Па сцяжынцы да школьнага парога Маркунскай школы прайшлася дачка яе дырэктара, былая настаўніца Людміла Кухарэвіч

11:00 / 25.04.2022

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

Расказвае ветэран працы, дачка былога дырэктара Маркунскай школы Івана Канстанцінавіча Ільінскага Людміла Кухарэвіч:

– Спачатку Маркунская школа была пачатковай, потым стала васьмігадовай. Яе будынак быў драўляным, тут было цёпла і ўтульна. Здаецца, ён пабудаваны ў 1947 годзе, тады ж наша сям’я прыехала ў Астравецкі раён. Хутчэй за ўсё, будынак быў тыповым, таму што класы размяшчаліся па схеме – яны былі вялікімі, а настаўніцкая, наадварот, маленькая. Памятаю, што ў першую змену вучыліся старшакласнікі, а ў другую – малодшыя школьнікі. Да бацькі дырэктарам Маркунскай школы працаваў Аляксей Савіч.

З кнігі «Памяць. Астравецкі раён» вядома, што ў 1947 годзе ў раёне працавала 20 школ лікбеза, у якіх навучалася 190 чалавек. У Маркунах дзейнічалі такія класы пры агульна­адукацыйнай школе.

Дырэктар

– Гэта была школа радасці і дабра. Мой бацька, Іван Канстанцінавіч Ільінскі, да вайны ў 16 гадоў скончыў педагагічнае вучылішча. У 18 яго забралі ў армію. А потым Вялікая Айчынная пачалася, ён якраз вучыўся ў Томскім ваенным вучылішчы. У 1944 годзе іх накіравалі ў Румынію – ехалі праз Мінск, калі ішло вызваленне горада. На чыгунцы састаў спынілі – ноч салдаты і маладыя афіцэры правялі ў поездзе. Потым трапілі ў «Мінскі кацёл». Бацьку пашанцавала быць у радах тых, хто ўдзельнічаў у першым парадзе ў Мінску, – узгадвае біяграфію Івана Ільінскага дачка. – Пасля вайны ён застаўся служыць у Мінску. Тут пазнаёміўся з маёй маці – распісалі іх у штабе дывізіі ва Уруччы ў 1945 годзе. У 1946 годзе я нарадзілася, а праз год бацьку накіравалі ў Астравецкі раён.

У той час многіх, у каго была гра­мадзянская адукацыя, накі­роў­валі на захад аднаў­ляць гаспадарку – так Іван Канстан­ці­навіч Ільінскі з сям’ёй трапіў на Астравеччыну.

– Пачынаў бацька ў Гудагайскай школе, праз год яго перавялі ў Мі­халішкаўскую школу, дзе ён працаваў намеснікам дырэктара, – узгадвае Людміла Іванаўна. – Мы пасяліліся ў Міхалішках. Я была малая, але помню выпадак, калі бацька збіраўся ў Падваранцы ці Каценавічы на сход. І раптам раздаецца стук у дзверы, заходзіць мужык у кажуху і гаворыць: «Іван Канстан­цінавіч, вы заўтра нікуды не ідзіце, там будуць «госці». І сапраўды ў той дзень была перастрэлка. Відаць, людзі паважалі бацьку, што пера­сцераглі яго ад бяды. 

А ў 1958 годзе Іван Канстан­цінавіч узначаліў Маркунскую школу, якая атрымала статус васьмігодкі.

– Напачатку мы жылі ў Міха­лішках – у Маркунах не было дзе пасяліцца. А потым вызва­лілася хата Ермакоў – гаспадар працаваў на аль­хоўскай фабрыцы і пабудаваў там новы дом, а мы пераехалі ў ягоны, – расказвае Людміла Іванаўна. – Хатка наша была невялічкая, але мела свае перавагі: пад адным дахам былі хата, сені, выстопка, дзе бульбу, ягады-варэнні захоўвалі, далей – сарайчык, дзе стаяла сечкарэзка, складвалі салому і сена, а потым – хлеў. Добры быў і панадворак. Агарод садзілі – зямля была багатая. А перад хатай – кветкі і бяроза раслі. Канешне, было цеснавата, але збіраліся ра­зам мы толькі ўвечары. Амаль цэлы дзень бацька і мы, дзеці, у школе праводзілі.

Іван Канстанцінавіч быў таленавітым чалавекам: іграў на гармоніку, баяне, акардэоне, балалайцы, мандаліне і гітары. І таму лёгка аб’ядноўваў вакол сябе моладзь з Маркун і суседніх вё­сак, якая хадзіла сюды ў школу.

– У бацькі ў школе заўсёды быў парадак. Мне вучыцца ў Маркунах не выпала, сюды хадзілі толькі сёстры. Затое 2,5 гады мне давялося працаваць пад камандаваннем бацькі, – узгадвае Людміла Іванаўна. – Іван Канстанцінавіч любіў дзяцей. Гэта і зразумела – у сям’і нас было чацвёра. Ён і нас вучыў парадку і дысцыпліне, тое ж было і ў школе. 

Вучні аддзячвалі свайму дырэктару дабром і любоўю. На ўсіх сямейных святах ён быў жаданым госцем – праводзіў хлопцаў у армію і выдаваў дзяўчат замуж.

Увесь час, што Іван Канстан­ціна­віч працаваў у школе, ён пра­цягваў вучыцца: спачатку ў Мала­дзечанскім педінстытуце атрымаў спецыяльнасць настаў­ніка фізікі і матэматыкі, а ў 50 гадоў скончыў Гродзенскі педінстытут па спецыяльнасці «гісторыя».

– Раней на ўсе дзяржаўныя святы ў клубе ладзіліся вечарыны. Да іх бацька старанна рыхтаваўся: напярэдадні перачытваў часо­пісы – іх у нас было шмат, рабіў нейкія выпіскі і распрацоўваў сваё выступленне. У клубе збіраліся людзі, дарослыя і дзеці. Усе спачатку слухалі лекцыю, а потым канцэрт – і гэта было цікава і важна для кожнага.

У Маркунскай школе Іван Кан­с­­танцінавіч адпрацаваў дырэктарам 13 гадоў. Ён быў на сесіі ў Гродне, калі здарыўся пажар, – хата Ермакоў, дзе жылі Ільінскія, згарэла, і сям’я пераехала назад у Міхалішкі – ім далі будынак старой Міхалішкаўскай школы, цёплы і ўтульны.

– Дырэктар Міхаліш­каўскай школы Якаў Дзям’янавіч Чыр­коў прапанаваў бацьку месца заву­ча-арганізатара – ён умеў выступаць і добра гаварыць. Потым, пераехаўшы ў Астравец, працаваў пры школе-інтэрнаце загад­чыкам, здаецца, да 73-75 гадоў, – гаворыць Людміла Куха­рэвіч.

Маркунская школа пасля ад’ез­ду Ільінскага праіснавала ня­доўга – была пашкоджана пад­час пажару. Аднаўляць яе не сталі. 

Педагогі-ветэраны Астравецкага раёна

Па настаўніцкай сцежцы

– Я рада, што першыя крокі ў прафесію зрабіла менавіта ў Маркунскай школе. Вучылася на трэцім курсе педінстытута, калі ў бацькі з’явілася вакансія настаўніка гісторыі і нямецкай мовы. Апошні прадмет падчас маёй вучобы ў Міхалішках выкладала яўрэйка Валянціна Канстанцінаўна – добра паста­віла вымаўленне і дала веды па граматыцы. І ў інстытуце цудоўная настаўніца была – мы чыталі газеты і кнігі без слоўніка, слухалі пласцінкі. Гэтую практыку я стала ўкараняць і ў школе. Да таго ж мяне яшчэ і фізкультурай «нагрузілі».

– Успамінаю першыя крокі ў прафесіі, – працягвае Людміла Іванаўна. – Мне 17 гадоў, маім вучням – 15, яны скончылі 7 клас і перайшлі ў 8-мы. Летам мы разам у ягады хадзілі, а восенню мне на працу выходзіць. І я папрасіла дзяўчат, каб вялі сябе добра на ўроках. Яны малайцы – ніколі не было ніякіх канфліктаў. І калі хлопцы пачы­налі паводзіць сябе не вель­мі добра, дзяўчаты высту­палі ў маю абарону. 

Бацька для Людмілы Іванаўны стаў настаўнікам у прафесіі.

– Ён вучыў ніколі не гаварыць, што дзіця дрэннае – такім і стане. Бачыў у вучні асобу. І нават у крытычных сітуацыях не павышаў голас, не круціў за вуха, а тлумачыў і вучыў дзяцей прасіць прабачэння. І яны разумелі, – дзеліцца Людміла Кухарэвіч.

Маркуны былі вялікай прыгожай вёскай. Па словах Людмілы Іванаўны, яе ўвогуле можна лічыць узорнай: шырокая вуліца, справа і злева якой – раўчукі, па якіх сцякала вада, а праз іх масточкі драўляныя перакінуты, побач – тратуарчыкі. І каля хат было чыста, суха, кветкі ўсюды раслі. У пасляваенныя гады ў самым малым класе школы было 12 чалавек, а звычайна па 15-17 школьнікаў, некаторыя былі пераросткамі.

– Я была класнай у 6 ці 7 класе, запісваю прозвішчы школьнікаў, даты іх нараджэння. Адзін з вуч­няў – з 1949 года, а я ў 1946-м нарадзілася, – усміхаецца Люд­міла Іванаўна. – Дзіця дзяцей вучыла! Але спраўлялася.

Дома ў сям’і Ільінскіх быў цвёрды распарадак – кожны за нешта адказваў. Гэтаксама і ў школе. Загадаў дырэктара ніхто не абмяркоўваў – ні вучні, ні педагогі.

– А якія настаўнікі працавалі ў нашай школе! Усе яркія, талковыя, дружныя. Ніхто нікому не зайздросціў – заўсёды дапа­магалі адзін аднаму, – узгадвае Людміла Іванаўна.

Сямікласнікі і васьмікласнікі для малодшых школьнікаў рых­­та­­валі літаратурныя і гіста­рыч­ныя вечарыны. Такая ж старанная падрыхтоўка вялася і да бацькоўскіх сходаў.

– У вёсцы былі толькі клуб, школа і магазін. Людзі працавалі з раніцы да вечара ў полі, на фермах – і, вядома, ім хацелася штосьці ўбачыць цікавае. Таму бацькоўскія сходы таксама праходзілі вельмі насычана. Да нас далучаліся вучні і педагогі Відзюнскай пачатковай школы, якая размяшчалася непадалёк, – яны ўдзельнічалі ў бацькоўскіх сходах і канцэртах.

– Прыходзіла вясна – і арганізоўвалі справаздачы разам з канцэртамі. Гэта называлася культурна-асветніцкая эстафета. Вельмі добрае мерапрыемства было, – дзеліцца ўспамінамі Людміла Іванаўна. – У вялікім пакоі, дзе звычайна мы ставілі на Новы год ёлку і спраўлялі ўсе святы, збіраліся вучні і настаўнікі, прыходзілі бацькі. Да нас, у Маркуны, прыязджалі настаўнікі і вучні з Чэхаў, выступала іх дырэктар Ніна Юльянаўна Васілёнак, давалі канцэрт. Мы частавалі іх чаем. Праз нейкі час Маркуны везлі сваё прадстаўленне ў Альхоўку. Цудоўны быў час і вельмі добрая традыцыя!

– Пры школе была адрына, дзе складвалі розныя рэчы. Да  яе прымыкала 30-40 сотак зямлі, там сеялі і садзілі гародніну, вырошчвалі яе і прадавалі, за гэтыя сродкі дзецям давалі што­дня салодкі чай і белы хлеб ці пячэнне, – расказвае Людміла Іванаўна.

А яшчэ каля школы былі дзве пляцоўкі – баскетбольная і валейбольная, стаялі спартыўныя снарады, дзе праходзілі ўрокі фізкультуры.

– Бацька любіў праводзіць час з дзецьмі не толькі падчас працоўнага тыдня, але і ў выхадныя. Звычайна ў нядзелю пасля абеду на школьным стадыёне збіраліся вучні 7 і 8 класаў, дзяліліся на дзве каманды, да адной з іх далучаўся бацька, – і ігралі ў валейбол. Весела было, пляцоўкі не пуставалі, – расказвае Людміла Іванаўна.

– І дзеці ў нас тале­навітыя былі: спявалі, сцэнкі ра­зы­грывалі, потым Іван Канстан­цінавіч арга­нізаваў лялечны тэатр, – узгадвае ветэран працы. – І бацькі вучняў у школу заўсёды з радасцю і жаданнем прыходзілі.

У Івана Канстанцінавіча было шмат кніг. Імі ён шчодра дзя­ліўся з настаўнікамі. Дзве з іх – «Сердце отдаю детям» і «Разговор с молодым директором школы» Сухамлінскага – ён падарыў дачцэ Люд­міле. Тады яны сталі для маладога педагога настольнымі, цяпер жа для ветэрана працы з’яўляюцца дарагой сямейнай рэліквіяй.

Давалі веды

– Я цудоўна помню нас­таў­нікаў, якія працавалі ў Маркунскай школе, – узгадвае Людміла Іванаўна. – Кожны з іх быў прафесіяналам сваёй справы. Батаніку ў нашай установе выкладала Дар’я Пракоф’еўна Юхневіч, у пачатковых класах працавалі Леакадзія Ста­ніс­лаваўна Лаздоўская і Ганна Кандрацьеўна Стаціна, бела­­рускую мову і літара­туру вя­ла Яніна Максімаўна Рын­ке­віч, ма­тэматыку – Неаніла Паўлаўна Паз­левіч, рускую мову і літа­ра­туру, а таксама спевы – Ганарата Іва­наўна Пешка, піянерважатай была Леакадзія Ста­ні­славаўна Лаз­доўская, а мяне «нагрузілі» ня­мецкай мовай, гісторыяй і фізкультурай. І тэхнічкі ў нас доб­рыя былі: Браніслава Ермак і Стэфанія Ермак – заўсёды ў школе чыста і ўтульна было.


Іван Канстанцінавіч Ільінскі (на фота) за самаадданую творчую працу, поспехі ў галіне народнай адукацыі і выхаванне моладзі быў узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць».


Текст:
Фото: з архіва Людмілы КУХАРЭВІЧ