Па слядах астравецкага мядзведзя: актуальнае інтэрв’ю з інжынерам па паляўнічай гаспадарцы

15:00 / 24.06.2022
1997

Не першы тыдзень ходзяць чуткі, што ў нашых лясах з’явіўся новы жыхар – буры мядзведзь. Яго бачаць то тут, то там. А нядаўна пайшла пагалоска, што касалапых не менш за два, а ў якасці пацвярджэння “знаўцы” паказвалі відэа, на якім два звяры дужаюцца, – пазней аказалася, што гэта фэйк…

Ці ёсць мядзведзь на  Астравеччыне і што рабіць пры сустрэчы са зверам – на гэтыя і іншыя пытанні адказаў інжынер па паляўнічай гаспадарцы доследнага лясгаса Віктар Урбановіч.


– Многіх хвалюе, ёсць мядзведзь на Астравеччыне ці гэта чуткі? Віктар Мечыслававіч пастаўце кропку ў гэтым пытанні.

-- Ёсць. Нашы фотапасткі “злавілі” бурага мядзведзя месяц назад ва ўрочышчы Рабіноўка (Катлоўскае доследнае лясніцтва). Зазначу, што звер жыве ў нашых лясах непастаянна – мігрыруе. Сказаць дакладна, колькі мядзведзей у нашым раёне – адзін ці больш – пакуль немагчыма. Бліжэй да восені, калі пачнецца загоннае паляванне, будзем бачыць выйдзе гэты звер на нумары, як іншыя жывёлы, ці не.

Вялікая папуляцыя мядзведзей налічваецца ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Звяры зазвычай прыходзяць з боку Белавежскай і Налібоцкай пушчаў на Іўеўшчыну, Ашмяншчыну.

Летась на пагранічным пераходзе “Лоша” былі заўважаны мядзведзіца з мядзведзяняткам, праўда, прабылі яны на нашай тэрыторыі толькі месяц – больш мы іх не бачылі, яны пайшлі ў бок Пастаў.

– А чаму мядзведзі зрываюцца з наседжанага месца?

– Калі на плошчы пражывання недастаткова корма для вялікай мядзвежай сям’і, некаторых выганяюць – яны шукаюць сабе іншыя месцы. Дарэчы, калі бураму спадабаюцца нашы лясы, ён можа застацца тут і на зіму.

Адметная асаблівасць гэтых жывёл, што яны не жывуць гуртом, як, напрыклад, львы прайдам ці ваўкі стаяй. Мядзведзяня (адно, радзей – два) ходзіць з маці да двухгадовага ўзросту. Калі мядзведзіца ізноў зацяжарыла, мішкі сыходзяць і існуюць самастойна.

– Хутка пачнецца ягадна-грыбны сезон. Людзі баяцца ісці ў лес, каб не сустрэцца з гэтым зверам. Жыхары Астравеччыны цікавяцца, няўжо спецыялісты аховы прыроды сумесна з леснікамі не могуць злавіць мядзведзя і вывезці куды-небудзь?

– Падкрэслю, буры мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Па заканадаўству мы не можам, больш таго, не маем права нічога рабіць.

– Многія вяскоўцы летам зарабляюць на чарніцах і лісічках. Не прывядзі бог, але тэарэтычна сустрэча з мядзведзем можа здарыцца. Што рабіць?

– Ні ў якім разе не панікуйце, не шуміце і не рабіце рэзкіх рухаў. Калі паблізу ёсць пень ці корч, залезьце на яго і ўздыміце рукі з кошыкам – візуальна памеры вашы павялічацца. Ні ў якім разе не глядзіце жывёліне ў вочы, не паварочвайцеся спінай. Адступайце дробнымі крокамі назад.

Пры сустрэчы з мядзведзяняткам рабіце тое ж. Ні чапайце і не накіроўваецеся ў яго бок: памятайце, што мядзведзіца дзесьці побач, з-за мацярынскага інстыкту яна будзе абараняць сваё дзіця, нават калі яму нічога не пагражае.

– А чым яны харчуюцца?

– Мядзведзі ўжываюць у ежу ягады і розныя карэньчыкі. Могуць паласавацца аўсом. Драпежнымі яны становяцца, калі раней выходзяць са спячкі, а таксама мядзведзі-шатуны. Яны нападаюць на дзікоў, аленяў, лосяў, казуль – хто трапіцца на шляху.

– Падсумуем нашу гутарку. Віктар Мечыслававіч, дык хадзіць ці не ў лес людзям, якія баяцца сустрэчы з мядзведзем?

– Канешне, кожны вырашае для сябе ісці ў грыбы ці ягады ці не. Мне падаецца, страх справацыравалі відэа, якія зараз “гуляюць” у інтэрнэце. Большасць з іх – фэйкавыя. Не варта нагнятаць абстаноўку.

Зразумейце, прыродай закладзена, што мядзведзь баіцца чалавека. Крыкі, узмахі рукамі звер можа ўспрыняць, як агрэсію ў свой бок – і атакаваць. А так ён хутчэй за ўсё схаваецца ў гушчары.

Фотапасткі зафіксавалі мядзведзяў на тэрыторыі Беларусі

Текст: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений