Тамара Ляўкевіч: “Водар свята – не ёлка і мандарыны, а пах ладану”

14:26 / 07.01.2022
Здаецца, мы ведаем пра Ражаство і яго святкаванне ўсё: пра ёлку, пра куццю, пра сена пад абрусам… Але ў кожнай мясцовасці, у кожнай сям’і свае традыцыі, і таму кожны расповед пра іх, кожная дэталь, нават невялікая, – гэта часцінка нашай агульнай памяці і культуры, нашай духоўнасці. 

Мы папрасілі расказаць праваслаўных вернікаў пра Каляды дзяцінства і пра тое, як сёння ў іх сем’ях святкуецца Ражаство.

Тамара Ляўкевіч, горад Астравец:

– Каляды дзяцінства ў мяне асацыіруюцца найперш з ёлкай. Тата прыносіў з лесу зялёнае пушыстае дрэўца, і пах яго запаўняў увесь дом – гэта быў водар свята. А потым мы ўпрыгожвалі ёлку, і ў душы пасялялася ні з чым не параўнальнае адчуванне шчасця…

Дзяцінства маё прайшло ў невялікай вёсачцы Валоські ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Яна стаіць пасярод лесу, і паветра там такое – не перадаць! Здаецца, яго піць можна!

Па вуліцы вожыкі разгульваюць, вавёркі скачуць, лісы бегаюць, зайцы… Недзе там, каля нашага дома, расце елка, якую я пасадзіла ў дзяцінстве – вялікая ўжо, прыгожая. Я мару калі-небудзь сустрэць пад гэтай елкай Новы год з усёй раднёй.  Сям’я ў нас была вялікая і дружная – пяцёра дзяцей. Мама, на жаль, памерла рана, у 45 гадоў, бацька нас падымаў адзін, ды і ён пражыў нядоўга, 61 год. Няма ўжо і братоў, малодшага і старэйшага. Засталіся сястра, брат і я. Чым далей, тым больш мне хочацца туды вяртацца. Хоць і складана гэта цяпер… Летам яшчэ атрымліваецца, а зімой цяжка дабрацца да бацькоўскага дома.

1.jpg

Ражаство ў нашай сям’і адзначалася звычайна: пос­ны стол з абавязковай куццёй вечарам, смачнае і сытнае застолле назаўтра, калядоўшчыкі з песнямі і пажаданнямі пад вокнамі: стук-стук у шкло – «Ці можна вам пакаледаваць?»

Царквы ў нашай вёсцы не было, бліжэйшая – у вёсцы Далгінава за 15 кіламетраў. Там, дарэчы, служыў дзед нашага першага святара светлай памяці айца Паўла Варановіча. Напэўна, яшчэ і таму мы так блізка сышліся з ім тут, у Астраўцы. Айцец Павел – хросны бацька нашай дачушкі Ульянкі.

У Астравец я выйшла замуж. Свякроў мая, Людміла Мікалаеўна Ляўкевіч, была ўцаркаўлёным чалавекам, яна вырасла ў веруючай сям’і і сама была такой. І нас усіх да храма гарнула. Новы год нам не дазваляла шумна адзначаць – пост! Так, сімвалічна… 

Тут, у Астраўцы, я стала больш усвядомленай прыхаджанкай: рэгулярна наведваю царкву, стараюся захоўваць пасты, дзеці, Сяргей і Ульяна, закончылі нядзельную школу. І свята цяпер больш асацыіруецца з храмам: святочнымі службамі напярэдадні Ражаства, літургіяй, дзіцячым ранішнікам пасля яе… 

А яшчэ – са свежасцю, бадзёрасцю марознага дня, снегу, радасцю ад таго, што ў свет прыйшоў Збавіцель.

У дзяцінстве сімвалам Ражаства быў водар елкі. Затым пах мандарынаў сімвалізаваў надыход Новага года. Цяпер, здаецца, і елкі так не пахнуць, і мандарыны можна купіць круглы год. У мяне нават вершаваныя радкі з гэтай нагоды з’явіліся:
Всё есть теперь у нас и наших деток –
И гаджеты, и интернет.
Но нет улыбок искренних и запаха еловых веток, 
И радости такой на Рождество давно уж нет.

Не ведаю, чаму так сталася, можа, таму, што мы пастарэлі і ў апошні час было шмат выпрабаванняў, страт? Нават сям’ёй сабрацца на свята не заўсёды атрымліваецца…

І водар Ражаства для мяне цяпер – гэта найперш пах ладану ў царкве.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст: Нина Рыбик