Надвор’е 21-29 сакавіка

10:29 / 23.03.2022
Сёлетні канец сакавіка цешыць гара­джан ранішняй марознай бадзёрасцю і дзённым сонечным цяплом. Хлеба­робаў жа такое надвор'е радуе мала: снег сышоў без вады, дажджоў не было і ў глебе вельмі мала вільгаці.

Але падобная вясна – не першая і, трэба думаць, не апошняя. Стэфан Рамэйка пісаў у сваім дзённіку ў 1999 годзе: «Снегу было шмат, а прапаў без вады». Дарэчы, сярэдняя тэмпература апошняга тыдня сакавіка ў тым годзе складала +5,40C, 28 сакавіка было 14, 29-га – 16 градусаў цяпла.

Часцей за ўсё канец сакавіка – гэта ўжо ўстойлівыя плюсавыя тэмпературы. Як сведчаць метэаралагічныя назіранні Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі, вышэй пяці градусаў цяпла сярэдняя тэмпература апошняга тыдня месяца была ў 1990, 2000, 2002, 2004, 2007, 2010, 2012, 2014, 2015, 2017, 2019, 2020, 2021 гадах. 

Рэкордна цёплым быў апошні тыдзень сакавіка ў мінулым годзе – сярэдняя тэмпература складала +10,20C, у 2007 годзе – +10,30C, 2014-м – +10,60C. У асобныя дні слупок падымаўся да 15 і вышэй градусаў. А ў 2007 годзе на працягу ўсяго тыдня  было ад 12 да 180C, праўда, ноччу падмарожвала да -20C.

А вось у 1996 годзе канец сакавіка выдаўся анамальна халодным, сярэдняя тэмпература тыдня складала -4,10C, 24 сакавіка – мароз 17 градусаў. У 2001 годзе сакавік заканчваўся з начнымі маразамі ў 14-15 градусаў, а сярэдняя тэмпература склала -5,60C.

Народныя прыкметы

22 сакавіка адзначаецца царкоўнае свята сарака пакутнікаў, у народзе – Саракі. З гэтым днём звязана шэраг народных прыкмет.

Прыкмячалі: калі на Саракі мароз, то будзе яшчэ 40 маразоў. 

Калі ад Грамніц да Саракоў не ішлі дажджы і не было разводдзя, то лета чакалася засушлівым і спякотным.

«Саракі – не суйся блізка да ракі», – папярэджвала народная мудрасць, нагадваючы, што лёд, калі яшчэ застаўся, ужо тонкі і нетрывалы.

Лічылася, што «на Саракі дрэвы адпу­шчаюцца» – пачынаецца сапраўдная вясна.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 



Текст: Главный администратор
Фото: Вероника Бойкова