамілі, што паступіла.

Чаму менавіта прадавец? Таму што падабаецца прафесія, не раз назірала за работай людзей за прылаўкам (дарэчы, у мяне сястра і сяброўка прадаўцамі працуюць), людзей люблю…


Артур Кяжун, скончыў 9 класаў Варнянскага НПК:

-- Бацькі хацелі, каб пасля 11 класа паступаў, але не “націскалі” – маўляў, глядзі сам. І вось я студэнт Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, абраў спецыяльнасць “мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”.

Электроніка мяне даўно захапляе – на аматарскім узроўні паяю, рамантую, займаюся зборкай, а цяпер буду вучыцца рабіць гэта прафесійна. (Усміхаецца.) Сарыентавацца і вызначыцца з навучальнай установай мне дапамагалі брат і яго жонка, за што ім вялікае дзякуй!

Прызнацца, хацеў звязаць прафесію з ваеннай сферай – марыў пра паступленне ў Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі, куды пасля 9-ці класаў прымаюць на некалькі спецыяльнасцей. Прыгледзеў тэхнічную эксплуатацыю паветраных суднаў, але конкурс быў вялікі…   -- падаў дакументы ў політэх.

Адсочваў электронны маніторынг падачы дакументаў, бачыў, што праходжу па конкурсе, але толькі калі прыехаў у каледж на сход і пачуў сваё прозвішча падумаў: “Ну ўсё, бывайце школа і Варняны!” (Смяецца.)



Аліна Бабіч, скончыла 11 класаў Альхоўскай СШ:

– Я ўжо студэнтка БДПУ імя Максіма Танка, буду настаўнікам пачатковых класаў! (Захоплена.)

Колькі хваляванняў было: прайду-не прайду па конкурсе. Час, здавалася, цягнуўся бясконца – няма, напэўна, нічога страшней за чаканне. Прахадныя балы ўвесь час глядзела – у мяне 258 было, па маніторынгу падачы дакументаў адсочвала, на якім я месцы, бачыла, што павінна ўсё атрымацца, але нервавалася страшна. Ну а калі на сайце ўніверсітэта размясцілі спісы на залічэнне і трансляцыю паглядзела – расплакалася ад шчасця. (Усміхаецца.)

У 8 класе вызначылася, кім буду. Марыла вучыць малых дзяцей па прыкладзе сваёй першай настаўніцы Марыны Генадьеўны Вайнілка. Пачала ўзмоцнена рыхтавацца да ЦТ па біялогіі, гісторыі і мове. І ўсё сталася, як хацела.

Быў у мяне яшчэ варыянт: гродзенскі медкаледж. Цікавіцеся, чаму такія розныя накірункі? Душа ляжала і да медыцыны, але ў прыярытэце была педагогіка.



Ілля Шчасны, скончыў 9 класаў астравецкай СШ №2:

-- З майго класа сёлета большая палова паступае. Я падаў дакументы ў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж на спецыяльнасць “эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” – конкурс там па бале пасведчання аб адукацыі.

Мару стаць вадзіцелем. Пасля 9 класа вырашыў паступаць, каб не губляць часу: хочацца хутчэй набыць прафесію, стаць самастойным – зарабляць свае грошы. І бацькі, дарэчы, маё жаданне падтрымліваюць.

Пра Ашмянскі каледж і тое, што там вучаць на вадзіцеляў, даведаўся, калі прадстаўнікі гэтай установы прыязджалі да нас у школу. Потым з’ездзіў туды на Дзень адкрытых дзвярэй, убачыў кабінеты, утульны інтэрнат, даведаўся, што гарачым харчаваннем навучэнцаў забяспечваюць, – і сумненняў ужо не было. Яшчэ адзін плюс: блізка ад дома! Ды і вучыцца няшмат – 3 гады. (Усміхаецца.)

Залічэння яшчэ не было -- пакуль чакаю вынікаў. Спадзяюся, што ўсё складзецца так, як хацеў.



Андрэй Коркуць (без фота), скончыў 11 класаў астравецкай СШ №3:

– Некалькі дзён таму даведаўся, што залічаны ў спісы студэнтаў юрыдычнага факультэта ўніверсітэта “МІТСО”, тады падумалася: “Ну ўсё, можна быць спакойным”. Застаецца звыкнуцца з думкай, што ўжо не школьнік. (Усміхаецца.) З’ездзілі на агульны сход, даведаліся наконт жылля – інтэрнат на першым курсе даюць усім.

Дзесьці ў класе 9-м вызначыўся, кім хачу быць. Прафесію юрыста выбраў, бо яна мне падабаецца, да таго ж работа стабільная і заўсёды будзе запатрабаванай. Як бы таго ні хацелася, а канфлікты і спрэчкі паміж людзьмі не кожны раз вырашаюцца мірна, па дамоўленасці, тады і звяртаюцца да юрыста.

Што тычыцца прадметаў, якія здаваў, гэта грамадазнаўства, англійская і руская мовы. І калі першы прадмет цяжкасцей не выклікаў, то на апошнія 2 давялося “паднаціснуць”. Уяўляеце, толькі калі здаў ЦТ, даведаўся, што мне як замежнаму грамадзяніну (Расійскай Федэрацыі. – Заўв. аўт.) яно не патрэбна было – там асобны конкурс. Затое праверыў свае веды! (Смяецца.) А наконт паступлю ці не амаль не хваляваўся – быў упэўнены ў сабе.

Праз 4 гады стану кваліфікаваным спецыялістам. Думаю звязаць жыццё з адвакатурай, асабліва цікавяць крымінальныя справы.

Рэдакцыя нашай газеты жадае ўсім выпускнікам, каб іх жыццёвая дарога была роўнай, вучоба – лёгкай, а абраная прафесія стала справай па душы!

Текст: Рита Дремо
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений