Як святкавалі Ражаство ў сям’і Лідзіі Лакевіч

13:28 / 07.01.2022
Здаецца, мы ведаем пра Ражаство і яго святкаванне ўсё: пра ёлку, пра куццю, пра сена пад абрусам… Але ў кожнай мясцовасці, у кожнай сям’і свае традыцыі, і таму кожны расповед пра іх, кожная дэталь, нават невялікая, – гэта часцінка нашай агульнай памяці і культуры, нашай духоўнасці. 

Мы папрасілі расказаць праваслаўных вернікаў пра Каляды дзяцінства і пра тое, як сёння ў іх сем’ях святкуецца Ражаство.

Лідзія Лакевіч, аграгарадок Варняны:

– Я нарадзілася і вырасла ў Малой Бераставіцы ў мнагадзетнай па сённяшніх мерках, а на той час звычайнай сям’і: нас было чацвёра. А яшчэ разам з намі ў адной хаце жылі 2 бацькавы браты: адзін са сваёй сям’ёй, другі – нежанаты, і сястра, якая ў вайну страціла мужа і сына. Было людна, але дружна: усе – родныя людзі, усё рабілі разам – і працавалі, і адпачывалі, і святкавалі. 

Не толькі наша сям’я – уся вёска была праваслаўнай, таму Ражаство з’яўлялася галоўным зімовым святам. Новы год лічыўся навамоднай забаўкай для дзяцей ды моладзі. І ёлку ў хаце мы ставілі менавіта перад Ражаством. Упрыгожваць яе асабліва не было чым, гэта ўжо пазней з’явіліся бліскучыя шкляныя цацкі, а галоўнае – грошы, каб іх купіць. А перш мама выразала з кардону розныя фігуркі і расфарбоўвала іх, у лепшым выпадку абгортвала фольгай. «Прыляталі» на нашу ёлку белыя папяровыя анёлы. Вершалінку ўпрыгожвала самаробная калядная зорка. Да галінак прымацоўвалі маленькія чырвоныя яблычкі – іх называлі райскімі. Дзе-нідзе блішчэлі цукеркі, віселі абаранкі – дзецям не дазвалялі іх здымаць раней часу, паласавацца можна было толькі калі ёлку разбіралі пасля Старога Новага года.

1.jpg

Дарослыя ў сям’і перад Ражаством пасцілі. Нам, дзецям, давалі паслабленне, але асаблівай вольніцы не было.

Святкаванне пачыналася ў вечар перад Ражаством. З куфра даставалі ільняны абрус, якім засцілалі стол раз у год, на Каляды. Пад абрус клалі свежае сена. А яшчэ – на покуць, назаўтра яго аддавалі жывёле. 

Перш чым сесці за стол, станавіліся на калені перад іконамі і маліліся. 

Галоўнай стравай была куцця з пярловых круп, прыпраўленая макам. З цеста пяклі ламанцы, якія падавалі з макавым малачком. Яшчэ на стале былі селядзец, бульба, кісель – аўсяны ці ягадны – аўсяны я не любіла. Рабілі грыбны квас: сушаныя грыбы варылі, дабаўлялі шмат цыбулі, прыправы, трошкі закіслялі воцатам, прыпраўлялі алеем і елі з хлебам ці варанай бульбай. 

Пасля вячэры дарослыя ішлі ў царкву, дзеці заставаліся дома.

Назаўтра стол быў багатым, святочным: мяса, каўбасы, пірагі з макам – у мамы яны атрымліваліся асабліва смачнымі.

Потым тата даставаў мяшэчак з арэхамі і мы гулялі ў «цот ці лішка»: ён набіраў жменю арэхаў, а дзеці ўгадвалі, цотная там колькасць ці не. Хто адгадваў, той забіраў арэхі, каму не шанцавала, заставаўся ні з чым.

Вечары ад Ражаства да Крашчэння былі святымі, ніхто ў гэты час не працаваў. Хадзілі ў госці адзін да аднаго, моладзь – на вячоркі. Да нас часта збіраліся спяваць: цётка мела добры голас, спявала ў царкве на клірасе, ведала шмат песень. Памятаю радкі адной з іх: «На ўсім свеце стала навіна, Дзева Марыя сына радзіла…»

Я стараюся захоўваць традыцыі сваёй сям’і. Хоць цяпер мушу прыстасоўвацца да абставін, не заўсёды радасных… Муж мой, царства яму нябеснае, быў католікам, таму Ражаство мы святкавалі двойчы – па каталіцкім і праваслаўным календары. 

А цяпер жывём з сынам. Другі таксама стараецца прыехаць на свята, але час сёння самі ведаеце які…  Таму ўсё нашмат больш сціпла. Хоць ёлку ставім – толькі ўжо не жывую, а штучную, каб менш марокі было. І куццю гатую, і стол святочны накрываю, абрус спадчынны дастаю…

Але галоўнае, вядома ж, царква, абавязкова іду на службу. Пакуль у Варнянах не было храма, ездзіла ў Астравец. 

Традыцыі – гэта важна, але ж не варта забываць, адкуль яны пайшлі і чаму прысвечаны.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: Нина Рыбик