Кацярына Алексеявец: “А мужа дачка сабе наваражыла”

12:33 / 07.01.2022
Здаецца, мы ведаем пра Ражаство і яго святкаванне ўсё: пра ёлку, пра куццю, пра сена пад абрусам… Але ў кожнай мясцовасці, у кожнай сям’і свае традыцыі, і таму кожны расповед пра іх, кожная дэталь, нават невялікая, – гэта часцінка нашай агульнай памяці і культуры, нашай духоўнасці. 

Мы папрасілі расказаць праваслаўных вернікаў пра Каляды дзяцінства і пра тое, як сёння ў іх сем’ях святкуецца Ражаство.

Кацярына Алексеявец, аграгарадок Гервяты:

– Мы з мужам у адной вёсцы выраслі – у Залужжы Ровенскай вобласці, што на Украіне. На Астравеччыну прыехалі ў 1984 годзе – тады многіх нашых аднавяскоўцаў тагачасны старшыня калгаса «Радзіма» Вячаслаў Адахоўскі «сасватаў» з Беларуссю. Пераехала наша сям’я, мая сястра, брат мужа – цэлая дыяспара. І традыцыі свае сюды прывезлі.

Ражаство ў нас святкавалі крыху не так, як тут. Да прыкладу, у студзені куцці было 3. Першая – так званая бедная, калядная. Другая – багатая, перад Старым Новым годам. А трэцяя – галодная, – гэта вячэра перад Крашчэннем, тады самы строгі пост.

 На бедную куццю ў нас не гатавалі 12 страў, увогуле не лічылі, 3 ці 5, галоўнае, каб усё поснае было. У гэты вечар на стол не ставілі не толькі мяса, але і рыбы, яек, малочных прадуктаў. 

Куццю варылі з пярловых круп. Каторы раз салодкую – прыпраўлялі макам, мёдам, варэннем, хто што меў. А часам запраўлялі пярлоўку смажанымі грыбамі з цыбуляй – вельмі смачна! Тады ўжо на салодкае падавалі пшонную кашу.

Абавязкова падавалі посны боршч, кісель ці кампот з сухіх яблыкаў і груш. 

1.jpg

Пад абрус у Залужжы клалі не сена, а салому. Пасля вячэры цягнулі былінку. Так варажылі не толькі на доўгі ці кароткі век, але і на ўраджай: доўгая – урадлівы год будзе, кароткая – засушыць ці залье. А я пазней з унукамі іх будучыя адзнакі так вызначала: хто выцягне доўгую саломінку – той добра навучальны год скончыць, а хто кароткую, той – не вельмі. Ох, як яны стараліся намацаць пад абрусам даўжэйшую!

На стол заўсёды ставілі лішнюю талерку – для продкаў. Перш чым распачынаць вячэру, падносілі лыжку з куццёй да акна і клікалі: «Мароз, Мароз, ідзі з намі куццю есці!» І так 3 разы.

 Пасля вячэры са стала не прыбіралі – лічылася, што ноччу прыходзяць пакаштаваць куццю памерлыя продкі. І раніцай прыглядваліся: ці паменшала кашы ў талерках. А потым рэшткі куцці неслі ў хлеў, аддавалі карове, свінням, курам.

Цяпер пасля вячэры ідуць у храм на святочную службу. У маім дзяцінстве царквы ў нашым сяле не было, ды і бацька быў партыйным, таму заставаліся дома. 

Маладыя дзяўчаты выходзілі сцерагчы вароты, бо ў хлопцаў была завя­дзёнка: калі каму дзяўчына падабаецца, то здымалі яе вароты і адносілі куды падалей.

Яшчэ дзяўчаты ў гэты вечар варажылі. Па-рознаму: прыносілі ў хату абярэмак дроў і лічылі, колькі. Калі цотная колькасць, то ў гэтым го­дзе пойдзе замуж, а калі не, то давя­дзецца пачакаць. Выцягвалі з дрывотні палена: як роўнае, гладкае трапіцца, то муж добры, спакойны будзе, а як сукаватае, то востры, сварлівы. З левай нагі кідалі боты ці чаравік праз плот: у які бок наском пакажа, там і нарачоны жыве.

А яшчэ, як спаць клаліся, ставілі пад ложак кубак з вадой і палачку зверху клалі. Казалі: хто ў тую ноч прысніцца і перавядзе цераз кладку, той і мужам стане. Я пра гэта неяк дачцэ расказала, то і яна паставіла кубак. І ўбачыла ў сне хлопца – высокага, светлавалосага, які ішоў з ёю праз мосцік, што ў Гервятах за касцёлам, каля сённяшняга кафэ. І быццам бы ён аднекуль здалёк. А праз нейкі час пазнаёмілася з будучым мужам: ён у Вільнюсе жыў, а ў Гальчуны да бабы з дзедам прыязджаў. Як кажуць, хочаш вер, хочаш – не.

Раніцай дзеці ішлі каледаваць: песні спявалі, вершыкі расказвалі, віншавалі гаспадароў, а тыя адорвалі іх: хто капейку дасць, хто цукерку ці пірага кавалак – хто што меў.

А ўжо перад Старым Новым годам была багатая куцця, вось тады на стол ставілі 12 страў – пірагі, каўбасы, мяса запечанае, розныя прысмакі. А назаўтра дарослыя, узяўшы збожжа, ішлі «пасяваць» – віншаваць з Новым годам. Заходзілі ў хату, пасыпалі зерне, прыгаворваючы: «Сею, сею, пасяваю, з Новым годам вас вітаю». А гаспадары іх за тое частавалі. І зноў – застолле, песні, жарты.

У Гервятах я многія нашы традыцыі прыстасавала пад мясцовы каларыт. На калядную куццю, як і ўсе, гатую 12 посных страў. Дарэчы, Ражаство мы тут сталі святкаваць двойчы, у студзені і снежні, бо зяць і нявестка – католікі. А пасяваць ходзім толькі да знаёмых ці да радні. 

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: Нина Рыбик