Наша зямлячка Вікторыя Гук па-майстэрску ўпраўляе бензапілой
09:21 / 25.01.2022
Сонечная адкрытая ўсмешка, доўгія светлыя косы і добрыя вочы… Так з першага погляду можна ахарактарызаваць нашу зямлячку з Палушаў Вікторыю Гук, якая зараз вучыцца ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы. Гледзячы на гэтую прыгажуню, складана паверыць, што дзяўчына з лёгкасцю асвоіла мужчынскі занятак і па-майстэрску ўпраўляецца з бензапілой. Больш таго, цяпер Вікторыя актыўна рыхтуецца да міжнародных спаборніцтваў вальшчыкаў лесу.
Кім Вікторыя Гук марыла стаць у дзяцінстве? Адкуль у яе з’явілася такое не дзявочае захапленне? Чым займаецца ў вольны час і пра што марыць? Пра гэта і не толькі карэспандэнт даведаўся ў нашай зямлячкі.
Віка вучылася ў Гудагайскай сярэдняй школе. Спачатку хацела стаць урачом, потым – цырульнікам, настаўнікам матэматыкі. Але канчаткова вызначыцца з прафесіяй дачцэ дапамагала маці.
– Я люблю прыроду, лес – там адчуваю сябе спакойна і камфортна. Параіўшыся з мамай – яна працуе бухгалтарам у Астравецкім доследным лясгасе, канчаткова зразумела, што хачу звязаць жыццё менавіта з лясной галіной. Пасля 9 класа паступіла ў Полацкі дзяржаўны лясны каледж. З кожным днём вучобы ўпэўніваюся, што ў выбары не памылілася!
Адкрытая, дружацкая і добрая – так пра Вікторыю адгукаюцца сябры, аднакурснікі і выкладчыкі. Хоць дзяўчыне летась споўнілася толькі 17 гадоў, мэтанакіраванасці і смеласці ёй не займаць. Калі выкладчык механізацыі прапанаваў учарашняй школьніцы паспрабаваць сілы ў валцы лесу, яна спачатку аднеквалася: маўляў, дзе я, а дзе – піла. Але адна сустрэча цалкам змяніла ўяўленне Вікторыі пра працу лесарубаў. Больш таго, наша зямлячка ўпэўнілася, што піла і дзяўчыне па руках!
– У каледж завітаў чэмпіён свету па валцы лесу Валерый Іванавіч Дуровіч. Пасля майстар-класа жадаючыя маглі паспрабаваць упраўляцца з бензапілой. Я адрэзала адзін «блін» – і зразумела, што гэта маё, – захоплена расказвае дзяўчына. – Пасля некалькіх трэніровак мы паехалі ў лес: упершыню ў жыцці я зваліла дрэва. Потым зразумела, што зрабіла гэта вельмі ўдала – маю спробу сустрэлі апладысментамі. Дрэва трапіла на кол, дасведчаныя старэйшыя калегі па захапленні пазней патлумачылі, што гэта знак. (Усміхаецца.)
Хоць валкай лесу дзяўчына захапілася нядаўна, а ўжо паспела «пакласці» больш за 20 дрэў. Вікторыя прызнаецца, што спачатку было складана ўпраўляцца з шасцікілаграмовай пілой, але з цягам часу налаўчылася. Дэбютная перамога не прымусіла сябе доўга чакаць.
– Першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічала, адбыліся на базе нашага каледжа. Я выступала ў складзе каманды з трох чалавек, двое з якіх – дзяўчаты. І мы перамаглі! – з усмешкай успамінае студэнтка.
Спаборніцтвы прафесійнага майстэрства лесарубаў звычайна складаюцца з некалькіх этапаў: валка дрэва, мантаж пілы, абрэзка сучча, камбінаваны і дакладны рэз. Цікаўлюся ў дзяўчыны, які яна любіць найбольш і які – найменш.
– Нелюбімага этапу няма, кожны па-свойму цікавы, – расказвае Вікторыя Гук. – Па душы – валка дрэва, калі ты бачыш і чуеш яго падзенне. Тут трэба быць найбольш сабранай, сканцэнтраванай, уважлівай. Адзін неасцярожны рух можа сыграць не на руку. І надвор’е ўплывае на канчатковы вынік: пры аптымальных параметрах нават вецярок можа змяніць траекторыю падзення і адкінуць дрэва не ў той бок.
Вікторыя паспявае не толькі вучыцца на выдатна, займацца ў гуртку лесарубаў, але і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці.
– У каледжы я вяду мерапрыемствы, выступаю на «Першым лясным» канале мясцовага студэнцкага тэлебачання, – працягвае Вікторыя Гук. – У вольны час вышываю. Да 100-годдзя каледжа зрабіла вышыўку з бензапілой і назвай нашай каманды Lumberjack, што перакладаецца як «лесаруб».
Цікаўлюся ў Вікторыі яе марамі.
– Сёлета ў Сербіі пройдуць міжнародныя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу. Сярод прадстаўніц прыгожай паловы ад нашай краіны я не адна дзяўчына-лесаруб: прафесійна гэтым займаюцца Вікторыя Усманава і Юлія Івашэнка. Летам пройдзе адбор у міністэрскую каманду. Мару, што буду прадстаўляць Беларусь у свеце, – падзялілася зямлячка.
Верыцца, што ў Вікторыі абавязкова ўсё атрымаецца, бо імя ў дзяўчыны пераможнае!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.