Апавяданне Ніны Рыбік “Вяртанне ў Парыж”

14:00 / 26.01.2022
469
– Валянціна Пятроўна, вы ведаеце, што ў пятніцу навагодні карпаратыў?

Пятроўна, другі бухгалтар буйной прыватнай кампаніі, заклапочана гля­дзела на лічбу, што высвецілася на калькулятары. Яшчэ раз пераправерыла, уздыхнуўшы, запісала яе ў адпаведны радок журнала і нарэшце ўзняла вочы на сваю памочніцу Наташку, якая сядзела насупраць і без усялякага настрою перабірала паперы ў тоўстай папцы.

– Чула нешта такое, – усміхнулася яна дзяўчынцы, як любоўна называла маладзенькую каляжанку, якую ёй з паўгода назад далі ў вучаніцы. – Ды якія ўжо мне карпаратывы? Гэта вам, маладым, цікава: забавы, песні, танцы-абдыманцы. А я спакою хачу: ля тэлевізара на канапе пасядзець. А яшчэ лепш паляжаць. А ты ідзі, павесялішся, адпачнеш. А мо, і лёс сустрэнеш – хлопцаў жа ў нас нежанатых вунь колькі, – падміргнула па-змоўніцку. 

– А вы што, не пойдзеце? – узмахнула пушыстымі вейкамі – здаецца, ветрам павеяла – дзяўчына. 

І засмучана апусціла галаву:

– Тады і я не пайду… Што мне там адной рабіць?

– Дык чаму ж адной? – здзівілася Пятроўна. – Калектыў пад сотню чалавек, і ўсе пераважна маладыя, а ты ніяк сабе кампанію падабраць не можаш. Ці ж я, пенсіянерка, сяброўка табе?

– А іншых у мяне няма, – сумна ўсміхнулася Наташка. – Тут на мяне ўсе звысоку паглядваюць, маўляў, з’явілася немаведама адкуль нейкая замарашка: курыць не ўмее, па клубах не ходзіць, апранута так сабе. Вось толькі з вамі і магу пагутарыць… Не, праўда, калі вы не пойдзеце, то і я таксама – на канапе, з тэлевізарам.

– Ну што ты, дзяўчо, прыдумала? – зазлавалася Пятроўна. – Які тэлевізар? Ды я ў твае гады – ого! Тая яшчэ завадзіла была, зямля пад нагамі гарэла! Як кажуць: ёсць што ўспомніць, ды няма чаго ўнукам расказаць.

Але, убачыўшы, што дзяўчына гатова расплакацца, змяніла тон, памякчэла:

– Ну добра, добра, лічы, што ўгаварыла. Калі ты ўжо так намерылася, то пайду я на той ваш карпаратыў. Спадзяюся, вы не станеце прымушаць мяне паказваць стрыптыз, зробіце скідку на ўзрост. А то ведаю я вашы фанты…

– Дзякуй, Валянціна Пятроўна! – запляскала ў далоні Наташка. 

– Але з адной умовай, – строга папярэдзіла жанчына. – Ты не будзеш сядзець у мяне пры боку, а станеш весяліцца! Як вы там любіце гаварыць – адрывацца на ўсе сто. Май на ўвазе: як толькі пабачу, што ты сумуеш, – пайду!

– Я спадзяюся, што ні вам, ні мне не будзе сумна. Ва ўсякім выпадку, там будзе весялей, чым на канапе, – не хавала радасці Наташка.

***
Гэтую размову Валянціна ўспомніла на ўзбярэжжы Сены, у рознамоўным натоўпе цікаўных, якія чакалі, калі яркія агні прабягуць па металічных карунках Эйфелевай вежы. Абрысы велічнай прыгажуні чорнай ажурнай выцінанкай прыляпіліся да шэра-ліловага вечаровага неба. Турысты, для якіх фотаздымак на фоне Эйфелевай вежы стаў адным з пунктаў абавязковай праграмы наведвання французскай сталіцы, а сузіранне моманту, калі гэтая славутасць у адзін момант уся, ад працінаючага аблокі шпіля да тоўстых металічных ног, азорыцца тысячамі агеньчыкаў, лічылася асаблівай удачай. Некалі яны, напэўна, будуць успамінаць запальванне агнёў на Эйфелевай вежы як адну з самых шчаслівых сустрэч Новага года ў сваім жыцці. 

«А я? – міжволі падумала Валянціна. – Ці шчаслівая я?» 

Удзельнікі таго навагодняга карпаратыву, напэўна, лічаць, што яна проста абавязана быць шчаслівай: сустрэць Новы год у Парыжы – рэдкая, неверагодная ўдача! Але шчасце – гэта ж не набор нейкіх падзей, рэчаў, з’яў. Шчасце – гэта стан душы. А на душы ў яе быў толькі лёгкі сум, як пры сустрэчы з нечым ці некім вельмі дарагім, даўно і назаўжды любімым, але зусім не такім, чым тады, калі ўпершыню спаткаліся, – і ад першага погляду перахапіла дыханне, слёзы замілавання, невыказнай пяшчоты затуманілі вочы і да дрыжыкаў у каленях захацелася дакрануцца, прытуліцца, увабраць у сябе водары, колеры, рухі і ніколі не адпускаць. Напэўна, гэта ўвогуле немагчыма – адчуць яшчэ раз гэты стан, як немагчыма, як сцвярджаюць філосафы, двойчы ўвайсці ў адну раку.

Але сум яе быў прыпраўлены, нібы тонкай французскай парфумай, радасным задавальненнем, што яна рашылася на гэтае вяртанне. Ведала, што гэта будзе іншы Парыж, іншая сустрэча – «не сустракайся з першым каханнем»… Але ж, здараецца, што з першага кахання вырастае больш глыбокае пачуццё. Ёй здавалася, што яно нараджаецца ў ёй менавіта зараз, і тая першая закаханасць прарастае ў нешта іншае – яна яшчэ не магла выказаць словамі, у што менавіта.

«І хто б мог падумаць, што жаданне зрабіць прыемнае адзінокай маладой каляжанцы прывядзе мяне ў Парыж?» – у чарговы раз падзівілася Валянціна сваёй рашучасці, па вялікім рахунку – не ўласцівай ёй  неабачлівасці.

***
…Для карпаратыўнай гулянкі знялі аграсядзібу за горадам, і ўцячы адсюль раней часу не было ніякай магчымасці: прывезлі аўтобусам, забраць абяцалі таксама цэнтралізавана – усё ўключана, за кошт фірмы.

А збегчы захацелася з першых жа пошлых жартаў тамады – вяртлявага хлопца з перапаленымі перакісам, тырчэўшымі ва ўсе бакі пасмамі бела-жоўта-ружовых валасоў і трыма завушніцамі ў кожным вуху. Яго слізкае нутро падкрэсліваў ружовы бліскучы касцюм, надзеты на голае цела, чырвоныя вастраносыя чаравікі, пісклявы голас, ненатуральная, нараспеў, манера гаварыць. Кожны раз пасля таго, як ён падбягаў да яе з мікрафонам і якім-небудзь дурным пытаннем, ёй хацелася памыць рукі, а яшчэ лепш – выйсці з залы. Але на балконе было холадна – браўся марозчык, а сукенку яна надзела лёгкую, святочную, і Валянціна, сціснуўшы зубы, сядзела за сталом, калупаючы відэльцам салату з нейкімі марскімі гадамі.

Але ружова-блакітны тамада раз­дражняў, падобна, толькі яе: усе смяяліся з яго двухсэнсоўных жартаў, ахвотна ўдзельнічалі ў непрыстойных конкурсах, падпявалі перакладзеныя з любімых хітоў песенькі, сэнс якіх непазбежна апускаўся ніжэй пояса. «Божа, і чаму я паддалася на гэтую правакацыю?» – раз-пораз заплюшчвала вочы Валянціна Пятроўна, каб не бачыць, як падпіўшая Наташка вісне на шыі іх начальніка – залішне таўставатага, трошкі лысаватага і яўна стараватага для яе Андрэя Іванавіча, цалуецца з усімі запар і, непрыстойна віхляючы задам, спрабуе танцаваць ламбаду. «І дзе мая старая добрая канапа, мая цёплая ласкавая кошка Муська, мой любімы серыял?» – з горыччу падумала Валянціна.

– Хочаце даведацца, дзе будзеце сустракаць Новы год? – ад пісклявага голасу тамады над самым вухам яна ўздрыганулася і расплюшчыла вочы. Слізкі хлопец стаяў побач са звязкай паветраных шароў і працягваў іголачку. – Лёгкі рух – і вы паляціце ў нязведаныя далі на крылах сваёй мары…

Яна хацела сказаць, што і без яго ведае, дзе і з кім будзе сустракаць Новы год – вядома ж, у сваёй кватэры, з Муськай. Але, каб адвязацца ад надакучлівага тамады, узяла іголку і тыцнула ў шарык, які быў бліжэй, – здаецца, сіні. Пад піск жанчын ён гучна лопнуў – і на калені ёй вывалілася ружовая паперка.

– Дазвольце! – не паспела яна апомніцца, як хлопец падхапіў паперку. Прачытаў – і прысвіснуў:

– Ну, хто ўгадае, дзе будзе сустракаць Новы год наша шаноўная…

Ён запнуўся, бо забыўся – а хутчэй за ўсё, не ведаў – яе імя.

 – Валянціна Пятроўна, – падказала Наташка.

– Дык вось, наша шаноўная Валянціна Пятроўна сустрэне Новы год… трам-т­рам-тарарам, уключыліся літаўры!.. У горадзе Парыжы! Ура!
Нястройнае «ўра!» перабівалася гучным шматгалосым смехам. Яна таксама ўсміхнулася: праўда, смешна.



***
…Цікава, а ці збылося прадказанне ў Наташкі? Ёй прама ў рукі з ружовага шарыка выпала паперка з абяцаннем сустрэць Новы год у абдымках каханага чалавека, з якім нядаўна пазнаёмілася. Дзяўчына радасна ўсміхнулася і шматзначна глянула на начальніка. А калі таму зялёны шарык паабяцаў святкаванне ў асяродку родных і блізкіх, ледзь не расплакалася – як дзіця, дальбог! І ўпершыню падышла да Валянціны Пятроўны. 

– Ну што ты засмуцілася? – пагладзіла тая дзяўчыну па аголенай спіне – сукенку Наташка апранула прыгожую, але, на думку Валянціны Пятроўны, занадта адкрытую. – Гэта ўсяго толькі гульня. 

– Я разумею, – апусціла галоўку дзяў­чына, з усіх сіл стрымліваючы слёзы.

– Ну, і што гэта такое? – паднялася Валянціна Пятроўна з крэсла, каб зазірнуць Наташы ў вочы. – У цябе што, няма больш прычын для слёз? То будуць! І ўвогуле, мы дамаўляліся: як толькі ты пачнеш сумаваць, я пакідаю гэтае свята жыцця. Так што выклікай мне таксі – я тэлефон дома пакінула. Стамілася ад гэтага тлуму…

– Добра, зараз, – чамусьці не стала спрачацца дзяўчына. – Толькі… Калі ласка, адкажыце на адно пытанне… Анд­рэй Іванавіч… Скажыце, ён жанаты? – не спытала – выдыхнула.

– Не, не жанаты, – усміхнулася жанчына. – Жыве з маці. 

– Сапраўды? – вочы ў Наташы за­іскрыліся радасцю. – Ой, як цудоўна!

– Ну, у гэтым я не ўпэўнена, – амаль пра сябе прамовіла Валянціна Пятроўна. 

І нагадала: 

– Ты абяцала выклікаць мне таксі.

– Так, вядома, – кінулася шукаць нумар у тэлефоне дзяўчына. 

І, сумеўшыся ад сваёй паспешлівасці, дадала:

– Зрэшты, куды вы спяшаецеся? Пабылі б яшчэ… Усё самае цікавае толькі пачынаецца.

– Ну, я ўжо даведалася самае цікавае, – усміхнулася Людміла Пятроўна. – Трэба рыхтавацца да паездкі ў Парыж, часу мала засталося…

Наташка ўсміхнулася, паказаўшы, што ацаніла жарт, і націснула кнопку выкліку на тэлефоне.

Потым былі два выхадныя са звычайнымі клопатамі і традыцыйным адпачынкам – і яна амаль забылася пра тлумны карпаратыў.

А ў панядзелак яе выклікаў Андрэй Іванавіч.

– Валянціна Пятроўна, – пачаў, ледзь яна прысела ў прапанаванае крэсла, без дзяжурных пытанняў пра справы і здароўе. – Мне здаецца, што штат бухгалтарскай службы нашай фірмы залішне раздуты.

– Вы лічыце, што 3 чалавекі для нашых аб’ёмаў і колькасці супрацоўнікаў – шмат? – здзівілася жанчына.

– Так, я ўпэўнены, што пры належнай арганізацыі працы могуць справіцца і двое.

Валянціна Пятроўна паглядзела на кіраўніка ўважліва – ён не адводзіў вачэй, і яны свяціліся рашучасцю.

– Я правільна разумею, што слабае звяно – гэта я? – спытала пасля нядоўгай паўзы.

Мусіць, ён чакаў іншай рэакцыі – просьбаў, слёз. І прамовіў мякчэй:

– Валянціна Пятроўна, вы ж ведаеце, я цаню ваш прафесіяналізм. Вы столькі часу ў нас працуеце…

– Шаснаццаць гадоў, – суха падказала жанчына.

– Вось бачыце! А я толькі 9. Я памятаю, колькі вы мне дапамагалі, вучылі, падказвалі. Галоўным бухгалтарам працавалі столькі гадоў…

– Чатырнаццаць, – нагадала яна.

– Так, да самай пенсіі, – нібы між іншым нагадаў начальнік яе сацыяльны статус. – Потым Таісу Ягораўну ўсяму навучылі, падстрахоўвалі яе. І Наталлю падцягнулі, увялі ў курс спраў. Вашы заслугі перад нашым калектывам неацэнныя…

– І таму вы вырашылі ад мяне пазбавіцца? – сумна ўсміхнулася жанчына. – Праз месяц пасля таго, як прадоўжылі кантракт?

– Ну, разумееце, так складваюцца абставіны… Фінансавае становішча нашай арганізацыі…

– Андрэй Іванавіч, толькі не трэба мне расказваць пра фінансавае становішча нашай арганізацыі – я ведаю яго лепш, чым вы! – зазлавалася бухгалтар – не любіла, калі яе спрабавалі трымаць за дурнічку. – І пра раптам узніклыя абставіны магу вам расказаць. У іх ёсць імя – Наталля. Дзяўчыне патрэбна больш высокая пасада і зарплата. А я пенсіянерка, так што магу ісці на заслужаны адпачынак. Правільна я разумею?

Андрэй Іванавіч, які слухаў яе, апусціўшы галаву, падняў вочы і ўсміхнуўся:

– Так, Валянціна Пятроўна! Вы ўсё правільна зразумелі і агучылі. Я заўсёды захапляўся вашай мудрасцю. Дзякуй, што сказалі ўсё тое, што павінен быў сказаць я. Вы пазбавілі мяне ад цяжкага абавязку.

Цяпер ужо яна апусціла галаву, каб не бачыць, як гэты дзяцюк, якога памятала маладым, без піўнога жывоціка і лысіны, якому дапамагала разабрацца ў хітраспляценнях фінансавых патокаў, дзякуе за тое, што дапамагае яму выгнаць яе з работы!

– Я насамрэч вельмі ўдзячны вам за ўсё, што вы зрабілі для фірмы і мяне, – прадоўжыў Андрэй Іванавіч. – І ў знак гэтай удзячнасці… Ад фірмы і мяне асабіста… Вось… 

Ён працягнуў тоўсты канверт. 

– Тут зарплата за тыя адзінаццаць месяцаў, што вы не дапрацавалі да заканчэння кантракту. Матэрыяльная кампенсацыя, так бы мовіць. Маральнай, думаю, можа стаць паездка ў Парыж, – усміхнуўся ён, мусіць, успомніўшы карпаратыў. – На гэтыя грошы можна сабе дазволіць.

Ёй хацелася пакінуць кабінет з горда ўзнятай галавой, на развітанне гучна ляснуўшы дзвярыма. Але ў апошні момант здрадніца-думка «Я гэта заслужыла» прымусіла працягнуць руку і ўзяць канверт. А вось на фальшывае «дзякуй» сіл не хапіла. Слёзы пацяклі з вачэй, ледзь толькі яна зачыніла дзверы.

Наташка, мусіць, ведала, на якую размову паклікаў Валянціну Пятроўну шэф, і прадбачліва знікла з кабінета. Ну і добра! Выслухоўваць яшчэ і яе крыва­душныя падзякі і кам­пліменты пра муд­расць і дабрыню ў Валян­ціны ўжо не хапіла б сіл. 

Яна злажыла ў акуратны стос папкі: «Божа, як гэтае дзіця разбярэцца з усім гэтым», – міжволі падумала са спачуваннем. І тут жа абарвала сябе: «Гэта ўжо не твая справа!» Хуценька пакідала ў сумку нешматлікія асабістыя рэчы: штотыднёвік, кубак, рамку з фотакарткай унука, яшчэ нейкую драбязу. Падумаўшы хвіліну, зняла са сцяны падзяку за шматгадовую добрасумленную працу, якую ёй уручылі 2 гады назад, на юбілей, – і выйшла з кабінета. Развітвацца ні з кім не стала. Навошта? Навіну начальнік паведаміць на планёрцы. Яна была ўпэўнена: ніхто не заплача, тым больш не стане абурацца  – у кожнага сям’я ці планы на будучыню, кожнаму патрэбна прэстыжная работа…

1.jpg

***
…Натоўп хорам уголас адлічваў секунды да моманту, калі запаляцца агні на Эйфелевай вежы, – і ўсё роўна гэта адбылося нечакана і чароўна-прыгожа. Незнаёмыя людзі абдымаліся, аднекуль узялося шампанскае, якое струменіла ў падстаўленыя пластыкавыя шклянкі. Чарнаскуры хлопец, які нядаўна тыцкаў ёй у рукі сувенірныя магніцікі і брэлкі: «Адзін эўра! Усяго адзін!», падаў адну ёй:

– З Новым годам, мадам!

Яна ўзяла кубак:

– Мерсі, месье! З Новым годам!

І, здзіўляючыся сама сабе, выпіла шампанскае. Галава закружылася – толькі цяпер Валянціна ўспомніла, што з ранку, калі ў аэрапорце купіла кубак капучына з паветранай свежасці круасанам, і да гэтага глытка шампанскага ў роце макавай расінкі не было. Шкада было губляць час на нейкія там бістро ці кафэ – іх і дома хапае. Яна ўсяго на дзень прыляцела на спатканне з горадам сваёй мары, заўтра на досвітку яе самалёт возьме курс на Беларусь – і гэта будзе іх развітаннем назаўжды. 

Таму сёння Валянціна прагна ўпітвала ў сябе Парыж: колеры, водары, малюнкі, каб хапіла надоўга, да глыбокай старасці.

Увесь дзень яна блукала па вуліцах, засланых жоўта-барвовым кляновым і ліпавым лісцем, яшчэ не расквашаным дажджом і не кранутым марозам (Божа, а ў нас ужо сапраўдная зіма!). Узіралася ў карункавыя каваныя балкончыкі, кожны з адметным узорам – напэўна, на каторым з іх стаялі, назіраючы за мітуслівымі прахожымі, бацька ці сын Дзюма, Клод Манэ ці Луі дэ Фінес. З цяжкасцю адчыняла дубовыя дзверы храмаў, уяўляючы, што на гэтай вось лаўцы некалі сядзела, склаўшы рукі ў малітве, Жанна д’Арк. Выглядвала дом, дзе, як гаварыў ім нехта ў той, першы прыезд, жыве Ален Дэлон: можа, якраз у гэты момант ён выйдзе на балкон? 

Яна старалася пабываць у тых мясцінах, дзе яны былі з Сяргеем у першы свой прыезд. Найперш скіравалася на Манмартр – яны тут доўга гулялі, разглядвалі карціны, слухалі вулічных музыкантаў. На блашыным рынку ён купіў ёй брошку, бела-ружовага перламутравага матылька. Выпраўляючыся ўчора ў дарогу, Валянціна прычапіла яго, хоць і разумела, што выглядае брошка на цёмна-зялёнай куртцы недарэчна – але ж перламутравы матылёк быў правадніком у той, мінулы Парыж, паролем для спаткання з юнацтвам. 

Доўга чытала рознамоўныя пры­знанні на сцяне кахання, марна шукаючы сярод соцень тое, што некалі напісаў Сяргей яе памадай, – нічога іншага пішучага ў яе сумцы і яго кішэнях не знайшлося. Вядома ж, яго не было: столькі гадоў – і нейкая там памада… Усё зразумела – але чамусьці забалела…
А вось мастакі і карціны, здаецца, былі тыя ж самыя: Сяргей тады фатаграфаваў яе каля амаль такога ж партрэта жанчыны ў шыракаполым капелюшы і лёгкім паветраным сарафане, рабінавых пацерках і бранзалетах. А потым тут жа, ля партрэта («Яна так падобна на цябе» – пераконваў Валю) яны доўга і прагна цалаваліся – у Парыжы, а тым больш на Манмартры, на іх ніхто не звяртаў увагі. 

Зайшла ў паўпадвальны магазінчык парфуму, дзе ён купіў духі, – яна расходавала іх вельмі беражліва, карысталася па кроплі гадоў, мо, 5. «Сяргей пакінуў мяне праз месяц, як яны скончыліся», – чамусьці суаднесла адно з другім толькі цяпер. 

На калядным кірмашы, што раскінуўся ў садзе Цюільры – як бясконца доўга, не размыкаючы рук, ішлі яны тады па яго алеях, раз-пораз спыняючыся, каб пацалавацца, і кожны раз яго вусны мелі нейкія іншыя прысмак і водар – яна купіла ёлачны шар з малюнкам Эйфелевай вежы,  кожны год ён будзе нагадваць пра гэтую навагоднюю прыгоду. 

Яна пазбягала найбольш папулярных у турыстаў месцаў, каб не губляць час: не пайшла ў Луўр, якому яны ў першы прыезд прысвяцілі цэлы дзень, толькі на некалькі хвілін прыпынілася каля Нотр-дама. 

Толькі адну чаргу не змагла абмінуць – з жадаючых узняцца на Эйфелеву вежу. «І чаму парыжане так не любяць сваю галоўную славутасць?» – думала, разглядваючы то зблізку, то здалёк гэты цуд з металічных карункаў. Расказвалі, што Гі дэ Мапасан кожны дзень прыходзіў абедаць у рэстаран на вежы з-за таго, што гэта адзінае месца ў Парыжы, адкуль яе не відаць… 

З аглядавай пляцоўкі вежу таксама не ўбачыш. Затое Парыж – як на далоні: Марсава поле, Дом інвалідаў, Трыумфальная арка, Сена са шматлікімі мастамі і караблікамі, Луўр з недарэчнай шкляной пірамідай перад ім – вось што псуе выгляд Парыжа, а не Эйфелева вежа!

Але не для таго, каб акінуць вокам горад, заплаціла Валянціна 30 еўра – ёй хацелася злавіць шлейф водару шчасця, якое, нібы вэлюм, ахутваў іх 3 дні ў Парыжы. У голасе ветру пачуць яго шэпт: «Паабяцай, што станеш маёй жонкай! Інакш я скокну ўніз – вось прама зараз!» І хоць было зразумела, што нікуды ён не скокне, яна, шчасліва смеючыся, выгукнула: «Я выйду за цябе!» Турысты, якіх і тады было нямала, зразумелі без перакладу, што адбываецца – і сталі апладзіраваць. А нехта падарыў ёй блакітны паветраны шарык.

Колькі часу мінула з таго дня? Трыццаць гадоў? Так, сёлета быў юбілей. Маглі б адзначыць жамчужнае вяселле…

***
…Напачатку 90-х Сяргей, яе першае школьнае каханне, на той час – старшакурснік радыётэхнічнага інстытута, разам з іншымі  «галавастымі» студэнтамі пад кіраўніцтвам «прабіўнога» выкладчыка скалацілі брыгаду – і ў гаражы таго самага выкладчыка паялі «шэрыя» тэлевізары, радыёпрыёмнікі і магнітафоны, якія, тым не менш, паказвалі і гучалі лепш, чым завадскія і ў час усеагульнага дэфіцыту ка­ры­сталіся шалёным попытам. Камплектуючымі іх забяспечваў брыгадзір-выкладчык, хлопцы былі рабочай сілай. Начальнік быў не сквапны, плаціў шчодра – і ніхто не цікавіўся, колькі асядае ў яго ўласных кішэнях. 

Сяргей раптам разбагацеў! Ён заўсёды жыў вельмі сціпла: маці-калгасніца гадавала яго адна, ды і яна памерла перад самым яго выпускным. Пасля школы ён падаў дакументы ў «інстытут беспрацоўных», як у тыя гады называлі радыётэхнічны, толькі таму, што конкурс туды быў амаль што нулявы, і жыў на стыпендыю: хадзіў у працёртых да дзірак на падэшвах туфлях і сарочцы з абтрапанымі абшлагамі рукавоў і каўняром. Валянціна час ад часу падкормлівала былога аднакласніка смажанай бульбай ці макаронамі па-флоцку. 

І раптам у яго з’явіліся грошы, па тагачасных мерках – проста нерэальныя. Сяргей прыадзеўся: купіў джынсы, дублёнку, саламандраўскія чаравікі, з’ехаў з інтэрнацкага пакойчыка на прыватную кватэру. Да Валі прыходзіў то з кветкамі, то з падарункамі, часта запрашаў яе ў кіно, тэатр ці рэстаран. Словам, траціў грошы, як мог, – а яны ўсё не заканчваліся! 

Неяк спытаў: «Пра што ты марыш?» Валя хмыкнула насмешліва: «Што, у чараўнікі запісаўся?» І дадала з выклікам: «Пра Парыж!» 

Сказала – і забылася. А Сяргей напярэдадні яе дня нараджэння прынёс два білеты на самалёт… Яна да апошняга, да самага аэрапорта думала, што гэта розыгрыш – ён быў тым яшчэ штукаром. 

А калі іх самалёт вынырнуў з ватных аблокаў і ў яркім блакіце неба, прамытага нядаўнім дажджом, незаўважаным для іх, пасажыраў, узнікла Эйфелева вежа і стала імкліва набліжацца; калі ў ілюмінатары замільгалі купалы сабораў, зялёныя прамавугольнікі паркаў, звілістая стужка Сены – яна заплакала ад шчасця. Сяргей прытуліў яе і прамовіў «Мары павінны збывацца…»

Калі б сёння нехта спытаў Валянціну пра самы шчаслівы дзень у жыцці, яна ўзгадала б не іх шумнае і тлумнае вяселле, не пакутлівае нараджэнне дачкі, не першае «бабуська» ўнука, а тыя тры дні ў Парыжы – у горадзе, дзе, яна лічыла, немагчыма проста жыць, – хадзіць на службу, купляць малако, гатаваць вячэру. Да яго можна толькі дакранацца – кончыкамі пальцаў, фібрамі душы. І затым берагчы ўспаміны пра тыя дотыкі – далёка, на самым донцы свядомасці, каб не замусоліць. Натхняцца імі, лячыць згрызоты, тугу і сум – і марыць, што, магчыма, некалі, аднойчы, хоць у сне…

«Добра, што ўсё так адбылося!» – выкідваючы пластыкавую шклянку з-пад шампанскага ў сметніцу, падумала Валянціна. – Дзякуй Андрэю, што выгнаў мяне з работы, двойчы дзякуй, што выдаў гэтулькі грошай. Дзякуй блазну на карпаратыве, што падсунуў мне той сіні шарык з прадказаннем – падаў ідэю. Дзякуй мне, што рашылася ўсё ўспомніць – і паўтарыць! Хоць і адной, без яго…»

***
…У аэрапорт яна прыехала а першай гадзіне ночы. Да яе рэйса заставаўся час. Зарэгістравалася, прайшла дагляд. Знайшла свае вароты і, прысеўшы на лаўку, адчула, як стамілася. Гудзелі ногі і хацелася есці. Пералічыла металічныя еўрыкі ў кашальку – на каву з круасанам павінна хапіць. «Магла б і больш ашчадна паводзіць сябе, пакінуць нешта на чорны дзень – пенсія ў цябе не бог вед якая, не разгуляешся…» – у чарговы раз нагадаў пра яе неабачлівыя паводзіны ўнутраны цвярозы голас. Валя ўсміхнулася і паабяцала ўнутранаму «Я»: «Хутка стану разважлівай і эканомнай, не хвалюйся».

Кава, не ў прыклад ранішняй, была нясмачнай, а круасан – нясвежым. «Развітанне з Парыжам – гэта не сустрэча з ім. Усё нашмат больш празаічна…»

Раптам позірк выхапіў з натоўпу фігуру мужчыны: знаёмая паходка, сутулаватыя плечы… Яна нават памкнулася наўздагон, хацела крыкнуць: «Сяргей!» Але спахапілася: глупства, так не бывае… Гэта развярэджанае ўспамінамі ўяўленне малюе розныя карціны. Колькі разоў здавалася, што гэта ён прайшоў па вуліцы, зайшоў у магазін, сеў у машыну. «Няма яго – і не будзе! Ты сама ў тым вінаватая. І няма чаго кідацца наўздагон за прывідамі юнацтва!» – унутраны голас быў жорсткі і бязлітасны.

1.jpg

***
…Так, Валянціна разумела, што ў тым, што іх сям’я распалася, вінавата найперш яна, той яе правільны абачлівы ўнутраны голас, які агрэсіўна заглушаў слабы піск іншага, што спяваў у душы, не прыслухоўваючыся да занудлівага бурчэння візаві, у Парыжы. А тут не Парыж, а суровыя будні паўсядзённасці… 

Ледзь не з першага дня пасля вяселля яна стала будаваць ідэальную сям’ю. «Якая можа быць лазня з сябрамі? Ты жанаты чалавек, і ўсе выхадныя мы цяпер будзем праводзіць разам!» «Колькі можна паўтараць: у ніжняй шуфлядцы ляжаць майкі, у сярэдняй – шкарпэткі, у верхняй – пальчаткі. Няўжо так цяжка запомніць?» «У нас што, талерак няма, што ты яечню прама з патэльні ясі?» «Калі ты навучышся закручваць цюбік з зубной пастай?!» 

Валянціне здавалася, што яна робіць як лепш, выхоўваючы з праставатага вясковага хлопца з вышэйшай адукацыяй культурнага інтэлігентнага сталічнага жыхара. Спачатку ён у адказ на чарговую заўвагу жартаваў ці хапаў яе ў абдымкі і закрываў пацалункамі рот – яна вырывалася і злавалася яшчэ больш: чаму ён не ўспрымае яе словы ўсур’ёз? Потым спрабаваў пераканаць, што яечня і смажаная бульба з патэльні намнога смачнейшыя, чым з талеркі. Потым змрачнеў і моўчкі рабіў тое, што яна казала, – а пасля зачыняўся ў спальні з кніжкай.

Калі нарадзілася Святланка, ён зноў навучыўся ўсміхацца: бавіўся з малой, вечарам мыў ці прасаваў пялюшкі, бегаў па магазінах. Але, як ні стараўся, атрымлівалася, што ўсё робіць не так: куп­ляе не той хлеб, апранае малой не тую шапачку, занадта хутка катае яе на санках і занадта высока падкідвае.

Аднойчы, пасля разгромнага скандалу з-за таго, што ён купіў дачцэ не ляльку, а кубікі, Сяргей знясілена прысеў на табурэтку ў кухні і ціха прамовіў:

– Валя, давай разыдземся… Я так больш не магу. Калі мы пажывём так яшчэ год ці два, я пачну цябе ціха ненавідзець – а мне гэтага зусім не хочацца. І Светачка – яна ўсё бачыць, усё разумее – навошта гэта дзіцяці. У імя таго добрага, светлага, шчырага, што было паміж намі, – давай развядзёмся. Ціха, без скандалаў. Дачку я не кіну, не думай. І цябе…

– Табе нешта не падабаецца? – завялася яна, не паспеўшы астыць ад кубікаў. – Ты раскідваеш свае шкарпэткі дзе папала, хлеб не адразаеш, а адломваеш, як бомж, разбэшчваеш дзіця бясконцымі «мусі-пусі» – а вінаватая, выходзіць, я?! Бо хачу, каб у доме было прыгожа і ўтульна, прашу, каб ты сябе паводзіў як прыстойны чалавек?! 

– Ты сапраўды лічыш, што ўтульна, калі ў доме ні пылінкі і бялізна ў шафе скла­дзена па лінеечцы, а кожная рэч ляжыць на сваім месцы? – сумна ўсміхнуўся ён.

Яна апешыла:

– Канешне! І, заўваж, я ўсё для гэтага раблю, кручуся як вавёрка ў коле, мыю, прыбіраю, гатую – а ты зводзіш на нішто мае старанні! 

– Валя, утульна – гэта калі цёпла, радасна, шчасліва, а не калі талерка з залатым беражком і шкарпэткі пад колер гальштука! Калі ёсць з кім пагаварыць і з кім памаўчаць! Ты заўважыла, што мы апошнім часам не размаўляем – толькі сварымся. Калі мы цалаваліся на Манмартры пасярод кучы раскіданых паперак, нам было ўтульна! А сёння, у нашай да бляску вылізанай кватэры, дзе немагчыма ступіць, каб не пачуць, што нешта зрабіў не так – няўтульна. Прынамсі, мне…

– Ну то пашукай сабе іншую, дзе будзеш есці з нямытага посуду ра­зам з тараканамі! Можа, там табе бу­дзе ўтульна! – выгукнула раззлаваная Валянціна.

– Разумная, здаецца, жанчына, – паціснуў ён плячыма. 

І з горыччу дадаў:

– Няўжо гэта тая самая Валя, з якой мы гулялі ў Парыжы?

Назаўтра яна з пагардлівай усмешкай моўчкі назірала, як ён збірае рэчы, Ні слова не прамовіла, калі за Сяргеем зачыніліся дзверы. І толькі калі шчоўкнуў замок, расплакалася: зразумела, што самы дарагі, каханы чалавек сыходзіць назаўсёды. Хацела крыкнуць, папрасіць прабачэння, сказаць, што яна ўсё зразумела і цяпер усё будзе па-іншаму. Але… Сэрца абцугамі сціскала крыўда: няўжо ён не разумее, што яна хоча як лепш – для яго, Святланкі, для іх усіх? І гонар: нічога, хутка сам прыбяжыць, папросіцца… 

Не прыйшоў, не папрасіўся. Рэгулярна прысылаў грошы для дачкі. Час ад часу ёй пераказвалі, што бачылі яго з жанчынамі – то з адной, то з другой. «Усё перабірае, не можа знайсці лепшай, – хмыкала Валянціна. – Нікуды не дзенецца…» Ён не дзяваўся – і не вяртаўся. І на развод не падаваў. Яна – таксама. І ўпарта пазбягала за­ляцанняў патэнцыяльных прэтэндэнтаў на яе руку і сэрца, чакала, калі вернецца Сяргей – была ўпэўнена, што рана ці позна гэта адбудзецца. Ну сапраўды, гэта ж смешна: разысціся з-за раскіданых шкарпэтак! 

Мінула некалькі гадоў – і Валянціна зразумела, што ён не вернецца. Пазбаўленне апошняй надзеі далося ёй вельмі цяжка… Але з цягам часу змірылася. Амаль забылася. 
І толькі вось гэтае вяртанне ў Парыж…

***
Заставалася яшчэ якіх паўгадзінкі да пасадкі. Валянціна ўселася на цвёрдую, але досыць зручную лаўку, выцягнула стомленыя ногі, заплюшчыла вочы… «Як толькі сяду ў самалёт – засну», – паабяцала сабе. 

І раптам пачула знаёмы да сардэчнага болю голас:

– Валя?

Яна зажмурылася мацней: напэўна, ужо паспела заснуць, і гэта ёй сніцца… І раптам падумала: а калі гэта на самой справе ён?! І зараз знікне – як тады?! Яна ўскочыла. 

…Гэта быў Сяргей – пастарэлы, з гус­той сівізной у парадзелых валасах, яшчэ больш сутулы… Яны стаялі твар у твар. Глядзелі адзін на аднаго, нібы пазнаючы – і не верачы, што гэта адбываецца на самой справе.

Першым загаварыў ён:

– Што ты тут робіш? Да Святланы ў Барселону ляціш? Ці ад яе вяртаешся?

– Ды не, – яна сумелася. – Я сама па сабе. Мяне з работы звольнілі, выхадную дапамогу далі, і я вырашыла з’ездзіць у Парыж. Успомніць…

Голас па-здрадніцку задрыжэў. Яна памаўчала, пачакала, калі ўтаймуецца хваляванне, і спытала: 

– А ты?

– Я кожны год сюды прылятаю, – паціснуў ён плячыма. – Звычайна ў наш дзень. Але сёлета не атрымалася, вырашыў хоць напрыканцы года... Без спаткання з Парыжам у мяне ломка пачынаецца, – усміхнуўся ён нявесела. 

На электронным табло высвяціўся нумар іх рэйса.

– Ну што, пайшлі? – Сяргей падхапіў яе заплечнік. – У цябе якое месца? Хочаш да ілюмінатара? Магу саступіць…
Текст: Нина Рыбик
Фото: Светлана Фёдорова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений