Пра жніво і шлях у прафесію расказвае Іван Зімніцкі
14:11 / 01.08.2022
У КСУП «Міхалішкі» неаднаразова сустракалася з вадзіцелем Іванам Зімніцкім, але пагутарыць змястоўна не атрымлівалася. Нарэшце, выдалася нагода: партрэт Івана Пятровіча змешчаны на раённую Дошку гонару. Летась яго прызналі адным з лепшых вадзіцеляў на корманарыхтоўцы.
У адзін з дажджлівых дзён, калі камбайны стаялі ў майстэрні, сустрэлася і пагутарыла з Зімніцкім.
Жыццё неаднойчы ставіла Івана Пятровіча перад выбарам. Але ён з уласцівай вяскоўцам сціпласцю, працавітасцю і прыроджанай сарамлівасцю выбіраў больш знаёмую і звыклую дарогу. Можа, менавіта пагэтаму мужчына працуе на адным месцы больш як 40 гадоў?
– Я з Вераб’ёў. У хаце жылі некалькі пакаленняў: бабуля з дзедам, бацькі, цётачка да замужжа і мы з сястрой. Бацькі працавалі на мясцовым цагельным заводзе. Пасля яго закрыцця мама перайшла ў механізаваную перасоўную калону, а бацька – у Спондаўскую сярэднюю школу рабочым, – працягвае мужчына.
– Конь быў у багацейшых сем’ях. Мы трымалі карову, парачку кабанчыкаў, курэй. Касіць я навучыўся рана. Сенажаці – што шнурочкі, і далёка ад вёскі. У кожнай сям’і мелі рагулю, трэба было летам назапасіць кармоў на ўсю зіму. За 2-3 кіламетры хадзілі на сенакос: скасілі – праз дзень-другі траву трэба перавярнуць; задажджыць – скласці ў стажкі; распагодзіцца – раскідаць іх, – узгадвае летнія дзіцячыя клопаты Іван Пятровіч. – У нашай мясцовасці касіць людзям дазвалялі толькі пасля пачатку жніва, да гэтага рыхтавалі кармы для калгаснага статка. Акрамя таго, кожная сям’я павінна была накасіць і здаць 5 тон сена з няўдобіц. Абкошвалі, што маглі – дарогі, узлескі. Цяпер, куды ні глянь, столькі травы стаіць – толькі касі, а сена ўжо нікому не патрэбна. Адзінкі на вёсцы кароўку трымаюць.
У рэдкіх забавах ды паўсядзённай працы лета прамінала хутка. У верасні школьныя званкі клікалі дзетвару за парты.
– У Страчскай васьмігодцы я быў сярэднячком. Многія аднакласнікі хацелі хутчэй развітацца са школай і зарабляць свой рубель. А мне мроілася мора. Да цётачкі, якая жыла з намі, заляцаўся кавалер са Свіры, марак. Мне так яго форма падабалася! Надумаў паступаць у калініградскую «мараходку». Бацькі не пусцілі: маўляў, няма калі вучыцца, трэба працаваць, – з настальгіяй узгадвае юначую мару Іван Пятровіч.
Але жыць за ўласныя грошы Зімніцкаму доўга не давялося: у 1976 годзе яго забралі ў армію за тысячы кіламетраў ад родных Варабёў – у далёкі Усурыйск.
– Прыморскі край незвычайны. Сопкі, прырода прыгожая і клімат мяккі: цёпла ажно да лістапада, – успамінае мужчына. – Служыў я ў авіяцыі ля самай кітайскай граніцы.
Пасля дэмабілізацыі Івана Зімніцкага ў астравецкім ваенкамаце настойліва «сваталі» ў міліцыю, але пасля двух гадоў армейскага жыцця яму не хацелася жыць па раскладзе. За кампанію з сябрамі юнак уладкаваўся ў аўтапарк шафёрам.
– У Спондах меліяратары асушалі палі, а мы вазілі грунт. У адзін з рэйсаў зазірнуў у мясцовы магазін. Там убачыў дзяўчыну – і з першага позірку прыгажуня запала ў душу, – узгадвае знаёмства з жонкай Іван Пятровіч. – Пасля вяселля з Яняй два гады жылі з маімі бацькамі. З жыллём тады складана было.
Дзеля ўласнага кутка Іван перайшоў з аўтапарка ў калгас «Савецкая Беларусь». Маладой сям’і спачатку выдзелілі невялікую кватэру, пазней – дом у Страчы.
– Росквіт нашай гаспадаркі прыпаў на сярэдзіну 80-ых. Кармоў хапала на ўсю зіму, засекі збожжам поўніліся, – працягвае мой суразмоўца. – Пры Валерыі Іосіфавічы Руновічы я ўвогуле дома, можна сказаць, не спатыкаўся: вазіў крупу, муку, піламатэрыялы – усё гэта выпускалі ў нашай гаспадарцы – і іншую прадукцыю ў Гродна, Мінск, Оршу. Ды і мы тады былі маладымі, здаровымі, з усім спраўляліся.
Цяпер Іван Зімніцкі кожнае лета возіць збожжа. Па словах мужчыны, яго «дзядулька» – пятнаццацігадовы МАЗ – не падводзіць.
– Хочацца, каб збожжа лепш сыпалася. Калі быў прычэп, то больш за тысячу тон перавозіў, – расказвае вадзіцель. – Хоць увогуле трымаюся залатой сярэдзіны: у перадавікі не рвуся, не плятуся ў канцы. Лічу: узяўся працаваць – дык не лянуйся. Раней у гаспадарцы ладзіліся працоўныя спаборнітвы сярод камбайнераў, вадзіцеляў. За першыя тры прызавыя месцы нам давалі прэміяльныя чэкі на 3, 5, 10 рублёў адпаведна. Да параўнання: буханка хлеба тады каштавала 18 капеек. Быў імпэт працаваць, перамагаць. Хоць не грошы галоўнае. Прыемна, калі тваю работу заўважаюць, цэняць. Калі даведаўся, што мой партрэт змясцілі на раённую Дошку гонару, усцешыўся: не дарэмна амаль 40 гадоў вазіў зерне.
Кажуць, што сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць сад і выгадаваць сына. З гэтай місіяй Іван Пятровіч цалкам справіўся.
– Жывучы на вёсцы, усюды трэба прыкласці рукі. Дзеці выраслі, раз’ехаліся. Старэйшая, Тамара, жыве з сям’ёй у Міхалішках, працуе эканамістам. Віталь скончыў лінгвістычны ўніверсітэт, але па прафесіі не працуе – стаў айцішнікам. Засталіся мы ўдваіх з Яняй, – расказвае мужчына. – Зімой, калі больш вольнага часу, душой адпачываю на рыбалцы. Моцна люблю ціхае паляванне. Летась жонка ўжо прасілася, каб больш не насіў грыбоў. А што ж рабіць, калі яны, асабліва калі ўжо выходзіш з лесу, нібыта кідаюцца пад ногі: крамяныя баравікі, падасінавікі ў чырвоных шапачках…
Але цяпер Івану Пятровічу няма часу думаць пра грыбы. Збожжа саспела – і, як і кожны год, жніво паклікала вадзіцеля ў дарогу…