Памяці Адама Мальдзіса
На 90-м годзе пайшоў з жыцця наш знакаміты зямляк, вядомы вучоны, гісторык культуры, пісьменнік, літаратуразнаўца, публіцыст, перакладчык, доктар філалагічных навук, кавалер ордэна Францыска Скарыны прафесар Адам Восіпавіч Мальдзіс.
Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў вёсцы Расолы тагачаснага Ашмянскага павету. Са школьных гадоў ён актыўна супрацоўнічаў з раённай газетай і пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы паступіў на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.
Атрымаўшы дыплом, працаваў адказным сакратаром радашковіцкай раённай газеты. У 1962 годзе закончыў аспірантуру, у 1963-м абараніў кандыдацкую дысертацыю, пазней – доктарскую.
Сферай яго інтарэсаў заўсёды была гісторыя культуры і літаратуры. Наш зямляк адкрыў для Беларусі шмат імёнаў і гістарычных фактаў, яго называюць бацькам беларусістыкі. Напісаў шмат кніг: “Восень пасярод вясны”, “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”, “Падарожжа ў XIX стагоддзе”, “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVII стагоддзя”, “Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі”, стаў укладальнікам бібліяграфічнага даведніка “Беларускія пісьменнікі”.
Неацэнныя заслугі Адама Мальдзіса перад Беларуссю. Дзе б ні быў і над якой тэмай ні працаваў, рупіўся пра аднаўленне гісторыі роднага краю, пошук звестак пра нашых слынных землякоў. Адам Восіпавіч адшукаў даты першага пісьмовага ўспаміну пра Астравец, Варняны і шэраг іншых населеных пунктаў раёна. Ён устанавіў дакладную дату выхаду першага нумара раённай газеты. Мальдзіс адкрыў астраўчанам і ўсяму свету імёны Іосіфа Гашкевіча, Казіміра Сваяка, Мар’яна Богуша-Шышкі, Льва Дабжынскага і многіх іншых землякоў, якімі па праву ганарацца астраўчане.
Зробленага за свой век Адамам Мальдзісам для нашай краіны хапіла б на некалькі чалавечых жыццяў. І яго справы, яго велічная асоба назаўсёды застануцца ў нашай памяці і ў нашых сэрцах.
Астравецкі раённы выканаўчы камітэт.
Астравецкі раённы Савет дэпутатаў.
Рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”.