Праваслаўныя вернікі Астравеччыны расказалі, адкуль на свята бяруць вербачку

11:00 / 15.04.2022
Вернікі праваслаўнай канфесіі будуць адзначаць Вербную нядзелю. У жыхароў Астравецкага раёна карэспандэнт пацікавіўся, яны самі робяць вербачку да свята ці набываюць. 



Вольга Анімуцкая, сакратар:

– Старэйшы сын наведвае заняткі аб’яднання па інтарэсах «Скарбніца» ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі і не першы год з дапамогай таленавітага педагога Валянціны Вільеўны Віннічак робіць прыгожую, аздобленную стужкамі і саломкай, вербачку. У нядзелю з радасцю пойдзем у царкву.



Аляксандра Працута, у адпачынку па доглядзе дзіцяці:

– У нашай сям’і муж і дзеці каталікі, я праваслаўная. Мы святкуем дзве Пасхі. Заўсёды старанна рыхтуемся да гэтага светлага свята. У Вербную нядзелю ходзім асвячаць галінкі ў царкву Святога Прарока Іліі ў Альхоўцы. 

Вярбу стараемся рабіць штогод самі: бабуля казала, што калі мы набываем яе ў іншага, то забіраем ад гэтага чалавека часцінку дрэннага. Упрыгожваем галінкі ядлоўцам, высушанымі кветкамі бяссмертніку і перавязваем стужкай. У храм абавязкова ходзім з маім татам. Пасля асвячэння галінкі набываюць моцныя ахоўныя ўласцівасці. Пастукваючы кожнага члена сям’і, прамаўляем наступныя словы: «Не я б’ю – вярба б’е, будзь здаровым, як вярба!»

З бабуліных расповедаў ведаю, што раней існаваў звычай пастуквання галінкамі свойскай жывёлы – лічылася, што гэта паспрыяе добраму ацёлу каровы і засцеражэ яе ад ядавітых раслін на пашы. 

Асвечаную вярбу ставім ля іконы і захоўваем увесь год. 



Васіль Марцішэўскі, пенсіянер:

– У нас «змешаная» сям’я: я праваслаўны, жонка – каталічка. Адзначаем вялікія святы абедзвюх канфесій. Галінкі і ядловец прыношу я – люблю прагуляцца на свежым паветры на прыродзе. Жонка ўпрыгожвае вярбу і ў нядзелю едзе ў капліцу ў Лошу. Пасля, па астравецкай традыцыі, пастукваем адзін аднаго галінкамі, прыгаворваючы: «Вярба б’е, не я б’ю…»



Наталля Мароз, прадавец:

–  Вярбу мы не купляем. балазе, у ваколіцах вёскі яна шмат дзе расце. Абавязак мужа – падрыхтаваць за некалькі дзён да свята галінкі. Калі зрэзаць вярбу загадзя і паставіць у ваду, яна пакрыецца далікатнымі кволымі лісцікамі – гэта, па сутнасці, найлепшае ўпрыгожанне. Я не люб­лю дадаваць штучныя кветкі. Лічу, што важна ўсведамляць: справа не ў прыгажосці вярбы, а ў тым, які сэнс яна нясе. Асвячаючы яе ў храме, мы вітаем Хрыста, які прыйшоў у Ерусалім. Вярба – сімвал нашай веры. 



Таццяна Тальчук, начальнік аддзялення сувязі аг. Гервяты:

– Раней вербачку ўпрыгожвалі самі, а ў апошнія гады куп­ляю, але таксама аздобленую чыімісьці рукамі. Да галінак дадаю тры гумкі для валасоў сваіх дачушак, каб галоўкі не балелі, – так калісьці навучыла рабіць бабуля. Сям’ёй ідзём у храм, каб асвяціць вярбу.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: